Карысныя кантакты для супрацоўніцтва

У рамках афіцыйнага візіту ў Беларусь учора дэлегацыя Новасібірскай вобласці наведала Магілёўскую вобласць.

Наша краіна з’яўляецца адным з найбуйнейшых партнёраў гэтага рэгіёну Расіі. Адной з галоўных мэт наведання дэлегацыі на чале з губернатарам Андрэем ТРАЎНІКАВЫМ Беларусі стала правядзенне пасяджэння ІV Савета дзелавога супрацоўніцтва паміж Новасібірскай вобласцю і Беларуссю, падчас якога былі падведзены вынікі супрацоўніцтва паміж рэгіёнамі за 2016-2018 гады, сфарміравана праграма развіцця такога супрацоўніцтва на бліжэйшы перыяд. У ходзе візіту таксама падпісаны шэраг кантрактаў, пратаколаў намераў, дагавораў аб двухбаковым супрацоўніцтве.

Знаходзячыся на Магілёўшчыне, афіцыйная дэлегацыя Новасібірскай вобласці, у складзе якой прадстаўнікі органаў улады, Сібірскага аддзялення РАН, кіраўнікі вядучых ВНУ і прадпрыемстваў, дзелавых колаў, устаноў культуры і грамадскіх арганізацый, сустрэлася са старшынёй аблвыканкама Уладзімірам ДАМАНЕЎСКІМ, было падпісана пагадненне паміж Горацкім райвыканкамам і адміністрацыяй рабочага пасёлка Кальцова аб устанаўленні пабрацімскіх сувязяў, наведала ААТ “Магілёўліфтмаш” і “Бабуліна крынка”, дзе азнаёмілася з працай гэтых прадпрыемстваў і правяла перагаворы, а таксама пабывала ў абласных дзіцячай бальніцы і краязнаўчым музеі, папрысутнічала на юбілейнай канцэртнай праграме Дзяржаўнага акадэмічнага Сібірскага рускага народнага хору, які праходзіў у Палацы культуры вобласці.

Міхась КАРПЕЧАНКА.

Print Friendly, PDF & Email