15 лютага – дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў

Старшыня раённай арганізацыі РГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Віктар ПАДОЛЬСКІ:

“…Не гояцца раны на сэрцы”

Трыццаць гадоў таму закончылася вайна ў Афганістане, якая забрала маладыя жыцці амаль 15 тысяч савецкіх салдат і афіцэраў. У тым сумным спісе і прозвішчы 723 беларускіх хлопцаў.

На тактычных вучэннях, 1987 год.

Праз пекла той вайны прайшло і больш за 170 маладых ураджэнцаў нашага раёна. На родную  Бялыніччыну не вярнуліся воіны-інтэрнацыяналісты прапаршчыкі Генадзь Бельскі і Міхаіл Зайцаў, радавы Міхаіл Лапо.

Прайшоў праз страшэнныя псіхалагічныя і фізічныя выпрабаванні гэтай вайной і старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”, маёр у запасе Віктар Падольскі.

Віктар Іванавіч, у які перыяд вайны вам давялося служыць у Афганістане?

— Калі гаварыць з вышыні сённяшняга часу, то быў заключны перыяд вайны. Але ж у жніўні 1986 года, калі патрапіў на ваенную службу ў Афганістан, тады пра гэта ніхто нават і не здагадваўся. Да хаты ў званні сяржанта вярнуўся ў маі 1988 года. А да чаканага вываду абмежаванага кантынгенту савецкіх войскаў з ДРА (15 лютага 1989 года) заставаўся яшчэ амаль доўгі-доўгі год.

Вам даводзілася ўдзельнічаць у баявых аперацыях?

— Усяго хапіла! Служыў у батальёне аховы 56-й дэсантна-штурмавой брыгады, якая дыслакавалася ў правінцыі Гардэз. Адзін раз на квартал па месяцу знаходзіўся на горнай заставе. За нашай, восьмай, ротай былі замацаваны тры такія баявыя “кропкі” ў высакагор’і паміж Гардэзам і Кабулам. Са снарадных скрыняў, якія запоўнілі пяском і гравіем, на гэтых “кропках” былі зроблены збудаванні – там і жылі. Адсутнічала электрычнасць, есці гатавалі самі на паходнай кухні…

Ахоўвалі дарогу, апроч гэтага, даводзілася пабываць і ў засадах, і калоны суправаджаць…

Радавы 8-й роты батальёна аховы 56-й дэсантна-штурмавой брыгады абмежаванага кантынгенту савецкіх войск у Афганістане Віктар Падольскі, 1987 год.

— Віктар Іванавіч, а ў якім годзе воіны-інтэрнацыяналісты нашага раёна стварылі сваю грамадскую арганізацыю?

— Усё пачалося з утварэння клуба ветэранаў вайны ў Афганістане, ідэю якога ў 1988 годзе падтрымала кіраўніцтва раёна. Першапачаткова ў склад яго ўвайшло каля 40 былых воінаў-“афганцаў”. Дзейнічаў клуб пры райваенкамаце. Першым старшынёй нашага патрыятычнага грамадскага фарміравання быў выбраны Аляксандр Далжанкоў. У 1990 годзе яго ўзначаліў маёр Віктар Капылоў.

Хачу адзначыць значную асабістую ролю і тую вялікую працу Віктара Васільевіча па аб’яднанні былых воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія жылі і працавалі ў нашым раёне. У 1993 годзе на Устаноўчай канферэнцыі ў Мінску быў прыняты Статут РГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”, створанае грамадскае аб’яднанне  неўзабаве было зарэгістравана ва ўстаноўленым парадку ў Міністэрстве юстыцыі Беларусі. У тым жа годзе пачала дзейнічаць і наша раённая ветэранская арганізацыя воінаў-інтэрнацыяналістаў, якой Віктар Васільевіч паспяхова кіраваў да 18 сакавіка 2000 года. А з гэтага часу і па сёння на чале яе знаходзіцца ваш суразмоўца.

Ведаеце, час, канечне ж, аддаляе ўсіх нас ад падзей больш як трыццацігадовай даўнасці (абмежаваны кантынгент савецкіх войск быў уведзены ў ДРА 25 снежня 1979 года), але памяць пра вайну, загінулых на ёй баявых сяброў, саслужыўцаў шчымлівым болем адгукаецца ў сэрцах усіх яе ўдзельнікаў, у сэрцах матуль, удоў, нашчадкаў тых, хто вярнуўся з Афгана на Бацькаўшчыну страшэнным “грузам-200”. Таму дзень 15 лютага ў штогадовым календары для ўсіх нас асаблівы, значны, памятны, бо раны на сэрцы не гояцца, яны пастаянна крывавяць.

