Вялікая і шчырая размова. Аб нашым жыцці

У першы дзень каляндарнай вясны Аляксандр Лукашэнка ў фармаце “Вялікай размовы з Прэзідэнтам” у выставачным комплексе “Белэкспа” сустрэўся з журналістамі, палітолагамі, эканамістамі, работнікамі рэальнага сектара эканомікі, прадстаўнікамі грамадскіх арганізацый і канфесій. У зале таксама прысутнічалі кіраўнікі дзяржаўных органаў і члены ўрада. Адкрытае і шчырае сумоўе доўжылася больш за сем гадзін. Пытанні кіраўніку дзяржавы задаваліся і ў “жывым”, і ў інтэрактыўным фарматах. Гаварылі аб усім: аб незалежнасці, бяспецы, палітыцы, бізнесе, зарплатах і пенсіях, жыллі і будаўніцтве, музыцы і культуры, спорце, нацыянальнай ідэі, адносінах з Расіяй, Кітаем, Украінай…

Павітаўшы ўдзельнікаў сустрэчы, Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што і сёння ўдзел аўтарытэтных спецыялістаў у “Вялікай размове” будзе карысным і плённым.

– Мы шмат разоў працавалі з вамі ў фармаце круглага стала. Вы ведаеце, што ў нашай размове няма такога паняцця, як нязручнае або недарэчнае пытанне. І я заклікаю вас, як і раней, да адкрытага дыялогу, – сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў вялікую важнасць размовы, у якой удзельнічаюць усе – народ, улада, прадстаўнікі беларускай, міжнароднай медыйных супольнасцяў, эксперты ў самых розных сферах.

– Усё, што сёння прагучыць у гэтай зале, стане асновай для падрыхтоўкі важнай для краіны падзеі – штогадовага Паслання Прэзідэнта народу і парламенту.

Нам трэба будзе даць аб’ектыўную ацэнку адносна самых абмяркоўваемых тэм, якія асабліва хвалююць людзей і грамадства. А значыць, патрабуюць растлумачэнняў і адкрытага абмеркавання, – звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. – Таму мы сустракаемся ў прамым эфіры, каб сумленна і адкрыта выказацца, каб потым паменш было скаргаў ад асобных удзельнікаў, што нібыта нешта там купіравалі, нешта выразалі. А па асобных пытаннях нам трэба кампенсаваць няхватку дакладнай інфармацыі, плыня якой штодзень абрушваецца на кожнага з нас.

Аб дэфіцыце кантэнту

і канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі

Нягледзячы на магутнае развіццё медыйнай прасторы, відавочны дэфіцыт кантэнту, які карыстаўся б абсалютным даверам              аўдыторыі.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што адна з мэт сённяшняй сустрэчы – ліквідаваць дэфіцыт інфармацыі, якая абрушваецца на нас.

– Нягледзячы на магутнае развіццё медыйнай прасторы, відавочны дэфіцыт кантэнту, які карыстаўся б абсалютным даверам аўдыторыі, – адзначыў кіраўнік дзяржавы.

На яго думку, адна з прычын – фэйкавыя навіны, што імгненна разлятаюцца і захопліваюць аўдыторыю, бударажаць людзей, хоць потым некаторыя, а, можа, і многія, абвяргаюцца.

– Але градус напружання ў грамадстве не падае. І вы ведаеце, што там, дзе размова ідзе аб вялікай палітыцы, небяспека ад такіх інфармацыйных укідаў павялічваецца шматразова. Роля стрымальнага фактару або сілы ў процівагу тут адведзена аўтарытэтным выданням і журналістам, якія захоўваюць законы прафесійнай этыкі і нормы маралі. Паважаюць сваю            аўдыторыю, даючы магчымасць самастойна зрабіць высновы з матэрыялу навін. Такіх, праўда, застаецца ўсё менш, але ў нас яны ёсць.

Прэзідэнт адзначыў, што ў свеце ідзе інфармацыйная вайна, і падкрэсліў: Беларусь павінна ўмець процістаяць ёй, выкарыстоўваючы розныя метады.

– Будзем удасканальваць канцэпцыю інфармацыйнай бяспекі. Праблему мы бачым і ўжо сёння вырашаем. Канцэпцыю перагледзім і зробім больш строгай, каб вы разумелі, у якім напрамку ўлады будуць дзейнічаць, асабліва напярэдадні прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў, –  сказаў Прэзідэнт.

На яго думку, каб процістаяць інфармацыйным атакам з Захаду або Усходу, трэба ў першую чаргу аб’яднацца ўнутры краіны. Апазіцыя павінна быць канструктыўнай. Інфармацыйную бяспеку ў Беларусі трэба будаваць не за кошт іншых і не за кошт нападкаў на іншых.

Гаворачы пра ўплыў замежных дзяржаў, Аляксандр Лукашэнка  паведаміў, што ў Беларусі ствараюцца сайты з замежным фінансаваннем.

