Пяць сямей нашага раёна прынялі ўдзел у раённым конкурсе “Мнагадзетная сям’я года – 2019”

 Пяць сямей нашага раёна прынялі ўдзел у раённым конкурсе “Мнагадзетная сям’я года – 2019”.

Падчас яго правядзення сем’ям Вольгі і Сяргея ПАЛУЯНОВІЧАЎ і Анастасіі і Мікалая РУЦКІХ з райцэнтра, Вольгі і Сяргея ВАСКОЎСКІХ з аг. Вялікая Машчаніца, Ганны і Сяргея ГАНЧАРУК з аг. Вішоў, Наталлі і Сяргея ШУТОВЫХ з аг. Цяхцін трэба было прадставіць свае творчыя здольнасці ў двух конкурсных заданнях. У першым – “Візітная картка сям’і “Радавод” – яны распавялі пра гісторыю свайго роду, сямейныя звычаі і традыцыі. У другім, “Мая краіна – мая сям’я!”, канкурсанты прэзентавалі актыўную жыццёвую пазіцыю членаў сям’і, расказвалі пра захапленні, поспехі і дасягненні.

Членам журы на чале са старшынёй – начальнікам упраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне райвыканкама Вольгай ТАРАН – вызначыцца з пераможцам было нялёгка.

– Усе выступілі добра, у кожнай сям’і было нешта асаблівае, – адзначыла старшыня журы. – Была бачна добрая падрыхтоўка, у якой дапамагалі ўстановы адукацыі і культуры. Пры падвядзенні вынікаў улічвалася не толькі захаванне тэматыкі конкурсу, але таксама і ўменне трымацца на сцэне, захоўваць рэгламент.

Пераможцам стала сям’я Шутовых, у якой выхоўваюцца тры сыны і дзве дачкі. Другое месца занялі Вольга і Сяргей Васкоўскія з трыма сынамі, трэцяе – сям’я Палуяновічаў, у якіх чатыры сыночкі і адна дачушка. Лепш за ўсіх справіліся з конкурсным заданнем “Мая краіна – мая сям’я”, на думку журы, сям’я Руцкіх, а з заданнем “Візітная картка сям’і “Радавод” – Ганчарук. Усе ўдзельнікі конкурсу ўзнагароджаны дыпломамі, грашовымі прэміямі і каштоўнымі падарункамі.

Дарэчы, сям’я-пераможца прыме ўдзел у абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Сям’я года” – “Мнагадзетная сям’я – 2019”.

 

 

Марыя ШУТ.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email