У прэс-цэнтры рэдакцыі газеты “Зара над Друццю” прайшла цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў творчага конкурсу “Малая радзіма”

На мінулым тыдні ў прэс-цэнтры рэдакцыі газеты “Зара над Друццю” прайшла цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў творчага конкурсу “Малая радзіма”, аб’яўленага раёнкай у красавіку мінулага года. 

Нагадаем, што ўдзел у конкурсе прынялі аўтары 17 вершаў і 14 фотасюжэтаў, прысвечаных малой радзіме, – школьнікі, настаўнікі, работнікі ўстаноў і арганізацый, пенсіянеры. Рэдакцыйнаму журы было вельмі складана выбраць лепшыя творы. Дарэчы, усе яны рэгулярна, па меры паступлення, на працягу мінулага года змяшчаліся на старонках “Зары над Друццю”. Тым не менш, журы ў складзе намесніка рэдактара Андрэя СУПІТАЛЁВА, адказнага сакратара Святланы МАГІЛЕЎЧЫК, карэспандэнта Марыі ШУТ з гэтай задачай справіліся.

Такім чынам, першае, другое і трэцяе месцы ў намінацыі “Верш” занялі конкурсныя творы, адпаведна, Генадзя ЛАПО, Ірыны ТРАЦЦЯКОВАЙ, Мікалая САЎКІНА. У намінацыі “Фота” пераможцамі сталі Караліна РАМАНАВА, Аляксандр ЗЕЛЯНЕЎСКІ, Эльвіра НАКЦАВА.

Аўтары лепшых вершаў і фотаздымкаў узнагароджаны дыпломамі адпаведных ступеняў установы “Рэдакцыя раённай газеты “Зара над Друццю” і каштоўнымі падарункамі, якія выдзеліла індывідуальны прадпрымальнік Анжэла МЯЦЕЛІЦА.

Усім чытачам газеты нагадваем, што конкурс “Малая радзіма” працягваецца і ў 2019 годзе. Намінацыі яго наступныя: “Верш”, “Проза”, “Фотаздымак”. У гэтых творах выразнымі сродкамі выяўлення павінна раскрывацца тэма малой радзімы, Бацькаўшчыны, роднага кута.

Удзельнікі конкурсу могуць спаборнічаць у трох намінацыях, але ў кожнай прадстаўляць толькі па адным творы.

Чакаем вашы вершы, празаічныя тэксты, фотасюжэты, якія да 1 снежня 2019 года неабходна дасылаць з невялічкім аповедам пра сябе на адрас: 213051, вул. Савецкая, 27, г. Бялынічы альбо на электронную пошту газеты – drut@tut.by.

Міхась КАРПЕЧАНКА.

Фота Андрэя СУПІТАЛЁВА.

Print Friendly, PDF & Email