У панядзелак прафесійнае свята адзначаць тыя, хто валодае такімі якасцямі, як смеласць, мужнасць, дысцыпліна, – супрацоўнікі міліцыі

У панядзелак прафесійнае свята адзначаць тыя, хто валодае такімі якасцямі, як смеласць, мужнасць, дысцыпліна, – супрацоўнікі міліцыі. Прыемна паведаміць, што для некаторых бялыніцкіх праваахоўнікаў гэта свята стала па-сапраўднаму сямейным – у райаддзеле ўнутраных спраў працуе некалькі міліцэйскіх дынастый.

Сям’ю Леаніда і Марыі ІГНАТОВІЧАЎ, якія не адзін дзясятак гадоў прысвяцілі службе ў РАУС, ведае, напэўна, большая палова жыхароў раёна. Яны выхавалі сына і дачку, якія прыйшлі ў райаддзел на змену бацькам. Дзмітрый Ігнатовіч і Вольга ШАЎЧОНАК адказна нясуць праваахоўную службу, як гэта рабілі іх бацькі, якія з ранніх гадоў прывілі дзецям любоў да сваёй прафесіі, навучылі быць дысцыплінаванымі і адказнымі.

– Можна сказаць, што я вырас у сценах райаддзела, – з усмешкай гаворыць Дзмітрый Леанідавіч. – Усё дзяцінства побач са мной былі людзі ў форме, якія сталі для мяне добрым прыкладам. Таму сказаць дакладна, хто каго выбраў: я прафесію ці яна мяне – складана.

У органах МУС Дзмітрый Ігнатовіч служыць з 1995 года і, варта адзначыць, што ў лютым споўнілася дваццаць гадоў, як ён працуе на малой радзіме. За гэты час, зразумела, змяніў некалькі пасад  – ад участковага інспектара да начальніка штаба РАУС.

Прадоўжыла сямейную традыцыю і Вольга Леанідаўна. Пасля заканчэння юрыдычнага факультэта МДУ імя А. А. Куляшова нядоўга адпрацавала юрыстам у аддзеле па адукацыі райвыканкама, а затым змяніла Марыю Іванаўну, якая ў той час сыходзіла на заслужаны адпачынак. Зараз Вольга Леанідаўна працуе ў райаддзеле міліцыі старшым інспектарам групы па грамадзянстве і міграцыі.

Дарэчы, на гэтым міліцэйская дынастыя Ігнатовічаў не завяршылася, падрастае маладое пакаленне – старэйшая дачка Дзмітрыя Леанідавіча вучыцца на першым курсе юрыдычнага факультэта БДУ, і па заканчэнні ВНУ Вікторыя плануе звязаць свой лёс са службай у праваахоўных органах, як калісьці гэта зрабілі яе родныя.

Па слядах бацькі і дзеда пайшоў і старшы інспектар па дазваляльнай рабоце ААПП РАУС Аляксандр КРОЛ. Трэці год пасля атрымання адукацыі ў Магілёўскім інстытуце МУС Аляксандр Міхайлавіч актыўна вядзе прафілактычную працу з жыхарамі раёна.

Пераняў бацькаў вопыт і начальнік аддзялення крымінальнага вышуку Аляксандр БАЛДЫШЭЎСКІ. А з нядаўняга часу калектыў райаддзела папоўніла маладая сям’я – інспектары АДАІ і ГГіМ РАУС Яўген і Галіна СТАРАВОЙТАВЫ.

Марыя ШУТ.

Фота аўтара.

 

Print Friendly, PDF & Email