Ігар РАДОЎСКІ для аматараў камп’ютарных гульняў стварыў у кінатэатры “Зорка” гейм-зону

Зараз інтэрнэтам і камп’ютарнымі гульнямі нікога асабліва не здзівіш. Амаль у кожнага ёсць магчымасць у любую гадзіну дня і ночы патрапіць у “глабальную павуціну”, многія з нас карыстаюцца сацыяльнымі сеткамі, не адмаўляюцца пагуляць у “танкі” ці шахматы на камп’ютары. А цяперашняе пакаленне, якое, можна сказаць, нарадзілася з мабільнікамі ў руках, і ўвогуле не ўяўляе свайго жыцця без стасункаў у лічбавым фармаце.

– Моладзь зараз актыўна цікавіцца камп’ютарнымі тэхналогіямі, а яны таксама не стаяць на месцы, развіваюцца вельмі хутка, – распавядае Ігар Аляксандравіч. – Асабліва гэта датычыцца гульнёвай сферы. У буйных гарадах дзейнічаюць геймерскія клубы, дзе збіраюцца ўсе жадаючыя пагуляць у віртуальныя камп’ютарныя гульні. Таму ў мяне з’явілася думка арганізаваць гейм-зону ў кінатэатры, і яна даволі хутка ўвасобілася ў жыццё.

Гэта вельмі прывабна: хтосьці ідзе паглядзець фільм, а нехта – пагуляць з сябрамі ў камп’ютарную гульню. Я ўважліва сачу за падзеямі ў геймерскім асяродку, таму ўсе гульні, што прапаную наведвальнікам, ліцэнзійныя і якасныя.

Паколькі асноўны кантынгент маіх кліентаў – школьнікі, якія не могуць пахваліцца вялікімі даходамі, то кошт паслугі раблю прымальным. Яго можна “разбіць” на некалькі чалавек, асобныя наведвальнікі атрымліваюць зніжкі.

Ігар Радоўскі набыў і спецыяльны шлем, з дапамогай якога можна апынуцца ў сапраўднай віртуальнай рэальнасці: можна займацца фітнесам, катацца на лыжах, ствараць аб’ёмныя малюнкі не сыходзячы з месца. У яго ёсць гульні і гэтак званай “дадатковай рэальнасці”, якія транслююцца праз спецыяльную вэб-камеру. Геймер знаходзіцца ў памяшканні, а яго адлюстраванне на экране – у горадзе ці, напрыклад, на моры. Гэтыя гульні патрабуюць актыўнага ўдзелу саміх ігракоў, таму карыстаюцца вялікай папулярнасцю.

– Планую развіваць сваю справу і далей, – адзначае малады бізнесмен. – У час працы гейм-зоны ў кінатэатры дзейнічае бясплатны Wi-Fi. Ёсць і група ў сацыяльнай сетцы “Укантакце”, да якой можна далучыцца па спасылцы: https://vk.com/game_zone_mk. Таксама хацелася б праводзіць геймерскія турніры, набыць яшчэ адзін віртуальны шлем, а ў будучым абзавесціся ўласным памяшканнем, стварыць сапраўдны гульнёвы клуб.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

         Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email