Чарговы выезд групы інфармацыйна-сацыяльнага цягніка “Клопат” адбыўся ў вёску Майск

На сустрэчу з інфармацыйна-сацыяльнай групай, у склад якой увайшлі прадстаўнікі мясцовай улады, сацыяльных служб, РАНС і райаддзела міліцыі, прыйшло каля паловы жыхароў вёскі. А гэта сведчыць пра тое, што людзям цікавыя такія зносіны, падчас якіх адбываецца ўзаемнае інфармаванне і аб развіцці сельсавета, раёна, і аб надзённых праблемах мясцовага насельніцтва.

Адно з пытанняў, якое хвалявала практычна ўсіх, хто прыйшоў на сустрэчу, тычылася Вялікай Айчыннай вайны. Цяперашнія сведкі тых падзей, якія тады знаходзіліся ў дзіцячым узросце, перажылі голад і холад, і страх згубіць бацькоў і родных ці самім аказацца забітым, спаленым альбо вывезеным у Нямеччыну…

За сваю шматвекавую гісторыю паселішча і яго жыхары вымушаны былі перажыць не адну трагедыю. Адна з апошніх звязана з Вялікай Айчыннай вайной, калі ўлетку 1941 года фашысты спалілі 22 двары і знішчылі 25 вяскоўцаў. Факт жудаснай расправы фашыстаў над мірным насельніцтвам Майска пацвярджаецца і архіўнымі дакументамі. Але і памяць мясцовых “дзяцей вайны”, нягледзячы на іх паважаны ўзрост, і па сёння крывавіць тымі балючымі ўспамінамі: такое ніколі не забываецца!

Бабулькі, ніколькі не раздумваючы, дакладна паказваюць на заснежанай вясковай вуліцы месцы тады згарэлых сядзіб, успамінаюць прозвішчы загінулых аднавяскоўцаў.

Галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Кацярына КАРПІКАВА, старшыня Машчаніцкага сельвыканкама Іна НАПРЭЕНКА патлумачылі ім, што некалькі гадоў таму Беларускі фонд міру сумесна з германскім фондам “Памяць, адказнасць і будучыня”, берлінскім дабрачынным аб’яднаннем “Кантакты” пачалі ажыццяўляць міжнародны праект “Сацыяльная падтрымка людзям, якія выжылі ў спаленых беларускіх вёсках”. І ўжо больш за тысячу беларусаў, якія перажылі невымоўную жудасць спалення сваіх вёсак, знішчэння аднавяскоўцаў, родных, атрымалі матэрыяльную дапамогу.

Прысутным на сустрэчы жыхарам Майска быў растлумачаны парадак звароту па атрыманне такой дапамогі.

Члены групы інфармацыйна-сацыяльнага цягніка “Клопат” таксама пацікавіліся ў вяскоўцаў, як вырашаюцца пытанні іх жыццезабеспячэння.

– Вуліца і дарога ачышчаюцца ад снегу, рэйсавы аўтобус ходзіць, аўталаўка і мабільная пошта прыязджаюць рэгулярна. Вось і сёння доктар з Эсьмонаў прывезла нам лекі, – кажуць яны.

Разам з тым пенсіянер Аляксей ЛАПО звярнуў увагу на тое, што ніякім чынам не выкарыстоўваецца памяшканне закрытага некалі сельскага клуба. Будынак прыходзіць у запусценне, а мог бы яшчэ паслужыць нейкай добрай і карыснай справе. Прадстаўнікі мясцовай улады гэту прапанову ўзялі на заметку.

Праўда, на месцы дакладна высветліць, хто з’яўляецца ўласнікам пабудовы, так і не ўдалося. На жаль, не дапамагла ўнесці яснасць наконт балансатрымальніка зачыненага клуба і старшыня Машчаніцкага сельвыканкама Іна Напрэенка. Крыху пазней начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Іна ІГНАТОВІЧ паінфармавала, што на балансе аддзела клуб у Майску не знаходзіўся і не знаходзіцца. Гаспадаром яго, пабудаванага яшчэ ў перыяд дзейнасці саўгаса “Эсьмоны”, хутчэй за ўсё з’яўляецца ААТ “Новая Друць”.

Пагутарыў з вяскоўцамі аб неабходнасці строга захоўваць правілы пажарнай бяспекі, нагадаў ім, як правільна паліць печы ў маразы і паводзіць сябе на вуліцы падчас завей і галалёду, раздаў адмысловыя лістоўкі “Бяспеку – у кожны дом” і начальнік РАНС Віталь ВОРАНАЎ. А пасля сустрэчы супрацоўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях правялі абход домаўладанняў жыхароў паселішча.

Міхась КАРПЕЧАНКА.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email