— Колькі сяброў налічвае зараз раённая арганізацыя ветэранаў вайны ў Афганістане?

— На сёння на ўліку ў раённай арганізацыі ГА БСВВА знаходзяцца 63 чалавекі, з якіх двое з’яўляюцца ўдзельнікамі баявых дзеянняў у Егіпце. Усе астатнія сябры нашай арганізацыі, кожны ў свой час, прайшлі нялёгкімі ваеннымі дарогамі Афганістана.

— Распавядзеце пра асноўныя кірункі вашай грамадскай дзейнасці?

— Галоўным і найважнейшым з’яўляецца патрыятычнае выхаванне і падрыхтоўка да службы ва Узброеных Сілах Беларусі падрастаючага пакалення землякоў. Таму былыя воіны-“афганцы” часта выступаюць перад школьнікамі раёна, дапрызыўнікамі, праводзяць для іх разнастайныя спартыўныя мерапрыемствы.

Ужо названы мною былы воін-інтэрнацыяналіст Аляксандр Далжанкоў заснаваў і па сёння ўзначальвае патрыятычнае ваенна-спартыўнае аб’яднанне “Дынамавец”, што дзейнічае на базе маладзёжнага цэнтра “Ветразь”.

Яно карыстаецца вялікай папулярнасцю ў падлеткаў. На заняткі і трэніроўкі прыходзяць вучні, сярод іх і дзяўчаты, з сярэдніх школ райцэнтра. У тым ліку і гэтак званыя “цяжкія” падлеткі. Дынамаўцы рэгулярна ўдзельнічаюць у спаборніцтвах па змешаных адзінаборствах самага рознага ўзроўню, прадстаўляючы на іх не толькі родны раён, але і Магілёўскую вобласць. Літаральна пару тыдняў таму яны з поспехам паспаборнічалі ў Міжнародным турніры “Справа адважных”, што праходзіў у Гомелі, дзе заваявалі чатыры залатыя, тры сярэбраныя і адзін бронзавы медалі, а таксама спецыяльны прыз “Прыгожы бой”.

Рэгулярна праводзім спаборніцтвы па міні-футболе, валейболе, настольным тэнісе, якія прысвечаны памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, актыўна ўдзельнічаем у штогадовых рэгіянальных сустрэчах воінаў-“афганцаў” Бялыніцкага, Круглянскага, Магілёўскага і Шклоўскага раёнаў. Таксама на магілах памерлых ужо воінаў, якім давялося ваяваць у Афганістане, устанаўліваем адмысловыя памятныя знакі, а напярэдадні Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў наведваем іх пахаванні і ўшаноўваем хвілінай маўчання памяць сваіх ваенных пабрацімаў.

Праводзім іншыя мерапрыемствы, якія закліканы не толькі мацней яднаць братоў па зброі, але і маральна, матэрыяльна падтрымліваць тых, каму патрэбна наша дапамога. Заўважу, што ўсе сем’і воінаў-“афганцаў” забяспечаны жыллём. Мы заўсёды знаходзім падтрымку як у кіраўнікоў арганізацый, прадпрыемстваў, гаспадарак і ўстаноў раёна, так і на ўзроўні райвыканкама.

Найбольшую актыўнасць у дзейнасці раённай арганізацыі РГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” праяўляюць воіны-“афганцы” Сяргей Румянцаў, Аляксандр Юшкевіч, Уладзімір Карпухін, Аляксандр Набокаў, Аляксандр Кароўкін, Сяргей Ходас і многія іншыя. Яны душою хварэюць за лёс арганізацыі, прапаноўваюць свае ініцыятывы, клапоцяцца пра таварышаў. Гэтыя людзі ніколі не праяўляюць раўнадушша і заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу.

Памяць пра тую вайну не пакідае нашы сэрцы. Магчыма, ветэраны яе больш за іншых разумеюць, што такое мір і вайна, што такое жыццё і смерць.

    Гутарыў

    Міхась КАРПЕЧАНКА.

