З увагай да пацыентаў і з любоўю да малой радзімы

Святлана СІДАРЭНКА са жніўня мінулага года працуе ўрачом агульнай практыкі Галоўчынскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі. Аб выбары прафесіі і жаданні вярнуцца працаваць на малую радзіму ў яе запыталася карэспандэнт райгазеты.

Святлана вучылася ў Гомельскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце. Па размеркаванні трапіла на працу ў Галоўчынскую амбулаторыю. Выбар прафесіі, дарэчы, даўся ёй не так лёгка.

– Не ведала, кім лепей стаць – педагогам або ўрачом. Але, параіўшыся з роднымі, схілілася да другога варыянта, – распавяла Святлана Сідарэнка. – Зараз лічу, што ўсё зрабіла правільна, бо гэта прызванне, ад якога атрымліваеш задавальненне, калі бачыш рэальны вынік сваёй дапамогі людзям.

Калектыў амбулаторыі, у якой, дарэчы, дзяўчына яшчэ працуе і загадчыкам, прыняў новага работніка вельмі цёпла і сардэчна, калегі дапамагаюць парадамі і з радасцю дзеляцца назапашаным вопытам.

– Праходзіла інтэрнатуру ў Магілёўскай абласной бальніцы, і з упэўненасцю магу сказаць, што тэарэтычных ведаў ва ўніверсітэце нам далі дастаткова, – адзначае маладая ўрач. – Але практыка – справа іншая… Першым часам без парад калег не абыходзілася. А зараз лічу, што гэта галоўнае ў маёй прафесіі – чым больш вопыту, які можна выкарыстоўваць у лячэнні, тым большая верагоднасць хутчэйшага выздараўлення маіх пацыентаў. Таму часам пасля працы, калі прыходжу дамоў, прыходзіцца штудзіраваць медыцынскую літаратуру – нюансаў у захворваннях і іх лячэнні шмат.

Святлана родам з Вішова. Там яна нарадзілася і правяла ўсё дзяцінства. А зараз жыве ў аграгарадку разам з мужам. Знайшлі ў гэтым залатую сярэдзіну: ім зручна дабірацца на працу і ў Галоўчын, і ў Магілёў.

Адным з незвычайных і прыемных успамінаў з дзіцячых гадоў для Святланы з’яўляецца рабочы візіт Прэзідэнта Беларусі ў СВК “Калгас “Радзіма”. Тады, у 2004 годзе, яна ўручыла кветкі кіраўніку краіны.

– Калі Аляксандр Рыгоравіч прыязджаў у сельгаставарыства зноў у ліпені 2018 года, я таксама была на ўрачыстым мерапрыемстве ў аграгарадку, – успамінае Святлана. – Было вельмі прыемна, калі ён даведаўся, што дзяўчынка, якая ўручала яму кветкі амаль паўтара дзясятка гадоў таму, вырасла і стала ўрачом амбулаторыі. Гэта неперадавальныя, незабыўныя эмоцыі.

Вызначаецца Святлана Сідарэнка і сваімі музычнымі здольнасцямі, якія яшчэ ў малодшым узросце заўважыла кіраўнік “Вабічаскіх узораў” Надзея ГЕРЧУК. У Вішове Святлана скончыла музычную школу па класе баяна. Але больш за ўсё ёй падабаецца спяваць. Часта прыходзілася выступаць як на мерапрыемствах у роднай школе і аграгарадку, так і на ўніверсітэцкай сцэне. А падчас знаходжання ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня” заваявала Гран-пры ў музычным конкурсе – пераможную статуэтку захоўвае з асаблівай цеплынёй і пяшчотай.

– На жаль, зараз не заўсёды хапае часу на спевы, патрабуецца пастаянная практыка, каб галасавыя звязкі знаходзіліся ў тонусе, – кажа Святлана. – Але ўсё ж такі магу сказаць, што сцэна – месца асаблівае, выступаць перад слухачамі мне заўсёды падабаецца, нягледзячы на хваляванне, якое так ці інакш прысутнічае ў творчых людзей.

Цяпер з людзьмі дзеліцца, у асноўным, не творчымі нумарамі, а добрым словам і ўрачэбнай парадай. Падчас, як распавядае Святлана, хворым патрабуецца не столькі медыцынскае абслугоўванне, колькі маральная падтрымка.

– У бацькоў я адна, таму ўся ўвага заўсёды даставалася мне, – кажа дзяўчына. – Яны навучылі мяне ўважліва і з павагай адносіцца да людзей, а зараз гэта вельмі важна для маёй прафесіі.

На працы Святлана Сідарэнка задаволена не толькі ўмовамі. Яшчэ падчас вучобы ва ўніверсітэце яна хацела вярнуцца працаваць на малую радзіму.

– Мне здаецца, што для маладога спецыяліста важна атрымаць першы працоўны вопыт менавіта на радзіме, бо, як кажуць, дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся. Нягледзячы на тое, што ніколі не ведаеш, як павернецца жыццё, вельмі рада, што першыя пяць гадоў буду дапамагаць сваім землякам, уносіць уклад у развіццё роднага раёна. Тое ж хачу параіць і сваім будучым калегам, якія толькі збіраюцца паступаць ва ўстановы вышэйшай адукацыі ці заканчваюць іх, – падвяла вынік нашай размовы Святлана.

Алена БЫКАВА.

Фота аўтара і з БелТА.

 

Print Friendly, PDF & Email