Заўсёды рада дапамагчы

Расчыстка дарогі, ліквідацыя аварыйных дрэў, перабоі з падачай пітной вады – самыя частыя пытанні, з якімі звяртаюцца да дэпутата Эмы ГАЛУШКІНАЙ. 

Усе праблемы, якія ўзнікаюць у жыхароў вёсак Вялікі Нежкаў і Сіпайлы Вішоўскага сельсавета – яе выбарчай акругі, Эма Іванаўна вырашае хутка, бо вопыту ў гэтай справе ў яе ўжо дастаткова. 

Эма Галушкіна працуе настаўнікам пачатковых класаў Вішоўскай СШ. Амаль дваццаць гадоў бесперапынна выбіраецца дэпутатам мясцовага сельсавета.

– Сама пражываю ў Вялікім Нежкаве, нарадзілася таксама непадалёку ад гэтага населенага пункта – у Вішове. Таму жыхары навакольных вёсак добра ведаюць мяне, а я іх, – распавядае дэпутат.

Напрыклад, у зімовы перыяд, калі пачынаюцца моцныя снегапады, і дарожныя службы не паспяваюць расчысціць дарогі, уборкай снегу ў вёсцы займаюцца самі жыхары.

– Мне пашанцавала ўзаемадзейнічаць з такімі старастамі, як Наталля ЛЯНЕЎСКАЯ ў в. Вялікі Нежкаў і Алена ПАПКОВА – у в. Сіпайлы, – адзначыла Эма Галушкіна. – Дзякуючы Наталлі Аляксандраўне і яе мужу, якія да ўласнай тэхнікі зрабілі снегаўборачнае прыстасаванне, праблемы з расчысткай дарогі, вуліц атрымліваецца пазбягаць.

Вядома, што адразу ўсе набалелыя пытанні пераадолець складана, але што Эма Іванаўна не пакідае іх па-за ўвагай, – факт. Дый наогул, у яе жыцці дробязей не бывае. Яна лічыць, што кожная справа, за якую бярэцца чалавек, павінна рабіцца належным чынам. А інакш навошта за яе брацца?

У мінулым годзе да яе звярнулася аднавяскоўка з просьбай пасадзейнічаць з высечкай аварыйных дрэў, якія навісаюць над яе домам. Дэпутат адразу ж занялася гэтым пытаннем. У той жа дзень, зразумела, дрэвы не ліквідавалі, але ў сельвыканкаме запісалі адрас пенсіянеркі і паведамілі, што заяўка такога характару не адзіная, таму работы па выдаленні старых дрэў будуць праведзены адразу ва ўсіх вёсках сельсавета, дзе маецца ў гэтым патрэба.

З сур’ёзнай праблемай сутыкнуліся вяскоўцы і напрыканцы мінулага года. Напярэдадні навагодніх святаў у Нежкаве два дні адсутнічала падача вады. Эма Галушкіна разумела, што ў вёсцы многа жыхароў пажылога ўзросту, якія не ў стане самастойна  прынесці сабе вады з калодзежа. Дэпутат звярнулася ў БУКП “Жылкамгас”, а таксама ў яго філіял у Вішове, каб хутчэй ліквідавалі непаладкі. І варта  адзначыць, што адрэагавалі ў камунальным прадпрыемстве своечасова, і свята вяскоўцы адзначылі з вадой.

– Я люблю размаўляць з людзьмі, стараюся перыядычна пагаварыць з кожным, каб пераканацца, што ў яго ўсё добра, – адзначыла дэпутат. – А калі і трэба камусьці мая дапамога, то ніколі не пакіну просьбу гэтага чалавека без увагі.

Марыя ШУТ.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email