У ЦРБ адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае падвядзенню вынікаў агляду-конкурсу сярод структурных падраздзяленняў за 2018 год

Днямі ў ЦРБ адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае падвядзенню вынікаў агляду-конкурсу сярод структурных падраздзяленняў за 2018 год.

На ім прысутнічалі намеснік старшыні райвыканкама Ірына ФУРСАВА  і галоўны ўрач абласной медыка-рэабілітацыйнай экспертнай камісіі Міхаіл КАРПЕЧЫН.

Пра тое, як спрацаваў калектыў ЦРБ у мінулым годзе расказаў прысутным Павел МАНЬКО. Ён падкрэсліў, што ЦРБ забяспечана ўсім неабходным медыцынскім абсталяваннем для лячэння, дыягностыкі і прафілактыкі захворванняў у адпаведнасці з раённым узроўнем аказання медыцынскай дапамогі, што дазваляе ўрачам асвойваць новыя методыкі абследаванняў і лячэння пацыентаў.

– У мінулым годзе зроблены касметычны рамонт хірургічных кабінетаў паліклінікі, палат тэрапеўтычнага аддзялення, фасада Машчаніцкай амбулаторыі і памяшканняў харчаблока, – паведаміў галоўны ўрач. – За кошт спонсарскай дапамогі СВК “Калгас “Радзіма” абноўлены фасад Нежкаўскай амбулаторыі, зроблены рамонт у кабінеце ўрача-эндакрынолага паліклінікі. На выдзеленыя сродкі ПМК № 241 праведзена замена вокнаў у памяшканнях дзіцячай кансультацыі. Таксама за спонсарскую дапамогу набыты комплекс аператыўнага кантролю электракардыяграм для “хуткай”, медыцынскі манітор для аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі. За пазабюджэтныя сродкі летась у паліклініцы з’явілася яшчэ адна стаматалагічная ўстаноўка, а за сродкі мясцовага бюджэту набыты аўтамабіль для аказання неадкладнай меддапамогі жыхарам нашага раёна, якая стала функцыянаваць пры паліклініцы са жніўня мінулага года і дазволіла знізіць колькасць выклікаў машын хуткай медыцынскай дапамогі.

Актыўна вядзецца і прафілактычная работа па папярэджанні розных захворванняў. Павел Аляксандравіч адзначыў, што ў 2019 годзе працягваецца работа па паляпшэнні дэмаграфічнай сітуацыі ў раёне, далейшым правядзенні скрынінгу і раннім выяўленні анкалагічных захворванняў, па паляпшэнні якасці і даступнасці медыцынскай дапамогі.

Міхаіл Карпечын, які на працягу некалькіх гадоў з’яўляецца куратарам нашай ЦРБ, пажадаў медработнікам новых працоўных поспехаў і ўручыў урачу агульнай практыкі паліклінікі Вользе МАРЧАНКА Ганаровую грамату галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама і абкама прафсаюза работнікаў аховы здароўя, а старшай медыцынскай сястры хірургічнага аддзялення Іне БІРУКОВАЙ – грашовую прэмію.

Ірына Фурсава пачала сваё выступленне цытаваннем слоў з песні, якая прагучала на сходзе ў выкананні салісткі РЦК Даяны ПШАНІЧНІК: “Калі можаш дапамагчы – дапамажы, калі можаш сагрэць – адагрэй…”

– Гэтыя радкі можна ў поўнай ступені аднесці да кожнага работніка аховы здароўя, таму што часам менавіта цеплыня вашых сэрцаў, шчырае стаўленне да пацыентаў дапамагаюць больш хуткаму выздараўленню хворых, – адзначыла Ірына Уладзіміраўна.

Асаблівую ўвагу медыкаў яна засяродзіла на пытаннях дыспансерызацыі і правядзенні прафаглядаў.

– Каб знізіць смяротнасць насельніцтва, у тым ліку і ў працаздольным узросце, да гэтых пытанняў трэба паставіцца больш сур’ёзна, і памятаць, што фармалізм тут недапушчальны, – адзначыла Ірына Уладзіміраўна. – Бо важна не толькі колькасць дыспансерызаваных пацыентаў, але і яе якаснае правядзенне.

Таксама было закранута пытанне  прафарыентацыі.

– Трэба больш актыўна праводзіць прафарыентацыйную работу са школьнікамі, таму што забяспечанасць урачамі ў раёне складае менш за 80 працэнтаў, – звярнула ўвагу Ірына Фурсава. – Не варта забываць і пра прапаганду здаровага ладу жыцця, перыядычна праводзіць прафілактычныя мерапрыемствы па недапушчэнні курэння і злоўжывання спіртнымі напоямі.

За высокі прафесіяналізм, дасягнутыя працоўныя поспехі ў 2018 годзе каля сарака медработнікаў узнагароджаны ганаровымі граматамі, граматамі, падзякамі і грашовымі прэміямі адміністрацыі ЦРБ. Па выніках агляду-конкурсу сярод структурных падраздзяленняў установы аховы здароўя за павышэнне якасці і культуры аказання медыцынскай дапамогі, выкананне паказчыкаў мадэлі канчатковых вынікаў сярод аддзяленняў ЦРБ пераможцам прызнаны калектыў аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі (загадчык – Аляксандр КЛЕШЧАНОК), другое месца заняў калектыў неўралагічнага аддзялення (Ілона РАМАШЫНА), трэцяе – калектыў акушэрска-гінекалагічнага аддзялення (Аксана АНДРЭЕВА). Лепшай урачэбнай амбулаторыяй прызнана Нежкаўская АУАП, якой загадвае Марыя ЗАЙЦАВА, фельчарска-акушэрскім пунктам – Эсьмонскі ФАП (Алена ЦЕЛЕШ), якія ўзнагароджаны граматамі і грашовымі прэміямі.

Святочны настрой падчас мерапрыемства падарылі прысутным салісты і музычны калектыў РЦК, а таксама самі медработнікі – акушэрка радзільнага аддзялення Марыя РАКУЗАВА і загадчыца Галоўчынскай АУАП Святлана СІДАРЭНКА.

Марыя ШУТ.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email