У ФАКу “Друць” прайшлі адкрытыя раённыя спаборніцтвы па міні-футболе

У ФАКу “Друць” прайшлі адкрытыя раённыя спаборніцтвы па міні-футболе, прысвечаныя 30-годдзю вываду абмежаванага кантынгенту савецкіх войск з Афганістана і памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў.

На працягу тыдня за званне лепшай сапернічалі дзевяць дружын працоўных калектываў раёна і аматараў міні-футбола. Перамогу ў турніры святкавала каманда “Ластаўка”, якая выйграла ва ўсіх гульнях і набрала максімальна магчымую колькасць ачкоў. Другое месца заняла каманда РАНС. Ратавальнікі прайгралі толькі пераможцам турніру. Трэцімі сталі футбалісты “Алімпа”.

Каманда “ПДВ”, у складзе якой гулялі воіны-інтэрнацыяналісты і іх дзеці, узнагароджана Дыпломам за спартыўна-патрыятычнае выхаванне насельніцтва і здаровы лад жыцця. Дружына “Юнацтва” МЦ “Ветразь” адзначана Дыпломам за волю да перамогі. Лепшым гульцом турніру прызнаны прадстаўнік гэтай жа каманды Аляксандр ФІЛІПЧАНКА.

Добрую і змястоўную гульню прадэманстравалі таксама футбольныя каманды “СЛК”, РАУС, “Фініш” і БУКП “Жылкамгас”.

Цырымонію ўзнагароджвання правялі воіны-інтэрнацыяналісты Віктар ПАДОЛЬСКІ, Аляксандр ЮШКЕВІЧ, Уладзімір КАРПУХІН і загадчык сектара спорту і турызму райвыканкама Васіль КРАЎЦОЎ. Пераможца і прызёры ўзнагароджаны кубкамі, дыпломамі і памятнымі медалямі. Фінансавую падтрымку арганізатарам турніру аказалі райвыканкам і раённая арганізацыя РГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”.

Андрэй СУПІТАЛЁЎ,

няштатны карэспандэнт

“Зары над Друццю”.

Print Friendly, PDF & Email