У мінулую суботу на базе ФАКу “Друць” прайшлі лыжныя спаборніцтвы

У мінулую суботу на базе ФАКу “Друць” у рамках круглагадовай спартакіяды працоўных калектываў раёна прайшлі лыжныя спаборніцтвы.

Удзел у іх прынялі калектывы ДЛГУ “Бялыніцкі лясгас”, ПМК-241,БУКП “Жылкамгас”, РАНС, райЦГЭ, СВК “Калгас “Радзіма”, аддзелаў па адукацыі, ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Жанчыны спаборнічалі ў гонцы на 2 км, працягласць трасы для мужчынскай паловы каманд склала 3 кіламетры.

Хоць не ўсе ўдзельнікі спаборніцтваў дасканала каталіся на лыжах, але ніхто не адмовіўся ад задавальнення пабыць на свежым паветры, атрымаць зарад энергіі і пазітыўнага настрою.

Напрыклад, самая юная ўдзельніца заезду шасцікласніца СШ № 2 Маша ЛАПО, якая выступала за каманду РАНС, мэтаскіравана праехала ўсю заяўленую дыстанцыю і не сышла з трасы, як некаторыя яе дарослыя саперніцы. Самая актыўная падтрымка была ў каманды райЦГЭ. Галоўны ўрач установы Алена ДАМАРАЦКАЯ таксама паўдзельнічала ў лыжным забегу.

У мужчынскім заездзе ўпэўненую перамогу атрымаў Павел СОКАЛАЎ (каманда СВК “Калгас “Радзіма”), другое месца заваяваў Дзмітрый БАРОДЗІЧ (лясгас) трэцяе – Мікіта МЕДЗВЯДЗЁЎ (СВК “Калгас “Радзіма”). Сярод жанчын лепшай стала Вольга ЗАРАНКОВА (лясгас), другой да фінішу прыйшла Валянціна ЖУЛЕГА (райЦГЭ), тройку лепшых замкнула Крысціна БОЎДЗІЛАВА (СВК “Калгас “Радзіма”).

У агульнакамандным заліку тры прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам: перамогу ў спаборніцтвах атрымала каманда СВК “Калгас “Радзіма”, другое месца занялі лыжнікі ДЛГУ “Бялыніцкі лясгас”, трэцімі сталі прадстаўнікі РАНС.

Усе пераможцы лыжных гонак атрымалі ўзнагароды, а тыя, хто заняў першыя месцы, будуць прадстаўляць наш раён на абласным этапе спаборніцтваў.

                                 Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара

                                     і адміністрацыі ФАКу “Друць”.

 

 

Print Friendly, PDF & Email