P.S. Віктар Падольскі па просьбе рэдакцыі знаёміць чытачоў газеты “Зара над Друццю” з некалькімі фатаздымкамі перыяду яго прахаджэння тэрміновай ваеннай службы ў “гарачым” Афганістане. Паколькі была праблема з фотапаперай, вырабам саміх здымкаў, Віктар Іванавіч дасылаў праяўленыя плёнкі маці. Святлана Міхайлаўна, атрымаўшы іх, выпраўлялася ў фотаатэлье тадышняга райцэнтраўскага Дома быту і рабіла заказ на выраб гэтых фота, якія затым у некалькіх экземплярах адпраўляла сыну ў Афганістан.

Віктар Іванавіч заўважае, што такая перасылачная сувязь увесь час дзейнічала бездакорна: аніводная плёнка і аніводны фатаздымак не згубіліся і не былі вынятыя з салдацкага канверта ваеннай цэнзурай.

Такім чынам Святлана Міхайлаўна адправіла сыну каля 200 фатаздымкаў.

Гутарыў Міхась КАРПЕЧАНКА.

    Фота з хатняга архіва

         Віктара Падольскага.

 

Такое застаецца ў памяці назаўсёды

30 гадоў з дня вываду абмежаванага кантынгенту савецкіх войск з Афганістана спаўняецца  15 лютага. Карэспандэнт раёнкі сустрэлася з ветэранам афганскай вайны Аляксандрам      ЮШКЕВІЧАМ, каб даведацца, як гэта было.

Аляксандр Юшкевіч з жонкай Наталляй Анатольеўнай.

– Пасля вываду нашай часці мы прыехалі на вакзал у Віцебск, – успамінае вяртанне дамоў Аляксандр Юшкевіч. – Плакалі не толькі мы, дэмабілізаваныя воіны-інтэрнацыяналісты. Медалі на нашых грудзях заўважалі ўсе, хто быў там, і таксама плакалі разам з намі. Калі прыйшоў дамоў, маці з сястрой кінуліся абдымаць, не стрымваючы слёз шчасця.

22 месяцы Аляксандр Піліпавіч правёў у спякотным Кабуле пасля таго, як паўгода маладых салдат рыхтавалі да ваеннай службы ў вучэбнай часці ў Фергане. Туды ён трапіў васямнаццацігадовым юнаком у складзе 103-й дэсантнай дывізіі.

Аляксандр Піліпавіч падчас ваеннай службы.

– Падчас ваенных аперацый страцілі шмат паплечнікаў, сапраўдных сяброў, – кажа ветэран. – Першыя паўгода ложак загінулага салдата ніхто не займаў, на ім стаялі фотаздымак з чорнай стужкай і ваенны берэт. Памяць аб таварышах шануем па сённяшні дзень. Успамінаем на сходах ветэранскай райарганізацыі, наведваем помнік воінам-інтэрнацыяналістам, праводзім спартыўныя турніры ў гонар тых юнакоў, якія мужна змагаліся і загінулі ў Афганістане.

Тыя іспыты, якія прайшлі маладыя савецкія воіны, зараз цяжка нават уявіць. Недахоп вады і спякота абцяжарвалі пераправы з баявой выкладкай, вага якой даходзіла да 50 кілаграмаў. Рота Аляксандра Юшкевіча прыняла ўдзел у 50 баявых аперацыях, у адной з якіх ён атрымаў сур’ёзнае раненне. Правёўшы тры месяцы ў шпіталі, вярнуўся ў баявы строй, хоць яму і прапаноўвалі адправіцца дадому.

Аб подзвігах Аляксандра Піліпавіча, які ўзнагароджаны ордэнам Чырвоная Зорка і медалём “За баявыя заслугі”, ведае ўся яго сям’я – каханая жонка Наталля Анатольеўна, сын Раман і дачка Вольга.

Зараз Аляксандр Юшкевіч на пенсіі – у званні лейтэнанта міліцыі завяршыў кар’еру ў РАУС. Другое скліканне запар выбіраецца дэпутатам раённага Савета дэпутатаў па Мічурынскай выбарчай акрузе № 7, заўсёды з увагай адносіцца да праблем землякоў, стараецца дапамагчы ім.

