Вялікаяі шчырая размова

Учора Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі грамадскасці і экспертнай супольнасці, беларускіх і замежных СМІ.

“Вялікая размова з Прэзідэнтам” прайшла ў Нацыянальным выставачным цэнтры “Белэкспа”.  Колькасць удзельнікаў яе перавысіла 200 чалавек. У іх ліку былі не толькі журналісты, але і прадстаўнікі самых розных сфер, грамадскіх арганізацый і канфесій.

Нагадаем, што такі адкрыты дыялог кіраўніка дзяржавы з грамадскасцю ўпершыню прайшоў у лютым 2017 года і меў вялікі рэзананс. Тады сустрэча доўжылася больш за сем гадзін.

Як адзначала ў размове з журналістамі прэс-сакратар Прэзідэнта Беларусі Наталля Эйсмант, “Вялікая размова з Прэзідэнтам” вельмі важная не толькі таму, што гэта выдатная магчымасць падвесці вынікі 2018 года, абмеркаваць самыя яркія, рэзанансныя падзеі з беларускімі і замежнымі журналістамі і экспертамі.

– Яшчэ адзін немалаважны аспект у тым, што ў сярэдзіне вясны Прэзідэнт традыцыйна звяртаецца з Пасланнем да народа і парламента. У разрэзе падрыхтоўкі да гэтага мерапрыемства (а гэта заўсёды праграмны, вельмі важны дакумент для ўсёй краіны) мы таксама ўспрымаем “Вялікую размову”, – сказала яна. – Гэта для Прэзідэнта своеасаблівая лакмусавая паперка: магчымасць атрымаць зваротную сувязь, у першую чаргу ад людзей, паколькі ў інтэрнэце цяпер праходзяць шматлікія апытанні на тэму, што хвалюе сёння наша грамадства.

Гаворачы пра кола ўдзельнікаў сустрэчы 1 сакавіка, яна адзначыла, што менавіта журналісты павінны ведаць, пра што думаюць беларускія грамадзяне, што іх хвалюе. У сваю чаргу, эксперты з’яўляюцца лідарамі меркаванняў. Уся размова будзе глыбока прааналізавана, і на яе аснове ў тым ліку будзе ажыццяўляцца падрыхтоўка Паслання Прэзідэнта народу і парламенту.

Заўважым, што 27-28 лютага інфармагенцтва БелТА правяло акцыю “Ваша пытанне Прэзідэнту”, у час якой чытачам было прапанавана расказаць аб хвалюючых іх тэмах і праблемах. Усяго паступіла амаль 2 тысячы пытанняў і прапаноў.

Прамую трансляцыю адкрытага дыялогу кіраўніка дзяржавы з грамадскасцю маглі ўбачыць гледачы тэлеканалаў “Беларусь 1” і міжнароднага спадарожнікавага “Беларусь 24”. Анлайн-вяшчанне забяспечвалася на сайце Белтэлерадыёкампаніі. Аўдыятрансляцыю ў рэжыме рэальнага часу арганізаваў Першы нацыянальны канал Беларускага радыё.

    Па матэрыялах БелТА

 падрыхтаваў Міхась КАРПЕЧАНКА.

Print Friendly, PDF & Email