Сустрэча мужнасці, памяці і смутку

У пятніцу адбылася традыцыйная сустрэча воінаў-інтэрнацыяналістаў Бялыніччыны з кіраўніцтвам райвыканкама.

У зале пасяджэнняў сабраліся каля сарака членаў раённай арганізацыі РГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” на чале са старшынёй яе Віктарам ПАДОЛЬСКІМ.

Са шчырымі словамі падзякі і пажаданнямі з нагоды юбілейнай даты – 30-годдзя вываду абмежаванага кантынгенту савецкіх войск з Афганістана і надыходзячага Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў да “афганцаў” звярнуліся старшыня райвыканкама Анатоль ШЧУПЛЯНКОЎ і ваенны камісар Бялыніцкага і Круглянскага раёнаў Мікалай ГАМОЛКА.

– Тры дзясяцігоддзі таму апошнія салдаты пакінулі тэрыторыю Афганістана і тым самым паклалі канец вайне, якая доўжылася больш за дзевяць гадоў. Гэта дата стала сімвалам мужнасці і стойкасці тых, хто ў мірны час сумленна выконваў свой воінскі і інтэрнацыянальны абавязак. Колькі ні прайшло б часу, Афганская вайна, якая забрала жыцці 15 тысяч салдат, – у спісе іх і ўраджэнцы Бялынічаў – Генадзь БЕЛЬСКІ, Міхаіл ЗАЙЦАЎ і Міхаіл ЛАПО, назаўжды застанецца ў памяці народа, – адзначыў у сваім выступленні Анатоль Шчуплянкоў.

Ён пажадаў воінам-інтэрнацыяналістам моцнага здароўя, дабрабыту і мірнага неба над галавой, а памяць загінулых на вайне землякоў ушанавалі хвілінай маўчання.

За актыўную працу па ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі, а таксама ў сувязі з Днём памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў Ганаровай граматай райвыканкама  быў узнагароджаны Уладзімір КАРПУХІН. А Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў за шматгадовую плённую грамадскую дзейнасць, актыўную працу па ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі і ў сувязі з 30-годдзем вываду савецкіх войск з Афганістана ўшанаваны Аляксандр ЮШКЕВІЧ.

Падчас урачыстай сустрэчы Мікалай Гамолка ўручыў Віктару Падольскаму і Аляксандру Юшкевічу юбілейныя медалі “100 год Узброеным сілам Рэспублікі Беларусь”, а таксама “30 год вываду савецкіх войск з Афганістана”. Дарэчы, апошнюю атрымалі ўсе прысутныя ў зале воіны-інтэрнацыяналісты.

Пасля цырымоніі ўзнагароджання ўдзельнікі мерапрыемства ўсклалі кветкі да помніка ў Лунным парку, а затым дэлегацыя накіравалася ў Магілёў для ўдзелу ў рэгіянальнай сустрэчы воінаў-інтэрнацыяналістаў Бялыніцкага, Круглянскага, Магілёўскага і Шклоўскага раёнаў.

Дарэчы, з нагоды юбілейнай даты, інфармацыйнае агенцтва “Магілёўскія ведамасці” выдала кнігу “Афганістан. Старонкі мужнасці”, у якой размешчаны нарысы пра воінаў–“афганцаў”, іх успаміны пра ваенныя будні, фотаілюстрацыі, дакументы.

Марыя ШУТ.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email