Больш за тысячу аматараў лыжнага спорту прынялі ўдзел у абласным зімовым спартыўным свяце “Беларуская лыжня – 2019”

Больш за тысячу аматараў лыжнага спорту прынялі ў мінулую суботу ўдзел у абласным зімовым спартыўным свяце “Беларуская лыжня – 2019”. Дэлегацыя нашага раёна таксама актыўна ўключылася ў ход спаборніцтва.

У склад дэлегацыі ўвайшлі старшыня райвыканкама Анатоль ШЧУПЛЯНКОЎ, загадчык сектара спорту і турызму Васіль КРАЎЦОЎ, а таксама ўдзельнікі лыжных заездаў. На першым этапе эстафеты свае спартыўныя здольнасці прадэманстраваў намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый ДАВЫДАЎ, на другім – галоўны спецыяліст сектара спорту і турызму Паліна ФІАЛКОЎСКАЯ. На трэцім этапе з лыжнікамі з усёй вобласці спаборнічаў малады прадстаўнік нашага раёна Павел САКАЛОЎ.

– Таксама праходзіў і масавы старт па ўзроставых групах, у якім прынялі ўдзел 9 лыжнікаў нашай каманды, – адзначыў Васіль Краўцоў. – Усе прыехалі на “Беларускую лыжню” з добрым настроем, бо гэта вельмі маштабнае свята, якое аб’ядноўвае людзей і загартоўвае не толькі ў фізічным, але і ў маральным плане.

У эстафеце наша каманда заняла агульнавыніковае 13 месца. Добра прадэманстравалі спартыўныя здольнасці і ўдзельнікі масавага заезду Канстанцін ВОЙТАЎ, Марыя ПАТРЫНА, Святлана КРАЎЦОВА, Павел Сакалоў, Рыгор НАСКОЎ, Генадзь ТРАЦЦЯКОЎ, Ірына ПАЦЮПІНА, Надзея ЦАПІК, Уладзіслаў КРАЎЧАНКА.

– Нашы спартсмены спаборнічалі на аматарскіх, а не на спецыялізаваных, лыжах, – падкрэсліў Васіль Краўцоў. – З улікам гэтага вынікі атрымалі вельмі дастойныя, удзельнікі спартыўнага свята справіліся з усімі задачамі.

Дарэчы, падчас мерапрыемства старшыня аблвыканкама Уладзімір ДАМАНЕЎСКІ ўзнагародзіў   удзельнікаў Горацкай хакейнай каманды “Сокал”, якая заняла другое месца ў рэспубліканскіх спаборніцтвах сярод дзяцей і падлеткаў па хакеі “Залатая шайба” на прызы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Хлопчыкі і дзяўчынкі атрымалі новую спартыўную амуніцыю, а галоўны трэнер каманды Іван ВЫСОЦКІ – сертыфікат на набыццё спартыўнага інвентару для Горацкага цэнтра фізкультурна-аздараўленчай работы на агульную суму 50000 рублёў.

Алена БЫКАВА.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email