Іх праца – ад бяды засцерагаць

Жыццё чалавека – самы каштоўны дар, дадзены нам звыш, і ўсімі сіламі мы стараемся яго зберагчы. Ёсць і прафесіі, якія закліканы захоўваць яго. У першую чаргу, ратавальнікі. Часам яны рызыкуюць сваім жыццём, каб выратаваць чалавека, які патрапіў у бяду. Гераічная прафесія работніка органаў і падраздзяленняў МНС патрабуе ад кожнага супрацоўніка мужнасці і стойкасці, адвагі і знаходлівасці, гатоўнасці ў любую хвіліну прыйсці на дапамогу тым, хто мае ў гэтым патрэбу.

“Дзяжурная служба МНС… Чым вам дапамагчы?” З гэтай фразы пачынаецца чарговая гісторыя ратавання. Каля тэлефона – зменны дыспетчар цэнтра аператыўнага ўпраўлення Дзмітрый МАКАРАНКА. Кожны званок прымушае яго сэрца біцца часцей. Бо, падымаючы ў чарговы раз трубку, ён яшчэ не ведае, што пачуе на другім канцы провада. Пры гэтым разумее: камусьці патрэбна дапамога і дзейнічаць трэба аператыўна і неадкладна.

Дзмітрый Макаранка – першы, хто даведваецца пра здарэнне, і павінен хутка перадаць дакладную інфармацыю аб надзвычайнай сітуацыі дзяжурнай змене. Але гэта далёка не ўсе яго функцыі. Акрамя гэтага, яму трэба супакоіць суразмоўцу, паспрабаваць вывесці яго са стану шоку і прадыктаваць далейшыя дзеянні да прыбыцця ратавальнікаў.

Дзмітрыя Яўгенавіча лёс прывёў у МНС адразу пасля тэрміновай вайсковай службы і, напэўна, невыпадкова: служыць ён ужо амаль чвэрць стагоддзя. За гэты час паспеў паспрабаваць сябе на пасадах ратавальніка-пажарнага, камандзіра аддзялення былога ПАВП № 12 аг. Вішоў. Цяперашнюю займае з 2003 года.

– Раней мне прыходзілася працаваць непасрэдна ў ачагах пажару. Але цяперашняя праца таксама мае свае асаблівасці і напружанасць, – адзначае дыспетчар. – Больш стамляешся маральна, чым фізічна, таму што ўсе 24 гадзіны ў суткі трэба быць гатовым прыняць званок у любы час дня і ночы.

Паколькі сам удзельнічаў у ліквідацыі надзвычайных сітуацый, Дзмітрый Макаранка ведае, што кожная секунда ў ратавальнікаў на ўліку. Таму стараецца перадаць інфармацыю як мага хутчэй, каб яны ў самы кароткі час прыбылі на месца здарэння.

– Бачыў вочы пацярпелых, якія глядзелі на мяне з надзеяй на дапамогу і ратаванне іх сваякоў, маёмасці, – успамінае Дзмітрый Яўгенавіч. – У такія моманты стараўся адключаць пачуцці суперажывання гэтым людзям, каб сканцэнтравацца на сваіх дзеяннях. Памятаю, як тушылі пажар у гаражы ў Ермалавічах. Гарэў бензабак, і мы разумелі, што ён вось-вось выбухне, але ішлі і рабілі сваю працу. Такіх сітуацый многа…

Пасля прыняцця выкліку галоўны “ўдар” прымае на сябе начальнік каравула. Адным з іх працуе Уладзімір СОБАЛЬ. Яму трэба ведаць усе падрабязнасці здарэння, каб хутка размеркаваць абавязкі пажарных.

– Кірую дзеяннямі ўсіх работнікаў змены, – расказвае пра сваю працу Уладзімір Аляксандравіч. – Трэба даступна растлумачыць кожнаму з іх, што і як рабіць. Галоўная наша задача – не толькі ліквідаваць надзвычайную сітуацыю, але і вярнуцца ў часць у поўным саставе. За пятнаццаць гадоў службы выклікаў ужо не злічыць, але ўсе яны складаныя для ратавальніка, нягледзячы на іх маштаб.

Камандзір аддзялення Дзмітрый ГУМАР – другая адказная асоба ў змене.

– Першы час не ведаў усіх тонкасцяў работы, не было вопыту, таму прысутнічаў страх, – успамінае Дзмітрый Мікалаевіч. – Першы баявы выезд да гэтага часу застаўся ў памяці. Калі ўбачыў перад сабой полымя, зразумеў, што трэба дзейнічаць. Рукі дрыжэлі, але страх удалося перамагчы.