Кожны год у лютым памяць бярэ сваё: вяртае салдата ў тыя суровыя дні Афганістана. Аляксандру Піліпавічу ўспамінаюцца аблавы маджахедаў у гарах, як хадзілі з таварышамі па замініраваных тэрыторыях на адлегласці трох крокаў адзін ад другога, як страцілі 20 з 60 паплечнікаў у адной з ваенных аперацый…

– Шмат залежыла ад выпадку, – кажа ён аб тым, як удалося прайсці праз усё гэта і выжыць, і дадае:

– Перш за ўсё для мяне гэта была не вайна, а служба сваёй Айчыне. І я ганаруся, што вытрымаў, прайшоў яе поўнасцю, не спалохаўся цяжкасцяў. На жаль, сёння ў ва многіх маладых хлопцаў няма такога жадання ісці ў армію, якое было ў нас. У свой час мы з таварышамі адчувалі неабходнасць аддаць доўг Радзіме, і ніхто нават не думаў аб тым, каб не пайсці служыць у войска па стане здароўя.

Алена БЫКАВА.

Фота аўтара.

 

Вайскоўцам марыў стаць з дзяцінства

Трыццаць гадоў… Многа ці мала? Для гісторыі, вядома, адрэзак часу невялікі, а вось для чалавечага жыцця – значны. Менавіта столькі гадоў прайшло з дня вываду абмежаванага кантынгенту савецкіх войск з Афганістана. Вайна, якая доўжылася дзесяцігоддзе, пакінула сур’ёзны адбітак у жыцці яе ветэрана Уладзіміра КАРПУХІНА.

Уладзімір Карпухін з Ганаровай граматай райвыканкама падчас традыцыйнай сустрэчы воінаў-інтэрнацыяналістаў.

– 25 снежня 1979 года ў Афганістан адправіліся першыя дэсантнікі, – расказвае Уладзімір Васільевіч. – Са студзеня 1980 года разам з таварышамі па службе падняўся па трывозе і прыбыў у Самарканд. Там прайшлі вучэнні, атрымалі тэхніку, зброю і накіраваліся ў Шынданду, якую па-іншаму называлі “далінай смерці”. Ужо пазней, калі трохі абжыліся, зразумелі, чаму: у той мясцовасці дзьмуў вецер пад назвай “самум”, які здольны быў падняць не толькі пясок, але і камяні. Дыхаць было цяжка, хадзілі ў процівагазах.

Але маладога камандзіра ўзвода сувязі такія ўмовы не палохалі. З самага дзяцінства ён марыў стаць ваенным.

– Гэта была мая самая запаветная мара, якой жыў, пакуль яна не спраўдзілася. Калі мне было пяць гадоў, маці пашыла для мяне ваенную форму. Як цяпер памятаю гэтыя портачкі, гімнасцёрку, – падзяліўся ўспамінамі дзяцінства Уладзімір Карпухін. – Напэўна, гэта з-за таго, што мой бацька быў партызанам 116-га партызанскага атрада брыгады “Жалязняк”, які дзейнічаў у Гомельскай вобласці. Пасля тэрміновай службы ў войску скончыў з адзнакай школу прапаршчыкаў, стаў камандзірам узвода. Служыў ва Украіне, Германіі, Вільнюсе, Афганістане. А можа быць, гэта было прадчуванне таго, што жыццё звяжа мяне з вайной, бо на кожнае пакаленне мужчын нашага роду прыпадалі ваенныя дзеянні. Мой дзед прайшоў Першую сусветную вайну, бацька – Вялікую Айчынную, мяне паклікала афганская… Яны вярнуліся дадому, таму і я быў упэўнены, што ў хуткім часе ўбачу родных, з якімі, на жаль,              з-за службы даводзілася перыядычна расставацца.

Афганская вайна разлучыла Уладзіміра Карпухіна з жонкай і сынам на паўтара года.

– Ведаў: мяне чакаюць дома! Таму быў стымул захаваць жыццё, каб хутчэй вярнуцца да родных, – адзначыў Уладзімір Васільевіч. – Нягледзячы на тое, што з кожным днём было ўсё цяжэй, знаходзіў у сабе сілы служыць далей.

І ён вытрымаў гэтыя выпрабаванні, як і астатнія салдаты ўзвода. Дарэчы, усе яны вярнуліся жывымі і здаровымі да сваіх маці. Увесь час, які давялося прабыць у Афганістане, па расказах Уладзіміра Карпухіна, ён думаў аб роднай Беларусі, часта бачыў яе ў снах… І пасля вяртання верш пра Бацькаўшчыну склаўся сам па сабе:

Я думал, что к тебе вернусь,

Когда я был в чужих краях.

Привет, родная Беларусь!

Как долго видел тебя в снах…

З таго моманту Уладзімір Карпухін пачаў пісаць вершы, а затым і песні.

