Лыжнае свята сабрала ўдзельнікаў багата

 

Днямі ў аграгарадку Вішоў прайшло адкрытае першынства Магілёўскай абласной СДЮШАР прафсаюзаў “Спартак” па лыжных гонках.

Скараць лыжню сабраліся юныя таленты з філіялаў СДЮШАР і спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў Магілёва, Бялыніцкага, Магілёўскага і Круглянскага раёнаў. Арганізавалі лыжныя гонкі трэнеры Вішоўскай СШ Леанід ДУДКІН, Аляксандр ДУДАРАЎ і Мікалай Буянаў.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў спаборніцтваў звярнуліся галоўны суддзя намеснік дырэктара абласной СДЮШАР прафсаюзаў “Спартак” Васіль ГАЎРУКОВІЧ і дырэктар Вішоўскай СШ Кацярына ЗАЙЦАВА. Васіль Юр’евіч настроіў усіх спартсменаў на ўпартую барацьбу і адзначыў, што першынства прысвечана Сусветнаму дню снегу, а Кацярына Міхайлаўна расказала аб вішоўскіх рабятах – выхаванцах Магілёўскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву, якімі па праву ганарацца ў роднай школе.

У адкрытым першынстве прынялі ўдзел юнакі і дзяўчаты 2007 г. н. і маладзей. Каманда Вішоўскага філіяла абласной СДЮШАР прафсаюзаў была прадстаўлена вучнямі Вішоўскай і Галоўчынскай школ.

Вішаўчанка Ганна АНДРЭЕВА заваявала трэцяе месца. Добрыя вынікі ў сваёй узроставай катэгорыі прадэманстравалі Мікіта ІГНАТОВІЧ, Ягор ТАРАСЕНКА, Ганна ДЗЯМІДАВА, Іван ХАДКЕВІЧ, Яна ІВАНОВА, Аляксандра СОКАЛАВА (усе – Вішоўская СШ), а таксама вучні Галоўчынскай СШ Канстанцін КАСПЯРОВІЧ і Крысціна КЛЫГУНОВА.

Лепшыя юныя лыжнікі былі ўзнагароджаны граматамі і медалямі. Выдатным падарункам для ўсіх удзельнікаў спартыўнага свята стаў Калядны канцэрт у выкананні вучняў Вішоўскай школы.

             Марына ПЛЕХАВА,

             намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце

         Вішоўскай СШ.

Print Friendly, PDF & Email