З 2 па 7 студзеня праваахоўнікі склалі 13 адміністрацыйных пратаколаў

Па інфармацыі начальніка штаба РАУС Дзмітрыя ІГНАТОВІЧА, з 2 па 7 студзеня праваахоўнікі склалі 13 адміністрацыйных пратаколаў, у тым ліку за знаходжанне ў грамадскіх месцах у стане алкагольнага ап’янення – 5, дробнае хуліганства – 3, сямейны скандал – 4, непадпарадкаванне – 1.

Працягвалі святкаваць. Дзве скаргі ад бялынічан і адна ад жыхаркі аг. Вішоў паступілі на мінулым тыдні ў дзяжурную службу РАУС на шумных суседзяў. Матэрыялы накіраваны на рэагаванне ў БУКП “Жылкамгас” і Вішоўскі сельвыканкам.

Нешчаслівая дата. 5 студзеня на тэрыторыі раёна адбылося пяць ДТЗ. Усе вадзіцелі транспартных сродкаў не справіліся з кіраваннем чатырохколавых “коней”. Прычынай таму стала неспрыяльнае надвор’е. Пацярпелых людзей няма, але аўтамабілям прычынены механічныя пашкоджанні, якія патрабуюць нятаннага рамонту.

Вось табе і брат! Жыхар Бялыніч паскардзіўся праваахоўнікам на брата, які пабіў яго і адабраў мабільны тэлефон. ААПП РАУС праводзіць праверку.

Суседзі разбушаваліся.  Бялынічанка паскардзілася ў міліцыю на суседку, якая выламала ў яе кватэры дзверы і абражала нецэнзурнай лаянкай. А 7 студзеня ў ЦРБ звярнулася жыхарка Галоўчына з закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, сатрасеннем галаўнога мозгу, шматлікімі гематомамі. Урачам жанчына паведаміла, што яе пабіў сусед.

Нежаданыя госці. Жыхарка аг. Вішоў патэлефанавала ў дзяжурную службу РАУС і паскардзілася на нецвярозага мужчыну, які спрабаваў зайсці ў яе дом. А вось ад жыхара Бялыніч таксама нежаданы госць і ўвогуле сыходзіць не збіраўся. Абодва нежаданыя наведвальнікі атрымалі адміністрацыйныя пратаколы.

Ганна КАВАЛЁВА.

Print Friendly, PDF & Email