Які вялікі сэнс укладваем мы ў выраз: служыць Радзіме! Гэта і ахова правапарадку, Дзяржаўнай мяжы, і праца на палях, фермах, прадпрыемствах, і навуковыя вынаходніцтвы. Словам, дзейнасць ва ўсіх сферах, дзе чалавек з карысцю для грамадства можа прымяніць свае веды і ўменні.
Начальнік Бялыніцкага міжраённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, падпалкоўнік юстыцыі Дзяніс ВІННІКАЎ больш за дваццаць гадоў таму вырашыў звязаць сваё жыццё з крыміналістыкай, і ніколькі не шкадуе аб сваім выбары.
– Мой брат у той час служыў у міліцыі, і яго прыклад натхніў мяне паступіць у Акадэмію МУС, – распавядае Дзяніс Аляксеевіч. – Пры Акадэміі быў створаны следча-экспертны факультэт, дзе рыхтавалі экспертаў-крыміналістаў. Вырашыў асвоіць гэту спецыяльнасць. Пасля заканчэння ВНУ быў размеркаваны на працу ў экспертна-крыміналістычную групу РАУС. У 2008 годзе займаў пасаду старшага эксперта, а з 2013 года, калі экспертна-крыміналістычная група ўвайшла ў склад ДКСЭ, узначаліў міжраённы аддзел, які ажыццяўляе дзейнасць на тэрыторыі Бялыніцкага і Круглянскага раёнаў.
1 сакавіка гэтага года споўнілася 100 гадоў з дня стварэння экспертна-крыміналістычнай службы МУС.
Гісторыя стварэння і дзейнасці яе на Бялыніччыне небагатая. Першымі былі тэхнік-крыміналіст Сяргей ОСІПАЎ і эксперт-крыміналіст Юрый БУНАКОЎ. Апошні быў для Дзяніса Віннікава настаўнікам, перадаваў веды і вопыт маладому спецыялісту.
– Сутнасць нашай работы ў дакладнасці і правільнасці дзеянняў, – тлумачыць Дзяніс Аляксеевіч. – Гэта такая сфера, дзе тэорыя з практыкай суіснуюць у цеснай узаемасувязі. Чым большы атрыманы багаж тэарэтычных ведаў, тым лягчэй эксперту на практыцы. Да таго ж, патрабуецца шмат цярплівасці, уседлівасці. Маладым людзям, якія пажадаюць набыць спецыяльнасць эксперта-крыміналіста, неабходна развіваць у сабе гэтыя якасці. У сённяшні час, з прыходам новых тэхналогій, працаваць стала нашмат лягчэй, а разам з тым і цікавей.
Некалькі гадоў таму ў аграгарадку Вішоў здарылася забойства. Падчас агляду дома, дзе адбылася трагедыя, на выключальніку эксперты знайшлі след ад пальца рукі. Дзякуючы дакладнасці дзеянняў і сучасным тэхналогіям, асоба падазронага ў злачынстве была ўстаноўлена за лічаныя гадзіны.
Таксама з дапамогай экспертаў не так даўно ўстанавілі па слядах карціну аднаго злачынства, а разам з тым і некалькі іншых, што лічыліся нераскрытымі. Адбываліся і камічныя выпадкі. Аднойчы паступіў сігнал аб крадзяжы ў сельскім магазіне. Злодзеі праламалі столь, скралі грошы, прадукты, спіртное. Экспертная група і следчыя пастараліся не ўпусціць ніводнай дэталі: слядоў было шмат. Праз некалькі гадзін працы сталі абследаваць гарышча і менавіта там знайшлі злодзея. Ён быў у стане моцнага алкагольнага ап’янення, спаў, абхапіўшы рукамі комін. Побач знаходзіліся скрадзеныя рэчы. Прачнуўся небарака толькі ў райаддзеле міліцыі.
– Зарука паспяховай работы экспертаў-крыміналістаў заключаецца ў цесным узаемадзеянні з супрацоўнікамі органаў унутраных спраў, следчага камітэта, – дадае Дзяніс Аляксеевіч. – Я не памыліўся, калі вярнуўся працаваць на малую радзіму. І працу сваю выконваеш з максімальнай адказнасцю, бо за ўсім гэтым стаіць дзейнасць не проста тваіх калег, а таварышаў і землякоў.
За шматгадовую бездакорную службу Дзяніс Віннікаў неаднаразова быў узнагароджаны граматамі райвыканкама, Падзякай старшыні ДКСЭ, медалём “За бездакорную службу” ІІІ ступені.
Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.
Фота аўтара
і з архіва Д.Віннікава.