– Афганістан змяніў мяне, – падкрэсліў ён. – Натхніў на паэзію. Я стаў паэтам і выканаўцам.

Сёння ў яго больш за сто вершаў, значная частка з якіх, зразумела, афганскай тэматыкі. Яго песні ў рэпертуары групы “Каскад”, дый сам аўтар, імя якога вядома і за межамі нашага раёна, часта выступае на канцэртах.

Прайшло трыццаць гадоў, але кожны дзень, праведзены ў Афганістане, у памяці Уладзіміра Васільевіча, бо гэта хоць і невялікая, але частка яго жыцця.

Марыя ШУТ.

Фота аўтара.

 

І на вайне неабходна захоўваць чалавечнасць

Цяпер ад падзей у Афганістане ў ветэрана Віктара КАПЫЛОВА засталіся толькі ўспаміны і дзяржаўная ўзнагарода – ордэн Чырвоная Зорка.

Віктар Капылоў два гады служыў у Афганістане.

Напярэдадні юбілейнай даты – 30 гадоў са дня вываду абмежаванага кантынгенту савецкіх войск з Афганістана – карэспандэнт раёнкі сустрэлася з Віктарам Васільевічам, каб той падзяліўся сваімі ўспамінамі.

У 1982 годзе з Кіеўскай ваеннай акругі, дзе праходзіў службу ў танкавым палку, ён накіраваўся ў Афганістан. Маладому афіцэру было тады 25 гадоў. За яго плячыма засталіся год тэрміновай службы ў Барысаве і Чэхаславакіі, дзе камандаваў мотастралковым аддзяленнем, і чатыры гады вучобы ў Харкаўскім гвардзейскім вышэйшым танкавым камандным вучылішчы. Прызнаецца, што з дзяцінства падабалася армія, хоць спадчынных перадумоў да таго не было: бацька працаваў механізатарам, маці – нянечкай у дзіцячым садзіку.

– Сапраўдная служба ў Афганістане для мяне пачалася на трынаццаты дзень, – распавядае Віктар Васільевіч. – Танк, якім кіраваў, падарваўся на міне. Пасля гэтага выпадку камандзір паціснуў мне руку і павіншаваў з баявым хрышчэннем.

Танкавая рота, якой камандаваў афіцэр, налічвала 36 чалавек, але іх колькасць магла вагацца ў залежнасці ад масштабаў і складанасці выканання баявых задач. Віктар Капылоў не хавае, што ўсе ваенныя аперацыі, у якіх выпала ўдзельнічаць, засталіся ў памяці і па сённяшні дзень.

– Былі і параненыя, і загінулыя таварышы, – успамінае ён. – Мае саслужыўцы радавы Васіль ШАМАЎ памёр у шпіталі ў Ташкенце з-за ранення, якое атрымаў, калі мы трапілі ў аблаву маджахедаў, а Сяргей МЫЛЬНІКАЎ застаўся інвалідам. Усе мы адносіліся да службы вельмі добрасумленна і адказна. На кожнага чалавека са сваёй роты я мог разлічваць, быў упэўнены, што ён не падвядзе. Збліжаў падчас вайны нават кожны маленькі бой. Параненых ніколі не пакідалі.

Пасля давялося камандаваць разведротай. Прыбываючых з Радзімы маладых салдат Віктар Васільевіч стараўся ўводзіць у баявое жыццё па адным, каб даць хлопцам час прызвычаіцца да тутэйшага парадку. Праз пару месяцаў яны станавіліся сапраўднымі байцамі, не азіраліся на кожны выстрал і свіст кулі. Для разведаперацый камандзір падбіраў салдат у залежнасці ад ступені важнасці задання і ўзроўню іх гатоўнасці яго выканаць.

– Заканчэння тэрміну службы чакалі асабліва, – гаворыць Віктар Васільевіч. – Я не мог пакінуць свой пост, пакуль не прыбудзе замена. Яе меркавалі прыслаць у верасні. Але толькі 22-га кастрычніка змог выехаць з Афганістана.

Наступныя пяць гадоў служыць давялося ў Далёкаўсходняй ваеннай акрузе, на Сахаліне.

– Цяжка было адаптавацца да новых умоў пры такой змене клімата, – кажа Віктар Капылоў. – Калі вярнуўся ў Беларускую ваенную акругу, спачатку на год трапіў у Бабруйск. Затым паступіў на службу ў Бялыніцкі ваенны камісарыят на пасаду старшага памочніка райваенкама. Здзівіўся: і так можна служыць? На нас, хто прайшоў ваенную службу ў Афганістане, назаўсёды застаўся  адбітак: выкананне абавязку не заканчваецца з завяршэннем працоўнага дня.

