Жыхар адной з вёсак Бялыніцкага раёна атрымаў пакаранне па арт. 186 КК РБ у выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 1 год.

Інцыдэнт адбыўся 29 ліпеня мінулага года, калі М. “пад мухай” вярнуўся дадому з працы і не знайшоў дома сужыцельку І. У хаце ў той час знаходзіліся толькі суседзі, якія прыйшлі да І. у госці, каб пабыць з ёй, бо яна баялася знаходзіцца адна. Напярэдадні з сужыцелем яны моцна паскандалілі. Суседзі сталі М. вучыць жыццю. Калі той даведаўся, што І. знаходзіцца на двары, схапіў нож і стаў пагражаць сужыцельцы забойствам. Жанчына зачынілася ў хлеве і пачала клікаць на дапамогу. Суседзі адабралі нож у М., павалілі яго на зямлю і звязалі. А яго сужыцелька патэлефанавала ў міліцыю.

Сваю віну М. цалкам прызнаў. Кляўся, што зусім не збіраўся забіваць жанчыну, а толькі хацеў напалохаць. Але суду было вядома, што ён на момант скандалу знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення і меў непагашаную судзімасць. Таму і пакаранне М. было вынесена па ўсёй строгасці закона.

  Таццяна КОЗЫРАВА,

         старшы следчы РАСК.

Print Friendly, PDF & Email