Мае поспех малады супрацоўнік і ў спорце. Годна прадстаўляе раённы аддзел на абласных спаборніцтвах па розных відах. Але прызнаецца, што бліжэй за ўсе яму рукапашны бой і гіравы спорт. Толькі за апошнія два гады ў скарбонцы ратавальніка-спартсмена чатыры дыпломы за прызавыя месцы.

Сёння ён ніколькі не шкадуе, што сем гадоў таму вырашыў паспрабаваць сябе ў гэтай прафесіі.

Падтрымлівае Дзмітрыя Мікалаевіча і яго сям’я.

– Разумею, што яны хвалююцца за мяне, калі іду на службу, але выгляду стараюцца не падаваць, – расказвае ратавальнік. – Толькі ціха кажуць: “Беражы сябе!”. Я і берагу, таму што ведаю: дома з нецярпеннем чакаюць майго вяртання.

Хуткае прыбыццё ратавальнікаў на месца здарэння забяспечвае ў адной з дзяжурных змен вадзіцель Аляксандр МІНКЕВІЧ. – Мае дзеянні, як і ратавальнікаў, павінны быць дакладнымі, хуткімі і абдуманымі, – адзначае Аляксандр Аляксандравіч.

Ратавальнік – не жаночая прафесія. Таму сустрэць у аддзелах па надзвычайных сітуацыях прадстаўніцу жаночага полу даволі складана. Але наш райаддзел у гэтым плане не абдзелены, там працуюць дзве супрацоўніцы. Адна з іх – старшы інспектар групы справаводства Галіна ЖАРЫНАВА.

– Мая штодзённая праца звязана з работнікамі ўсіх служб аддзела. За васямнаццаць гадоў у мяне склаліся з імі добрыя адносіны, – распавядае Галіна Уладзіміраўна. – З упэўненасцю магу сказаць: задаволена і ганаруся тым, што працую з людзьмі мужнай і гуманнай прафесіі.

Галіна Жарынава з цеплынёй і павагай расказвае пра сваіх калег.

– Яны таксама ставяцца да мяне з разуменнем як да работніка, і з павагай як да жанчыны, – адзначае яна. – У святочныя дні, такія, як 8 сакавіка, Дзень маці, заўсёды шчыра віншуюць. Гэта вельмі кранальна і прыемна.

Начальнік ПАВП № 14 аг. Цяхцін Дзмітрый БАРАНАЎ больш за дваццаць гадоў адказна нясе сваю службу. З першага дня службы яго прызначылі на гэту пасаду, і па сёння ён прафесійна выконвае сваю працу.

У штаце паста, акрамя начальніка, налічваецца сем супрацоўнікаў. Як распавёў Дзмітрый Васільевіч, за час яго службы штат абнавіўся практычна цалкам.

– Калектыў у нас зладжаны, – адзначае начальнік ПАВП № 14. – Тут усе адзін за аднаго.

Іх пост абслугоўвае тэрыторыі Цяхцінскага і Запольскага сельсаветаў. Калі трэба, выязджаюць на дапамогу і ў іншыя населеныя пункты як нашага раёна, так і суседніх.

– Сёння створаны ўсе ўмовы для камфортнай працы, – расказвае Дзмітрый Баранаў. – Калі параўнаць з тым, што было 20 гадоў таму – вялікая розніца. Зараз добрая матэрыяльна-тэхнічная база, дзесяць гадоў таму пабудаваны новы будынак паста. Застаецца толькі добрасумленна выконваць свае службовыя абавязкі, што мы і робім з дня ў дзень.

Дзякуючы такому падыходу да сваёй справы летась у раёне ўдалося скараціць колькасць пажараў і пазбегнуць гібелі людзей на іх. У мінулым годзе іх адбылося 18, што на два менш чым за папярэдні.

– Гэта найлепшы вынік за ўсю дваццацігадовую гісторыю існавання райаддзела па надзвычайных сітуацыях, – адзначае яго начальнік Віталь  ВОРАНАЎ. – Год быў няпростым і напружаным, але мы здолелі дабіцца такіх лічбаў. Не сакрэт, што дасягнуць выніку бывае прасцей, чым утрымаць яго. Таму галоўная задача на 2019 год – пацвердзіць леташнія паказчыкі. Каб гэтага дабіцца, пажадаю кожнаму супрацоўніку аддзела цярпення, вытрымкі, прыняцця разумных рашэнняў, здароўя і дабрабыту ім і іх сем’ям. Паменш баявых выездаў і, па традыцыі, сухіх рукавоў.

Марыя ШУТ.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email