Пасля выхаду на пенсію ў 1994 годзе Віктар Васільевіч яшчэ некалькі гадоў выкладаў ваенную падрыхтоўку маладым хлопцам у Бялыніцкім прафесійным ліцэі № 17. Прызнаецца, што стараўся даваць ім веды, неабходныя для службы ў войску, якая тых чакала. Аб страшэнных падзеях вайны не распавядаў, часам  успамінаў толькі вясёлыя гісторыі – не хацеў загадзя палохаць маладое пакаленне.

Армейскае жыццё навучыла Віктара Капылова ўважліва адносіцца да кожнага чалавека. Калі бачыў, што ў навабранца не ўсё атрымліваецца, але той стараецца, – дапамагаў. Так фарміраваліся паважлівыя адносіны паміж камандзірам і салдатамі. І да службы маладыя байцы ставіліся адказна, бо ў іх перад вачамі быў прыклад.

У 1991 годзе Віктара Капылова выбралі старшынёй раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”. Для яго гэта было нечакана, аднак узначальваў арганізацыю на працягу наступных 11 гадоў. Удзельнікам яе дапамагаў па меры магчымасцяў і з жыллём, і з бытавымі пытаннямі.

Цяпер Віктар Васільевіч перыядычна стэлефаноўваецца са сваімі старымі сябрамі, пазнаёміцца з якімі давялося падчас службы ў Афганістане. Геаграфія іх пражывання даволі шырокая: Навасібірск, Сураж, Тальяці, Чалябінск…

– Здзіўляюся, калі ў мяне запытваюцца, ці патрэбна нам была вайна ў Афганістане, – кажа Віктар Капылоў. – Кожнаму паасобку – наўрад ці. Але ўсяму савецкаму народу на той час – так. Кіраўніцтва Афганістана звярнулася да нашай краіны з просьбаю аб дапамозе, і мы проста не маглі адмовіць у ёй.

Алена БЫКАВА.

Фота аўтара.

 

Гэта была служба Айчыне…

Амаль 15 тысяч салдат і афіцэраў, у тым ліку 723 беларусы, не вярнуліся дамоў з вайны ў Афганістане, якая скончылася 30 гадоў таму. На памятным знаку загінулым землякам воінам-“афганцам” у Бялынічах пазначаны прозвішчы землякоў: Міхаіл Лапо, Міхаіл Зайцаў, Генадзь Бельскі.

З ваеннымі таварышамі. Крайні справа – Сяргей Румянцаў.

У 1987 годзе са службы ў Афганістане вярнуўся бялынічанін Сяргей РУМЯНЦАЎ. 18 месяцаў яго жыцця прайшлі ў спякотным Кабуле.

Перад арміяй Сяргей Генадзьевіч удзельнічаў у вучэбных зборах у ваеннай часці ў Пашкава, што пад Магілёвам. Там упершыню сягаў на парашуце. Рабіць гэта яму даводзілася потым не адзін раз і падчас службы ў Афганістане.

– У жніўні 1985 года мне споўнілася 18 гадоў, а ў лістападзе прызвалі на тэрміновую ваенную службу, – успамінае Сяргей Румянцаў. – Спачатку трапіў у літоўскі Гайжунай, дзе было размешчана вучэбнае падраздзяленне Віцебскай дэсантнай дывізіі. Там рыхтавалі санінструктараў, сувязістаў і механікаў-вадзіцеляў баявых машын пяхоты – да апошніх адносіўся і ваш суразмоўца.

Падчас службы ў Афганістане.

Напачатку службы камандзір роты абвясціў, што ўсе 60 чалавек накіруюцца пасля падрыхтоўкі ў Афганістан.

– У нас не было такога: “Хачу – не хачу”… Усе мы выконвалі воінскі абавязак, – адзначае Сяргей Генадзьевіч. – Таму з таварышамі без лішніх слоў накіраваўся ў Афганістан.

У складзе 350-га палка 103-й Віцебскай дэсантнай дывізіі Сяргей Румянцаў прыняў удзел у шматлікіх ваенных аперацыях.

Першыя тры месяцы ён быў стралком на БТРы, суправаджаў калоны да саюзнай мяжы. Пасля стаў вадзіцелем БМП. А праз некалькі месяцаў Сяргея Генадзьевіча перавялі ў гранатамётны ўзвод.

