З праверкай па домаўладаннях

Бяспека – гэта тое, аб чым трэба нагадваць пастаянна. Менавіта гэтым з дня ў дзень займаюцца члены аглядальных камісій. У рамках акцыі “Бяспеку – у кожны дом!” начальнік РАНС Віталь ВОРАНАЎ сумесна са спецыялістам па сацыяльнай рабоце РЦСАН у аг. Вялікая Машчаніца Святланай ЖЫРКЕВІЧ праверылі домаўладанні адзінокіх і адзінокапражываючых грамадзян, шматдзетныя сем’і аграгарадка.

Падчас праверкі члены аглядальнай камісіі звярталі ўвагу
         на спраўнасць пячнога ацяплення, электраправодкі. Нагадвалі аб правільнай эксплуатацыі электрапрыбораў, неабходнасці ўстаноўкі пажарнага апавяшчальніка ў тых пакоях, дзе спяць людзі.

У адным з дамоў Віталь Воранаў заўважыў, што паміж печкай і сцяной няма адлегласці.

– Печ трэба ставіць так, каб сцены і прадметы побыту былі на адлегласці ад яе як мінімум на 10 см, – завастрыў ён увагу гаспадыні дома і папрасіў ліквідаваць парушэнне.

Мнагадзетнай маці, якая выхоўвае траіх дзяцей, члены аглядальнай камісіі параілі пакласці электраправодку ў кораб і замацаваць яго так, каб тая не правісала і тым самым не стварала небяспеку для жыхароў дома.

Кожнаму гаспадару домаўладання Віталь Воранаў уручыў памяткі “Бяспеку – у кожны дом!”

– У складзе аглядальнай камісіі знаходжуся ўжо амаль год, – распавяла Святлана Жыркевіч. – За гэты час наведала не адзін дзясятак домаўладанняў. Хачу адзначыць, што людзі сталі прыслухоўвацца да парад членаў аглядальнай камісіі. Калі нейкія парушэнні і маюцца, то ліквідуюць іх своечасова, што вельмі важна.

Марыя ШУТ.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email