Пакараюць спартыўны Алімп

Напярэдадні Новага года юныя лёгкаатлеты Бялыніччыны змаглі прадэманстраваць свае лепшыя якасці на двух спартыўных форумах абласнога і рэспубліканскага маштабаў.

Спачатку ў Мінску прайшоў фінал рэспубліканскага спартыўна-масавага мерапрыемства “300 талентаў для Каралевы”. Удзел у ім прымалі хлопчыкі і дзяўчынкі, шлях якіх у вялікі спорт толькі пачынаецца, – гэта вучні 2-4 класаў агульнаадукацыйных школ. У складзе зборнай Магілёўскай вобласці выступалі і чацвёртакласнікі Дзяніс ШАЛКОЎСКІ (Вішоўская СШ) і Сафія СІПАЙЛА (СШ № 2). Трэнерам каманды з’яўлялася наша зямлячка, Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь Валянціна ЦЫБУЛЬСКАЯ.

Нягледзячы на свой юны ўзрост, маленькія лёгкаатлеты ведаюць, як няпроста дастаюцца спартыўныя перамогі. Для ўдзелу ў фінале мерапрыемства яны прайшлі некалькі адборачных тураў і агульнакамандны збор. Вось і ў Мінску Дзяніс і Сафія прыклалі ўсе сілы, каб годна выступіць і папоўніць камандную капілку каштоўнымі баламі. Хоць асноўнай мэтай гэтага праекта з’яўляецца не вынік – вельмі важна з дзяцінства падтрымліваць у хлопчыкаў і дзяўчынак імкненне займацца спортам, у прыватнасці, лёгкай атлетыкай.

Спаборніцкая праграма ўключала 4 віды: эстафетны бег 8х50 м, бар’ерны спрынт, кіданне мяча на каленях з-за галавы і скачкі на скакалцы (30 скачкоў на час). Зборная каманда Магілёўскай вобласці заняла трэцяе месца – пакуль лепшы вынік за чатыры гады ўдзелу ў гэтым спартыўным свяце.

Валянціна Цыбульская рыхтуе рабят таксама да іншых лёгкаатлетычных спаборніцтваў. Прычым, таленты знаходзяцца не толькі ў Бялынічах.

– У райцэнтры дзейнічаюць розныя гурткі і секцыі, – расказвае Валянціна Цыбульская. – Не сумуюць дзеці і ў Вішове – спартыўная зала школы пастаянна занятая. Напрыклад, я праводзіла з вішоўскімі школьнікамі тройчы на тыдзень вучэбна-трэніровачныя заняткі ад раённай ДЮСШАР.

Валянціна Цыбульская сцвярджае, што ў сельскай мясцовасці хапае спартыўна адораных дзяцей. У Вішове вопыт трохкратнага прызёра чэмпіянатаў свету ў спартыўнай хадзьбе і ўдзельніцы трох Алімпіяд пераймалі Аляксандр ЕВЯНКОЎ і Анастасія РАЯЎНЁВА. На абласных спаборніцтвах яны заўсёды ў прызёрах. Аляксандр цяпер рыхтуецца да паступлення ў Магілёўскае спартыўнае вучылішча алімпійскага рэзерву па спецыяльнасці “лёгкая атлетыка і спартыўная хадзьба”. Для таго, каб падвесці сваіх выхаванцаў да апошніх стартаў у найлепшай форме, Валянціна Іванаўна на ўласным транспарце вазіла іх трэніравацца ў Магілёў у спарткомплекс “Алімпіец”.

І рабяты зноў пацвердзілі свой узровень. 20 снежня прайшла спартакіяда ДЮСШ і СДЮШАР Магілёўскай вобласці па лёгкай атлетыцы сярод юнакоў і дзяўчат 2004-2005 г. н. Аляксандр Евянкоў і Анастасія Раяўнёва сталі пераможцамі ў спартыўнай хадзьбе на 2 і 3 км. Прычым, Аляксандр выступіў у абедзвюх дыстанцыях з асабістым рэкордам. Падтрымалі іх пераможны парыў і іншыя партнёры па камандзе, якіх падрыхтавалі трэнеры Ірына ПРЫХОДЗЬКА і Віктар ПАДОЛЬСКІ. Ірына МІХАЛЬЧУК стала першай у скачках у вышыню і трэцяй – у трайным скачку. Мікіта ІГНАТОВІЧ і Данііл АРЛЁНАК занялі другія месцы ў скачках у даўжыню і трайным скачку, адпаведна.

У выніку, каманда Бялыніцкай СДЮШАР заняла заслужанае першае агульнакаманднае месца ў сваёй катэгорыі сярод 12 сапернікаў.

Андрэй СУПІТАЛЁЎ.

Фота аўтара і прадастаўлены

Валянцінай Цыбульскай

і Наталляй Ціханавай.

Print Friendly, PDF & Email