Сабралі калекцыю ўзнагарод

Студзень выдаўся для бялыніцкіх дзюдаістаў насычаным на падзеі – яны добра праявілі сябе на чатырох турнірах.

Чараду спаборніцтваў адкрыла першынства Магілёўскай вобласці па дзюдо сярод юнакоў і дзяўчат 2002-2004 г. н. Пазмагацца за высокія асабістыя і камандныя месцы ў спартыўную залу Беларуска-Расійскага ўніверсітэта з’ехалася больш за 120 спартсменаў з усёй Магілёўшчыны. Бялынічане Дзяніс САПУНОЎ перамог у вагавай катэгорыі да 90 кг, Антон АНТОНАЎ (да 66 кг) заняў 3 месца, Ілья ЦАПІК (да 60 кг) стаў сёмым.

Добра выступілі нашы землякі і на першынстве вобласці сярод юніораў 1999-2003 г. н. Сярэбраныя ўзнагароды на ім заваявалі Дзяніс Сапуноў і Уладзіслаў КАЗАНЖЫУ (да 60 кг), бронзавымі прызёрамі сталі Антон Антонаў і Кірыл СТАРАВОЙТАЎ (да 73 кг).

Варта адзначыць, што на абодвух турнірах бялынічане занялі агульнакаманднае трэцяе месца. Гэта з’яўляецца вельмі добрым вынікам, бо наперад яны прапусцілі толькі каманды спецыялізаваных спартыўных устаноў – Магілёўскага і Бабруйскага вучылішчаў алімпійскага рэзерву.

На чэмпіянаце Магілёўскай вобласці сярод мужчын лепшым у вагавай катэгорыі да 73 кг стаў трэнер-выкладчык Мішэль БАНГУРА. У фінальнай схватцы ён узяў верх над сваім выхаванцам Кірылам Старавойтавым, які стаў другім. Серабро заваяваў таксама і Уладзіслаў Казанжыу.

Шчыльны спаборніцкі графік завяршыўся ў Мінску Кубкам С. А. Гуманава першынствам Рэспублікі Беларусь сярод юнакоў і дзяўчат 2002-2004 г. н. У складзе зборнай Магілёўскай вобласці ў гэтым турніры прынялі ўдзел Дзяніс Сапуноў і Антон Антонаў.

Усе хлопцы, якія ўдзельнічалі ў спаборніцтвах, уваходзяць у вучэбна-трэніровачную групу трэцяга года і дэманструюць стабільныя вынікі. Цяпер пад кіраўніцтвам трэнераў Аляксандра АНТОНАВА, Мішэля Бангуры і Віталя КАРАЛЁНКА дзюдаісты рыхтуюцца да першынства Беларусі сярод хлопцаў і дзяўчат 1999 2003 г. н. і чэмпіянату краіны, якія пройдуць у Магілёве.

         Андрэй СУПІТАЛЁЎ.

         Фота Аляксандра АНТОНАВА.

Print Friendly, PDF & Email