На перакрыжаванні шляхоў

Спектакль “Стомлены д’ябал” Свяцілавіцкага сельскага цэнтра культуры па аднайменнай п’есе Сяргея КАВАЛЁВА ў пастаноўцы рэжысёра Карыны ГАЛУЗА сёлета заняў першае месца ў творчым праекце “Бялыніцкая тэатральная восень”. Перамога ў намінацыях “Лепшая жаночая роля” і “Лепшая мужчынская роля” таксама дасталася Свяцілавіцкім артыстам.

Які ён – смак перамогі? Аб гэтым карэспандэнт раёнкі паразмаўляла з калектывам СЦК.

Саюз двух апантаных тэатрам людзей, пабудаваны на каханні, проста не можа не прыносіць плёну, не выбухаць кветкамі сумеснага стварэння чагосьці прыгожага і выбітнага. Вось так сямейны і творчы тандэм Карыны Галуза і Віктара ЧАЙКОВА, які сыграў галоўную ролю ў спектаклі, заваяваў прызнанне бялыніцкіх гледачоў.  

Яскравая камедыя з глыбокім філасофскім сэнсам – магчыма, так можна апісаць жанр захапляючай пастаноўкі, якая прымушае смяяцца нават стрыманага гледача. Як прызналася рэжысёр, гатовы спектакль патрапіў на сцэну толькі праз некалькі гадоў пасля пачатку работы над ім – чакаў свайго часу. І цяпер, калі ён надышоў, зоркі сышліся ў зеніце – пастаноўку ацанілі на выдатна.

У аснове сюжэта – гісторыя сустрэчы вяскоўца Яські з Д’яблам і заключэнне дамовы паміж імі. Іспытаў Д’ябла мужчына, аднак, не вытрымлівае, і ў выніку разумее: не Адам з Еваю вінаватыя ў яго няшчасцях, а ён сам. Дакладней, яго лянота, нецярплівасць, адсутнасць моцы духу. Д’ябал – персанаж архетыпічны і даволі складаны для перадачы характару, але самадзейнаму акцёру Анатолю ШАРСТНЁВУ ўдалося справіцца з тэатральнымі тонкасцямі.

– У спектаклі Д’ябал надзелены звычайнымі чалавечымі якасцямі, хоць і спакушае Яську, таму стараўся перадаць менавіта эмоцыі хітрага і бязлітаснага героя, – кажа Анатоль.

Пераможцам у намінацыі “Лепшая мужчынская роля” прызнаны работнік ААТ “Бялыніцкае райаграпрамтэхзабеспячэнне” Генадзь ДЗЯМІДАЎ, для якога роля Суседа стала першым выпрабаваннем вялікай сцэнай.

– Рэпеціравалі шмат, дасканала вывучыў свой тэкст, – распавядае Генадзь Дзямідаў. – У мастацкай самадзейнасці ўдзельнічаў і раней, але ў якасці акцёра выступаў упершыню. Галоўнае – не паддавацца хваляванню і іграць ад усёй душы.

У намінацыі “Лепшая жаночая роля” перамагла дырэктар Свяцілавіцкага СЦК Кацярына МАСЛЯНКОВА.

– Раскрываць акцёрскія здольнасці прыходзілася прама падчас рэпетыцый, бо гэта мая першая роля, – адзначыла яна. – Вельмі дапамагала наш рэжысёр, працаваць з ёй – адно задавальненне.

Рука аб руку Віктар і Карына прайшлі разам ужо сем гадоў. Яна родам з Барысава, дзе яшчэ маленькай дзяўчынкай пачала хадзіць у тэатральную школу-студыю “Відарыс”. Там і пачаўся яе творчы шлях. Акрамя тэатра дзяўчыну мала што цікавіла, таму пасля школы паступіла ў Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў па спецыяльнасці “акцёрскае мастацтва”. Па размеркаванні патрапіла ў РЦК у Бялынічы, дзе яны з Віктарам і пазнаёміліся. Пазней разам атрымалі вышэйшую адукацыю ў БДУКМ па спецыяльнасці “рэжысура святаў і абрадаў”, вучыліся ў адной групе.

– Творчасць заўсёды была для мяне той крыніцай, адкуль можна бясконца чэрпаць жыццёвыя сілы, – кажа Карына. – Калі выходзіш на сцэну, важна, каб гледачы адчувалі тваю энэргію, эмоцыі, каб яны паглядзелі пастаноўку і на доўгі час зарадзіліся ад цябе. Для любога творчага чалавека найвялікшая ў свеце ўзнагарода – увага публікі. Тады хочацца працаваць яшчэ больш, каб радаваць іх.

– Гледачы апошнім часам, дарэчы, не так часта наведваюць культурныя мерапрыемствы, як раней, – падхоплівае размову Віктар. – Каб зацікавіць іх, вельмі важныя і якасць пастаноўкі ці канцэрта, і іх рэклама. Толькі тады людзі будуць ведаць, што адбываецца ва ўстановах культуры, і не расчаруюцца, калі ўзровень падрыхтоўкі мерапрыемства будзе высокім.

Віктар у свой час скончыў завочнае аддзяленне харавога дырыжыравання МДКМ, паралельна з вучобай працаваў у РЦК. Менавіта тады яны з Карынай і сустрэлі свайго настаўніка – таленавітага рэжысёра Зінаіду БІЛЫК.

– Яна ўмела накіраваць усе свае сілы на стварэнне імпрэзы ці пастаноўкі, заўсёды знаходзіла нестандартныя рашэнні, стварала нешта сапраўды яркае, захапляльнае, – адзначаюць у адзін голас муж і жонка.

Пад кіраўніцтвам Зінаіды Білык Віктар упершыню спрабаваў сябе ў якасці акцёра. Давялося працаваць, напрыклад, і з рэжысёрам Тамарай ПАДЫМАКА. Потым у Віктара быў доўгі перапынак, у сферы культуры не працаваў… Зараз ён – гукарэжысёр Вішоўскага СЦКіВЧ і ўдзельнік калектыву “Бялыніцкія музыкі”.

Адмовіцца ад жончынай прапановы паўдзельнічаць у стварэнні спектакля, як прызнаўся, ён не змог. Дый назапашаныя вопыт і творчы запал патрабавалі рэалізацыі.

Алена БЫКАВА.

Фота Святланы МАГІЛЕЎЧЫК.

Print Friendly, PDF & Email