У цэнтральнай раённай бальніцы адкрылася школа здароўя для хворых на цукровы дыябет

У цэнтральнай раённай бальніцы адкрылася школа здароўя для хворых на цукровы дыябет.

Падчас яе адкрыцця галоўны ўрач ЦРБ Павел МАНЬКО адзначыў, што гэта падзея стала магчымай дзякуючы спонсарскай дапамозе СВК “Калгас “Радзіма”. За выдзеленыя грашовыя сродкі было капітальна адрамантавана памяшканне, у якім размясціліся абноўлены кабінет эндакрынолага і Школа здароўя “Цукровы дыябет”.

– Радуе, што такая дапамога сельгаспрадпрыемства стала добрай традыцыяй, – адзначыў галоўны ўрач. – Кіраўніцтва СВК “Калгас “Радзіма” прыйшло на дапамогу, калі ў 2016 годзе ўзнікла пытанне аб працягу работы ФАПа ў Навасёлках Вішоўскага сельсавета, а ў мінулым годзе быў зроблены бягучы рамонт Нежкаўскай амбулаторыі.

Разам з Паўлам Манько чырвоную стужку ў час адкрыцця Школы здароўя перарэзаў галоўны эндакрынолаг Магілёўскай вобласці Уладзімір СЕЛІВАНАЎ. Ён заўважыў, што з часу яго прыходу ў эндакрыналогію колькасць хворых на дыябет значна павялічылася. Калі ў пачатку 1980-х гадоў у Магілёўскай вобласці налічвалася не болей за 3,5 тыс. дыябетыкаў, то цяпер гэта лічба складае 40 тыс., з якіх 233 – дзеці. Таму неабходна выкарыстоўваць самыя разнастайныя метады для прафілактыкі і лячэння гэтага захворвання.

Урач-эндакрынолаг ЦРБ Васіліна МАНЬКО зрабіла прэзентацыю для прысутных медработнікаў і пацыентаў. Яна распавяла, што ў раёне знаходзяцца на ўліку 734 чалавекі, якія пакутуюць ад цукровага дыябету. Іх лячэнне павінна быць пастаянным, і яно не заключаецца толькі ў прыёме лекавых прэпаратаў. Вельмі важна навучыць пацыента правільна ставіцца да свайго здароўя. Навучанне ў школе дыябету ўключае ў сябе заняткі, прысвечаныя пытанням правільнага харчавання, інсулінатэрапіі, самакантролю, фізічных нагрузак, ускладненняў. Таксама важна навучыць дыябетыкаў не замыкацца ў сабе, мець стасункі з іншымі хворымі, старацца атрымаць максімум інфармацыі і зразумець, што дыябет – гэта не прысуд, а лад жыцця. І жыццё можа быць доўгім і шчаслівым. На сённяшні дзень пацверджана эфектыўнасць навучання пацыентаў у школах дыябету. Яны прызнаны такім жа важным элементам лячэння, як і прыём лекавых прэпаратаў.

Школа здароўя “Цукровы дыябет” прызначана як для ўпершыню выяўленых хворых, так і для тых, хто жадае павысіць узровень сваіх ведаў. У прасторным кабінеце могуць размясціцца 10 чалавек. Навучальны курс складаецца з 4 заняткаў, якія праводзяцца па серадах у 17.00 на другім паверсе паліклінікі ў кабінеце № 72. Пасля заканчэння школы дыябету кожны пацыент атрымае ў падарунак глюкометр.

Андрэй СУПІТАЛЁЎ.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email