Свята ўтаймавальнікаў агню

Святочнае мерапрыемства, прысвечанае Дню ратавальніка Беларусі, днямі адбылося ў РЦК.

– Упершыню гэта свята было адзначана ў нашай краіне 19 студзеня 1999 года. Гэты дзень вельмі сімвалічны, паколькі супаў з Вадохрышчам, а кожны ратавальнік праходзіць праз своеасаблівае хры-шчэнне вадой, каб утаймаваць агонь, – адзначыў начальнік РАНС Віталь ВОРАНАЎ.

Са шчырымі словамі віншавання ён звярнуўся і да ветэранаў працы.

– Вы стаялі ля вытокаў стварэння службы МНС у нашым раёне, мы прыйшлі пасля, але асноўную нагрузку вынеслі на сваіх плячах вы, – падкрэсліў начальнік РАНС. – Сёння вы па-ранейшаму праяўляеце актыўную жыццёвую пазіцыю, заўсёды гатовы падзяліцца вопытам з маладым пакаленнем.

Падзячныя лісты і памятныя медалі “100 гадоў савецкай пажарнай ахове” Віталь Воранаў уручыў начальнікам райаддзела следчага камітэта і міжраённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Дзмітрыю НАЛІВАЙКУ і Дзянісу ВІННІКАВУ.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Андрэй ГАНЧУК пажадаў ратавальнікам і іх сем’ям дабра, міру і спакою. Бо, калі дома ўсё добра, тады і служба ладзіцца.

Падчас правядзення мерапрыемства медаль “За бездакорную службу ІІІ ступені” ўручаны камандзіру аддзялення ПАСП № 13 аг. Галоўчын Уладзіміру КАЛІСТРАТАВУ. Ганаровымі граматамі, граматамі, па-дзячнымі лістамі, грашовымі прэміямі абласнога ўпраўлення МНС, райвыканкама, раённага Савета дэпутатаў, райаддзела па надзвычайных сітуацыях адзначаны лепшыя работнікі РАНС.

Святочны настрой падчас канцэрта падарылі ратавальнікам салісты і музычныя калектывы РЦК.

Дарэчы, на пярэдадні прафесійнага свята за паспяховае i добрасумленнае выкананне службовых абавязкаў, дасягненне высокіх вынікаў у службе Віталю Воранаву аб’яўлена Падзяка прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Сяргея РУМАСА.

Марыя ШУТ.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email