Прайшло зімовае спартыўнае сямейнае свята, арганізаванае адміністрацыяй і прафсаюзным камітэтам БУКП “Жылкамгас”

Прайшло зімовае спартыўнае сямейнае свята, арганізаванае адміністрацыяй і прафсаюзным камітэтам БУКП “Жылкамгас” у рамках падтрымкі акцыі “За здаровы лад жыцця”.

Каб адчуць атмасферу і настрой таго дня, трэба было быць там, чуць і бачыць усё на свае вочы. Такой арганізацыі свята можна толькі пазайздросціць. Правядзенне падобных мерапрыемстваў стала для прадпрыемства ўжо традыцыйным. Таму яго работнікі і іх сем’і з году ў год з нецярпеннем чакаюць гэтага свята, каб весела правесці час, паспаборнічаць паміж сабой на шпаркасць, пачаставацца юшкай, шашлыкамі, блінамі і гарачым чаем на свежым паветры.

Сёлета, нягледзячы на мароз, свята сабрала больш за семдзясят дарослых і дзяцей. У іх была магчымасць праверыць сябе ў лыжных гонках, пагуляць у дартс, пастраляць з пнеўматычнай вінтоўкі, паспаборнічаць у падняцці гіры, пабегаць у мяшках і з абручамі, а таксама прыняць удзел у конкурсе мастацкай самадзейнасці.

Найбольш актыўным удзельнікам спартыўных конкурсаў быў Андрэй ЖДАНОВІЧ, які стаў пераможцам і прызёрам у чатырох намінацыях. Дыпломы І ступені ён атрымаў за хадзьбу на лыжах і бег у мяшках, ІІ – за гульню ў дартс і ІІІ– стральбу з пнеўматычнай вінтоўкі. У некалькіх конкурсах прызавыя месцы дасталіся і Вользе МАРОЗАВАЙ, Жанне АЎСІЕВІЧ, Андрэю КРУПЕНЬКІНУ, Любові ЛАПО, Рыгору КАРАЛЕНКУ, Таццяне КУЛІКОЎСКАЙ, Аляксею ЕРАШЭНКУ, Алене АРЛОЎСКАЙ і інш.

– Правядзенне такіх мерапрыемстваў важна для калектыву, паколькі яны гуртуюць яго, умацоўваюць карпаратыўны дух, – адзначыў намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце БУКП “Жылкамгас” Аляксандр АСІПЁНАК. – Сёлета мы пераканаліся ў гэтым у восьмы раз.

Насамрэч, падобныя мерапрыемствы не толькі яднаюць калег, але і даюць магчымасць адпачыць у вялікай кампаніі ўсёй сям’ёй. Сёння далёка не ў кожнай сям’і знойдзецца час для таго, каб такім чынам арганізаваць выхадны дзень. А дзецям гэта наогул толькі ў радасць, бо ніводнае з іх не адмовіцца ад новых знаёмстваў, а ў будучым – і, мабыць, сяброў. Стварыць вясёлы настрой падчас свята дапамагла і культурна-забаўляльная праграма.

Напрыканцы культурна-спартыўнага мерапрыемства пераможцам і прызёрам у кожнай намінацыі былі ўручаны дыпломы і грашовыя прызы, а дзеці за актыўны ўдзел і перамогі атрымалі цацкі і салодкія падарункі.

Напэўна, не было ніводнага чалавека, які пайшоў бы з гэтага свята ў дрэнным настроі. Усе зарадзіліся пазітывам, раз’язджаліся задаволеныя і, галоўнае, – з пачуццём сямейнай еднасці.

Марыя ШУТ.

                   Фота Віталя МАРОЗАВА.

Print Friendly, PDF & Email