Самыя страшныя разборкі – у сям’і

Па інфармацыі начальніка штаба РАУС Дзмітрыя ІГНАТОВІЧА, з 4 па  12 лютага праваахоўнікі склалі 21 адміністрацыйны пратакол, у тым ліку за знаходжанне ў грамадскіх месцах у стане алкагольнага апянення – 17, сямейны скандал – 4.

Мутная вадкасць. Супрацоўнікі РАУС выявілі і канфіскавалі ў жыхаркі в. Заполле 20 літраў падазронай вадкасці з характэрным пахам самагоннай брагі.

Галоўнае – провад! Па 20 метраў кабеля скралі ў жыхара садовага таварыства “Медык”, што на станцыі Друць, і з КЗС у вёсцы Малы Кудзін. На апошнім аб’екце злодзеі “сцібрылі” яшчэ і два электрарухавікі.

Напрацаваліся…  Дзве працаўніцы БУКП “Жылкамгас” прыйшлі на рабочыя месцы ў стане алкагольнага ап’янення. Але замест працоўнага інвентару атрымалі ад праваахоўнікаў адміністрацыйныя пратаколы.

На сваю галаву. Бялынічанка патэлефанавала ў міліцыю і паскардзілася на сужыцеля знаёмай, які ў стане алкагольнага ап’янення скандаліў і пагражаў сваёй грамадзянскай жонцы нажом. Супрацоўнікі РАУС супакоілі сямейнага тырана адміністрацыйным пратаколам. Увечары таго ж дня жанчына звярнулася ў міліцыю зноў. На гэты раз дэбашыр пачаў пагражаць ужо ёй.

Пацярпелі…куры. Жыхарка Лебядзянкі паскар-дзілася міліцыянерам на аднавяскоўку, сабака якой знішчыў дзвюх яе курэй. Бяспечная гаспадыня чатырохлапага свавольніка атрымала адміністрацыйны пратакол.

Сястра не супакоіцца. Увечары 10 лютага жыхарка аг. Вішоў патэлефанавала ў дзяжурную службу РАУС і паскардзілася на сястру, якая ў стане алкагольнага ап’янення паскандаліла з маці. А літаральна праз пару гадзін вішаўчанка звярнулася ў міліцыю з заявай на сястру зноў. Скандалістка атрымала два адміністрацыйныя пратаколы.

Ганна КАВАЛЁВА.

Print Friendly, PDF & Email