Клічуць каток і лыжня

Надвор’е спрыяе аматарам зімовых відаў спорту. Выпала шмат снегу, іскрыцца лёд на катках. Лыжы, канькі, санкі – што можа быць лепш для актыўнага баўлення часу на свежым паветры.

Як паведаміў загадчык сектара спорту і турызму райвыканкама Васіль КРАЎЦОЎ, у раёне праведзена значная работа па падрыхтоўцы лядовых пляцовак і лыжных трас. У кожнай школе пракладзена малая лыжня, а ў Вішоўскай СШ – вялікая лыжная траса даўжынёй 2 тыс. м для каньковага ходу. Гэта ўстанова адукацыі спецыялізуецца на занятках лыжамі, якія з дзецьмі праводзіць трэнер абласной дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы прафсаюзаў.

У СШ № 1 імя М. І. Пашкоўскага замест старой хакейнай каробкі ўстаноўлена новая, заліты лёд. У СШ № 2 таксама функцыянуе хакейная каробка з варотамі, на якой усе жадаючыя могуць гуляць у хакей. Заліты лядовыя пляцоўкі і ў іншых школах раёна.

Асаблівай папулярнасцю бялынічан карыстаецца каток каля ФАКу “Друць”. Колькасць аматараў пакатацца тут на каньках з кожным днём павялічваецца. Тыя, хто не мае ўласных канькоў, па даступных цэнах могуць набыць іх у пункце пракату, размешчаным у ФАКу. У наяўнасці маюцца таксама лыжы.

Дарэчы, работнікі ФАКу “Друць” штодня клапоцяцца аб добрым стане лядовага пакрыцця, бо яно пастаянна зразаецца канькамі, ад уздзеяння сонечных прамянёў мякчэе, пасля чысткі ад снегу пласт лёду становіцца тонкім. Каток пастаянна трэба заліваць зноўку, таму частковая аплата бярэцца і за лёд.

Па перыметры парку каля фізкультурна-аздараўленчага комплексу з дапамогай снегаходу “Буран” падрыхтавана лыжная траса для класічнага і каньковага ходу. Яе даўжыня складае 1200 м. Як расказаў Васіль Краўцоў, бялыніцкія аматары пакатацца на лыжах апрабавалі трасу і засталіся задаволеныя.

Варта адзначыць, што фізічная актыўнасць на свежым паветры стымулюе выкід у арганізме эндарфінаў– гармонаў шчасця, якіх людзям так не хапае ў халодную пару. У час такіх заняткаў таксама насычаецца кроў кіслародам і ўмацоўваецца імунітэт.

Андрэй СУПІТАЛЁЎ.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email