Паквапіўся на чужое

У ліпені мінулага года ў райаддзел паступіла паведамленне ад жыхара Бялынічаў М. аб устанаўленні невядомага, які зняў з яго банкаўскай карткі грошы.

Як высветлілася пазней, напярэдадні вечарам бялынічанін М., добра “прыняўшы на грудзі” і паскандаліўшы дома з жонкай, адправіўся ў магазін за чарговай порцыяй спіртнога. Пасля наведання гандлёвай кропкі ён ужо не памятаў, як страціў партманэт з дакументамі, банкаўскай карткай і пін-кодам да яе. У гэты ж час К. таксама зайшоў у магазін у пошуках “зялёнага змея”. На падлозе ён і знайшоў партманэт М. з усім, што там знаходзілася. Набыўшы жаданае спіртное, выпіў яго ў магазіне, а потым адправіўся да банкамата, дзе зняў з карткі 150 беларускіх рублёў.

Праваахоўнікі хутка знайшлі К. Змякчальнымі абставінамі з’явілася тое, што ён цалкам прызнаў сваю віну, раскаяўся. Да таго ж, К. мае на выхаванні двух малых дзяцей. Раённы суд прызначыў яму пакаранне па арт. 212 ч.2 КК РБ у выглядзе 6 месяцаў папраўчых работ з утрыманнем 10 % заробку ў даход дзяржавы.

    Таццяна КОЗЫРАВА,

            старшы следчы РАСК.

Print Friendly, PDF & Email