– Нас высаджвалі на сопку, каб зверху прыкрываць разведроту, – распавядае Сяргей Генадзьевіч. – Адна такая аперацыя па пошуках маджахедаў, іхніх тайнікоў са зброяй магла займаць адзін-два тыдні. Аднойчы ў Кандагары адказвалі за бяспеку ў час сустрэчы камандавання абмежаванага кантынгенту савецкіх войск з кіраўнікамі груповак “душманаў”.

Тая вайна, хоць і засталася ў мінулым, напамінае аб сабе Сяргею Румянцаву яшчэ і тым, што кожны год праходзяць сустрэчы воінаў-інтэрнацыяналістаў Бялыніцкага, Круглянскага, Шклоўскага і Магілёўскага раёнаў.

– На шчасце, забітых сярод маіх паплечнікаў не было, – расказвае ветэран. – Безумоўна, у нашым узводзе былі параненыя, але ўсе 15 байцоў засталіся жывымі. У суседніх падраздзяленнях знаходзіліся землякі Аляксандр ТАМАРОВІЧ, які, на жаль, памёр ужо, Анатоль ЛЮБЕЦКІ, Аляксандр ЮШКЕВІЧ – з імі заўсёды сябраваў. І цяпер працягваем падтрымліваць сувязь.

Ваенная служба ў Афганістане праляцела для Сяргея Румянцава вельмі хутка. Кожны раз салдата чакала новае заданне, новае месца, і заўсёды прыходзілася выкладвацца поўнасцю як фізічна, так і маральна. Сяргей Румянцаў узнагароджаны медалём “За адвагу”.

На радзіму вяртаўся праз Ташкент і Маскву.

– Бацькі заўсёды перажываюць за сваіх дзяцей. Аднак жа трэба служыць Айчыне. І кожны абаронца яе павінен выканаць свой доўг, – кажа Сяргей Румянцаў.

Алена БЫКАВА.

          Фота з архіва

            Сяргея Румянцава.

 

Памяць ажывае ў вершаваных радках

Час бяжыць няспыннай хадою, адлічвае хвіліны, дні, гады… Адны падзеі сцірае з памяці, іншыя – дадае, але некаторыя моманты жыцця нельга проста выкрасліць, іх немагчыма забыць.

З баявымі сябрамі (Аляксандр Плехаў крайні злева ў ніжнім радзе).

Бялынічанін Аляксандр ПЛЕХАЎ падчас тэрміновай службы ў войску амаль 20 месяцаў прабыў у “гарачай кропцы” ў складзе абмежаванага кантынгенту Савецкай Арміі ў Афганістане.

Нарадзіўся Аляксандр Уладзіміравіч у Цяхціне. З юнацкіх гадоў марыў служыць у Паветрана-дэсантных войсках. У савецкі час служба ў ПДВ была прэстыжнай, гэты род войск лічыўся элітным. Яшчэ ў школе Аляксандр пачаў загартоўваць сябе, наведваў заняткі па парашутным спорце ў ДАТСААФ у Магілёве.

Мара стаць дэсантнікам ажыццявілася. Службу пачаў у адной з часцей ПДВ у Віцебску, а праз лічаныя месяцы іх дывізію адправілі ў Фергану.

– Ніхто не гаварыў загадзя, што будзем служыць у Афганістане, – успамінае Аляксандр Уладзіміравіч. – У вучэбцы нас рыхтавалі, як і звычайных салдат. Толькі ў апошнія дні даведаліся, што службу будзем праходзіць у зоне баявых дзеянняў. Калі пасля вучэбкі адпраўляліся ў Афганістан, афіцэры, якія з намі займаліся, апранулі парадную форму з баявымі ўзнагародамі. Так мы здагадаліся, што нашы настаўнікі пабывалі на афганскай вайне. Зараз, аналізуючы з вышыні пражытых гадоў тыя падзеі, разумею, чаму маладых салдат уводзілі ў курс справы пакрысе. Такім чынам рыхтавалі да будучых маральных і фізічных выпрабаванняў. Пасля баявых аперацый нярэдка здараліся выпадкі, калі хлопцы пакутвалі не ад куль “душманаў”, а ад псіхалагічнай напружанасці і ад таго, што яны не гатовы былі дзейнічаць у экстрэмальнай сітуацыі. Мне дапамаглі не “зламацца” сялянская загартоўка і выхаванне, якое далі бацькі, мой дзядуля-франтавік, родная школа.

