Ведаў, але не ўтрымаўся

Да 6 месяцаў пазбаўлення волі з выпрабавальным тэрмінам на 1 год, штрафу ў памеры 300 бв (7650 рублёў), 60 гадзін грамадска карысных работ прыгавораны жыхар вёскі Вугольшчына Д.

Таксама яго будуць прымусова лячыць ад хранічнага алкагалізму.

У ліпені мінулага года Д., ведаючы, што яго сваяк Г. скраў у свайго знаёмага грошы, прыняў ад яго 25 рублёў і аплаціў імі дзяржпошліну.

Таксама ў пачатку жніўня мінулага года Д. прысвоіў сабе мабільны тэлефон, які Г. таксама ўкраў. Ім мужчына карыстаўся да верасня, пакуль супрацоўнікі РАУС не затрымалі яго і не канфіскавалі прыладу сувязі.

Д. такім чынам парушыў ч. 2 арт. 236 КК Беларусі: злачынствы былі зробленыя паўторна.

Віну Д. пацвярджаюць сведчанні Г., які ўтрымліваецца пад вартай за злачынствы, прадугледжаныя ч. 2 арт 205 і ч. 2 арт. 147 КК РБ. Д. добра ведаў аб незаконных шляхах атрымання грошай і мабільнага тэлефона, бо Г. яго аб гэтым апавясціў.

Згодна заключэнню эксперта, Д. мае лёгкую разумовую адсталасць, але на момант злачынстваў ён усё ўсведамляў і мог кантраляваць свае дзеянні. Таксама з 2011 года ён знаходзіцца на ўліку ва ўрача-нарколага з дыягназам “сіндром залежнасці ад алкаголю”.

                                                  Мікалай ХРАМЯНКОЎ,

                                                  старшы следчы РАСК. 

 

Print Friendly, PDF & Email