Ёсць патэнцыял для далейшага развіцця

Завяршаецца першы месяц новага года. Як і іншыя арганізацыі, сельгаспрадпрыемствы раёна падводзяць вынікі, параўноўваюць іх з папярэднімі, робяць высновы.

У другім паўгоддзі 2018 года развіццю сельскай гаспадаркі надавалася асаблівая ўвага. Адным з важных пунктаў стала будаўніцтва прафілакторыяў для цялят, якія да канца мінулага года з’явіліся ва ўсіх гаспадарках.

Што змянілася, з якімі вынікамі перагортваецца першая старонка сёлетняга года на МТК в. Адверніца ААТ “Аграсэрвіс”? Аб гэтым журналісту райгазеты расказала яго загадчык Рыма БЕЛАЯ.

Кіруе комплексам Рыма Валер’еўна толькі два месяцы, але нават за такі невялікі адрэзак часу змагла заўважыць істотныя перамены.

– Параўноўваючы тыя паказчыкі, на якія калектыву ўдалося выйсці за студзень, са снежнем мінулага года, адзначаецца тэндэнцыя развіцця, – гаворыць загадчык МТК. – Ад 308 галоў дойнага статку штодзённа рэалізуем звыш тоны малака вышэйшым гатункам. Забяспечылі і сярэднясутачнае прыбаўленне ў вазе цялят ва ўзросце да трох месяцаў – больш за 800 грамаў.

На такія вынікі паўплывалі многія фактары. Адзін з іх – абнаўленне рацыёну БРЖ, збалансаванасць яго на спажыўных рэчывах. З пачатку новага года ў рацыён уключылі камбікормы новых відаў як цялятам, так і каровам. І, што самае галоўнае, па словах Рымы Белай, за мінулы месяц з пастаўкай камбікармоў перабояў не было. І на дадзены момант запасаў іх на комплексе дастаткова.

Даў ведаць пра сябе і новы прафілакторый для ўтрымання цялят ад нараджэння да трох месяцаў, які быў летась пабудаваны на тэрыторыі комплексу. Цяпер там гадуецца больш за 60 галоў, працуюць тут вопытныя жывёлаводы Лідзія КАЗЛОВА і Наталля АНДРЫЯНАВА.

– Да іх працы няма прэтэнзій, – падкрэсліла Рыма Белая. – Цяляты заўсёды дагледжаныя і накормленыя.

Па словах Рымы Белай, дзякуючы такому новаўвядзенню на комплексе забяспечана стопрацэнтная захаванасць пагалоўя цялятак.

Дарэчы, мінусавая тэмпература не перашкаджае работнікам комплексу. Будынак, у якім знаходзяцца бытавыя пакоі, даільная зала і іншыя памяшканні, ацяпляецца. Паілкі ў жывёлы з падагрэвам, таму вада не замярзае і заўсёды ў даступнасці.

Першы месяц новага года прынёс калектыву комплексу новыя паказчыкі, якія заклалі стымул дабівацца большых вынікаў, ісці наперад і да лепшага. Дасягнутыя імі лічбы лепшыя за мінулагоднія, але, тым не менш, рэзерваў для іх павелічэння яшчэ шмат.

           Марына

           АЛЯКСАНДРАВА.

         Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email