З сялянскай загартоўкай

Пазітыўны настрой і аптымізм дапамагаюць справіцца з любымі цяжкасцямі. Так лічыць жывёлавод СВК “Калгас “Радзіма” Леанід КАДОЎБІН, і ён мае рацыю. Прарабіўшы ўсё жыццё ў сельскай гаспадарцы, не ўяўляе, што яго лёс мог скласціся іначай.

– Вельмі люблю сваю радзіму, вясковы лад жыцця… Таму і застаўся працаваць  у калгасе, – апярэджвае пытанне журналіста Леанід Мікалаевіч.

Думак абаснавацца ў горадзе ў яго ўвогуле не было. У вёсцы ж усё сваё, роднае! Пасля таго, як адслужыў абавязковы тэрмін у арміі, ад калгаса яго накіравалі на вучобу ў Клічаўскі сельгастэхнікум, дзе атрымаў прафесію тэхніка-арганізатара. Але праца ў “начальніках” не асабліва прываблівала: дзесьці патрэбна было і на сваім настаяць, і голас павысіць…

– Не з маім гэта характарам, – усміхаецца Леанід Кадоўбін. – Таму ў хуткім часе перайшоў на жывёлагадоўчы комплекс “Усход”, займаўся вытворчасцю кармавых канцэнтратаў і вітамінных дабавак.

Жонка яго, Вера Фёдараўна на той час працавала ў дзіцячым садзіку ў Вішове. Неяк галоўны заатэхнік СВК “Калгас “Радзіма” Валянціна ЛАПАЦЕНТАВА прапанавала ёй парабіць даяркай на Гняздзінскай малочна-таварнай ферме. Жанчына пагадзілася. Ёй даручылі адказную і даволі нялёгкую справу – раздойванне першацёлак. Туды ж у хуткім часе перайшоў і Леанід Мікалаевіч, стаў развозіць кармы, даглядаць жывёлу. Сямейны тандэм адказна паставіўся да сваёй працы. Дадаць яшчэ сялянскую загартоўку, стараннасць, любоў да свайго занятку, і прафесійныя поспехі не прымусілі доўга чакаць. Вера Кадоўбіна неаднаразова станавілася лепшай даяркай у раёне і за дасягненне высокіх паказчыкаў была ўзнагароджана Ганаровай граматай аблвыканкама.

Праўленне сельгаспрадпрыемства выдзеліла іх сям’і адзін з самых прыгожых катэджаў у аграгарадку Вішоў.

Некалькі гадоў таму здарылася непапраўнае: жонка цяжка захварэла і памерла. Але Леанід Мікалаевіч не застаўся сам-насам са сваімі цяжкасцямі. Дапамогу і падтрымку адчуваў ад усіх родных, сяброў, калег. І зараз, хоць ужо восем гадоў жыве адзін, не губляе аптымізму.

– Сіл набіраюся ад роднай зямлі, ад прыроды. Вельмі люблю агароднічаць, і калі толькі ёсць вольная хвілінка, цалкам аддаюся свайму захапленню, – адзначае Леанід Мікалаевіч. – Дзеці жывуць і працуюць у Магілёве, але і яны ахвотна далучаюцца да майго хобі: прыязджаюць, дапамагаюць.

І з калектывам Гняздзінскай МТФ Леанід Кадоўбін падтрымлівае цудоўныя адносіны. А ўсё ад таго, што разам адпрацавалі шмат гадоў, кожны выдатна ведае і выконвае свой участак работы. Ёсць у іх калектыве таксама і месца святу. Сёлета, напрыклад, гняздзінскія жывёлаводы атрымалі перамогу ў традыцыйным конкурсе СВК “Калгас “Радзіма” на лепшае аздабленне працоўнага месца. А прыгажосць, створаная сваімі рукамі, заўсёды ўзнімае настрой і разбаўляе будзённасць пазітывам. Руплівец Леанід Кадоўбін у гэтым абсалютна ўпэўнены.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара.

 

Print Friendly, PDF & Email