Малая радзіма – там,дзе спаўняюцца мары

Маладосць – такі час, калі перад чалавекам адчынены ўсе дзверы. Але ж і адказнасць за будучыню кладзецца на яго плечы, бо свой шлях кожны выбірае сам.

Рысы характару, якія заклалі ў нас бацькі з дзяцінства, могуць толькі дапамагчы ў гэтым ці наадварот… На малой радзіме, у аграгарадку Цяхцін, жыве і працуе Андрэй АНДРЭЙЧЫК. Туды малады чалавек вярнуўся пасля заканчэння ВНУ.

– Усе лепшыя ўспаміны дзяцінства засталіся тут, у родных мясцінах, – прызнаецца Андрэй. – Любілі з сябрамі збірацца разам, гулялі ў футбол і валейбол. Прыемна не толькі ўспомніць. Спартыўная секцыя ў Цяхцінскай школе дзейнічае і па сёння, таму перыядычна наведваю яе.

Пасля дзявятага класа Андрэй Андрэйчык паступіў у Жыліцкі сельскагаспадарчы каледж на спецыяльнасць “Кіраўніцтва ў АПК”, а пасля – у БДСГА, дзе вывучаў эканоміку і права ў аграпрамысловым комплексе. Схільнасць да дакладных навук і аналітычны склад розуму ў гэтым толькі дапамагалі. Па размеркаванні ў мінулым годзе прыйшоў працаваць галоўным эканамістам ААТ “Новая Друць”.

– Тут праходзіў практыку неаднойчы, і вярнуцца вырашыў сюды, дзе ўсе знаёмыя і дзе добра ведаю спецыфіку працы арганізацыі, – тлумачыць малады чалавек. – Аб выбары сваім не шкадую. Тым больш, што зараз атрымліваю другую вышэйшую адукацыю: у Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце вучуся на правазнаўчым факультэце. Правам зацікавіўся таму, што для далейшага прафесійнага росту ў эканамічнай сферы яно проста неабходна.

Падчас вучобы ў акадэміі Андрэй паспеў атрымаць званне кандыдата ў майстры спорту па паўэрліфтынгу. Гэта сілавое трохбор’е, якое ўключае ў сябе прысяданне са штангай на плячах, падыманне штангі лежачы і адрыў яе ад памоста. Такога выніку дабіўся ўжо праз два гады пастаянных трэніровак.

– Насамрэч, гэта даволі траўманебяспечны від спорту, – прызнаўся малады чалавек. – Таму спартыўную кар’еру ў гэтым кірунку пакуль не развіваю. Але цяпер часта наведваю ФАК “Друць”, каб падтрымліваць фізічную форму.

– У нас даволі вялікая сям’я, у якой з дзяцінства навучыліся саступаць і прыслухоўвацца адзін да аднаго. Бацькі выхавалі ў нас такія якасці характару, як павага да старэйшых і ўпартасць у дасягненні пастаўленых мэтаў, – распавядае Андрэй. – Гэта вельмі дапамагае па жыцці і мне, і маім братам, і сёстрам.

У планах на будучыню ў маладога чалавека пабудаваць кар’еру, дзеля чаго ён стараецца кожны дзень вывучаць штосьці новае і ніколі не спыняецца на дасягнутым. А блізкія людзі побач і родныя мясціны надаюць сіл і ўпэўненасці ў сабе.

Алена БЫКАВА.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email