Правільным паводзінам вучаць з дзяцінства

Штодня супрацоўнікі РАНС сумесна з іншымі суб’ектамі прафілактыкі вядуць работу па папярэджанні ўзнікнення надзвычайных сітуацый. Днямі ў дзіцячым аддзяленні ЦРБ адкрыўся сумесны з РАНС куток бяспекі.

Ідэю падказалі выратавальнікі, медыкі адразу падтрымалі ініцыятыву. Дзіцячае аддзяленне, на іх думку, было выбрана таму, што бяспецы трэба вучыць з малых гадоў, бо веды, атрыманыя ў дзяцінстве, замацоўваюцца на ўсё жыццё.

На адкрыцці кутка бяспекі прысутнічалі галоўны ўрач ЦРБ Павел МАНЬКО, інспектар ГПіУГ РАНС Кацярына ЛЮБІВАЯ і маленькія пацыенты, якія падчас урачыстай падзеі знаходзіліся на стацыянарным лячэнні ў аддзяленні.

– Адкрыццё кутка бяспекі дасць магчымасць у гульнявой, даступнай для дзяцей форме, навучыць іх правілам бяспечных паводзін, дапаможа запомніць асноўныя дзеянні пры ўзнікненні надзвычайнай сітуацыі, знайсці правільны выхад з небяспечнага становішча, – адзначыла Кацярына Любівая.

Новы куток, размешчаны ў гульнявой зале аддзялення, адразу спадабаўся дзецям. Інфармацыйныя плакаты, прафілактычныя лістоўкі, налепкі, размалёўкі, цацачныя пажарныя машыны і сродкі пажаратушэння, а таксама медыцынскія прыборы і рэкамендацыі па вядзенні здаровага ладу жыцця, прафілактыцы захворванняў – усё гэта даступна для кожнага маленькага пацыента. Таму зараз у іх з’явілася магчымасць падчас праходжання курса лячэння навучыцца і правілам бяспекі.

Марыя ШУТ.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email