Аляксандр Плехаў патрапіў на службу ў Кабул у складзе 103-й дывізіі 350-га палка. На месцы маладых дэсантнікаў пачалі расфарміроўваць па батальёнах. Аляксандру пашчасціла патрапіць на службу да вопытнага афіцэра Валерыя СПІЦЫНА. Гэты чалавек не аднойчы бываў у эпіцэнтры ваенных дзеянняў, адказна ставіўся да выканання баявых задач, і да салдат адносіўся па-бацькоўску, не заўсёды ў якасці камандзіра, а хутчэй як мудры настаўнік.

– Гэты чалавек быў, як зараз кажуць, на сваім месцы, у батальёне яго вельмі любілі і паважалі. Пад камандаваннем Валерыя Іванавіча паспяхова ажыццявілі шмат баявых аперацый, – дзеліцца ўспамінамі пра былога камбата Аляксандр Плехаў. – У нас з ім склаліся асабліва цёплыя адносіны, нават не адчувалася мяжы паміж службовым рангам афіцэра і салдата. Напрыканцы жніўня 1984 года ў правінцыі Вардак мы павінны былі авалодаць вышынёй, выбіць адтуль “душманаў”. Быў дадзены загад дэсантавацца ў цясніне каля кішлака Катай-Ашру. У тым верталёце, які ляцеў на баявую аперацыю, павінен быў знаходзіцца і я, але ў апошні момант камбат перадумаў, загадаў мне і яшчэ двум салдатам застацца. Гэта быў апошні яго вылет. У цясніне баевікі наскрозь прашылі кулямі верталёт… Тую вышыню мы ўсё ж узялі. Але якой дарагой цаной! Дагэтуль задаю сабе пытанне, чаму камбат вырашыў у апошні момант мяне пакінуць, і не знаходжу на яго адказ.

Нізка схіляю галаву ў памяць аб загінулых баявых таварышах. Дзякуючы такім людзям, як мой камандзір, тысячы байцоў змаглі вярнуцца дадому, абняць сваіх бацькоў, жонак, дзяцей, нявест…Мне выпаў лёс служыць пад камандаваннем выдатных афіцэраў нашага другога батальёна і іх прозвішчы буду памятаць да канца сваіх дзён…

Са слязьмі на вачах і болем у сэрцы нарадзіліся вершаваныя радкі, якія Аляксандр Плехаў прысвяціў камбату і ўсім загінулым таварышам, з кім давялося тады несці цяжар суровых вайсковых будняў.

Часто видел во сне,

как горел вертолёт,

Он кружился и медленно

падал.

Там горели ребята,

горел мой комбат,

Их закончилась жизнь

сущим адом.

 

А потом в нашем клубе

стояли гробы

И уныло горели

прощальные свечи,

И седой генерал

со слезами в глазах

Говорил свои тихие речи.

 

– Вы простите нас, мамы,

простите отцы,

Что ваших детей

мы сберечь не смогли,

Что в цинк заковавших

везут их домой,

Совсем ещё юных к своей

маме родной.

 

Мы несли на руках своих

добрых друзей

И молча просили у Бога:

– Ты прими их, Господь,

и грехи им прости,

Жизнь и так наказала

их строго.

 

Обелиски стоят на чужой

той земле,

Там их звёзды горят

алой кровью.

Но никто не возложит

к ним красных гвоздик

И не скажет там речь

с теплотой и любовью.

 

Я надеюсь, что время

излечит.

И все раны, что душу

терзают и рвут,

Навсегда наше сердце

наконец-то покинут,

А погибшие наши

свой покой обретут.

Гэты верш аўтар размясціў у сацыяльнай сетцы “Аднакласнікі”, дзе ён зарэгістраваўся з мэтай адшукаць сваіх баявых сяброў. Праз невялікі час Аляксандра Уладзіміравіча напаткала прыемная навіна. Верш прачытала ўдава былога камандзіра Надзея Спіцына і сама напісала яму. У часці, дзе праходзіў службу яе муж, выйшла кніга да юбілейнай даты вываду войск з Афганістана. У яе ўвайшлі ўспаміны Аляксандра Плехава аб службе і сяброўстве з баявым камандзірам.

     Фота з архіва

                        Аляксандра Плехава.

 

 

 

 

 

Print Friendly, PDF & Email