– Нацэлены нібыта на прапаганду расійскіх дасягненняў і, цытую: “Трымаць Беларусь у рамках інтарэсаў Расіі”. Глупства страшнае. Гэта на шкоду робяць – вы разумееце, – падкрэсліў беларускі лідар.

Ён расказаў падрабязнасці пра такія рэсурсы.

– Вось, 12-15 чалавек ствараюць нейкую групу, нейкі сайт у інтэрнэце. І грошы ведаем, хто дае: заплацілі аднаму, заплацілі другому менш, трэцяму – наогул нічога, ён прыходзіць куды трэба, расказвае, што гэта за сайты, хто прыходзіў і хто праплачвае, – адзначыў Прэзідэнт. – Але я яшчэ раз гавару: гэта памылка з боку дзеячаў асобных у Расіі, якія лічаць, што такім чынам Беларусь можна ўтрымаць каля сябе. Нас не трэба гэтым утрымліваць. Мы адукаваны, разумны народ. З намі трэба проста нармальна супрацоўнічаць, не трэба нас папракаць, што мы ў вас нахлебнікі, напрыклад. З намі трэба проста весці нармальныя адносіны. Калі мы з вамі саюз заключылі, не трэба лічыць, што нафту танней або газ танней нам прадалі.

Кіраўнік дзяржавы дадаў, што Беларусь ніколі не будзе ў адрыве ад Расіі.

– Ёсць група людзей, якім усё роўна, як зарабляць грошы. Ім праплачвае нехта там з Расіі – ну і добра. Мы гэта бачым, як бачым такую палітыку з боку нашых суседзяў з Захаду – там яшчэ больш сур’езна. Гэтыя (расійскі бок, – заўвага БелТА) хоць баяцца нас страціць, а тыя спрабуюць нас дэстабілізаваць, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Мы ведаем, пра што яны (Захад, – заўвага БелТА) гавораць, мы ведаем іх планы. Ну добра, звергнуць Лукашэнку – Лукашэнка чужы і іншае – гэта зразумела, яны мяне звяргаюць больш за 20 гадоў і ніяк звергнуць не могуць. Але яны ж праводзяць відавочную антыбеларускую палітыку. І вам на гэта трэба звяртаць увагу. Таму хапае нам і з таго, і з іншага боку. Гэта я ніколі не ўтойваў і не ўтойваю.

Аб нахлебніцтве і саюзе

Беларусь ніколі не была нахлебнікам у Расіі і не будзе.

– Перастаньце нас абвінавачваць у нахлебніцтве. Мы ў вас ніколі не былі нахлебнікамі і не будзем. Калі народ гэта чуе, асабліва я, самалюбівы чалавек, мне не хочацца ніякіх саюзаў, – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, Расія выдала Беларусі крэдыт на будаўніцтва атамнай электрастанцыі пад 4,8 працэнта, В’етнаму – менш за 3 працэнты, Арменіі – таксама менш за 3 працэнты.

– Чаму? – задаў пытанне кіраўнік дзяржавы. – Вось нядаўна мы вярнулі Грэфу (старшыня праўлення Ашчаднага банка Расіі, – заўвага БелТА) крэдыт, які выдалі пад паручыцельства “Беларуськалія” пад 9 % на суму амаль $600 млн. Мы спрабавалі дамовіцца: час прайшоў, працэнты ўпалі. Давайце дамовімся на тых умовах, як нам “ворагі” нашы заходнія крэдыты выдаюць – пад 2 % або КНР – таксама пад 2 %. Нам адмовілі, тады я даручыў ураду неадкладна адшукаць сродкі, аж да золатавалютных рэзерваў, і вярнуць банку гэтыя грошы.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што ў Сочы Прэзідэнт Расіі пачаў гаварыць, што краіна дапамагае Беларусі крэдытамі, адзначыўшы пры гэтым, што праблем з выплатамі па працэнтах няма.

– Так усюды, асабліва па грашах. І я быў вымушаны сказаць: паколькі мы фінішная вытворчасць, на прадпрыемствах, з якімі ў Расіі завязана наша эканоміка, працуе больш за 10 млн чалавек, а з сем’ямі – больш за 40 млн. Таму, падтрымліваючы канечнага вытворцу, а для вас эканоміка Беларусі – гэта канечны вытворца, вы падтрымліваеце і свае прадпрыемствы. Так нават вашы лібералы гавораць, – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. – Таму прабачце, што я так шчыра гавару пра гэта. Мне мой сябар Прэзідэнт і іншыя сябры ў Расіі кажуць, каб не гаварыў гэта публічна. А я гавару, калі не скажу, то ў Расіі ніхто не пачуе. Таму я вымушаны, каб расіяне разумелі, што мы не нахлебнікі, што мы родныя людзі, мы гатовы з вамі супрацоўнічаць.

Беларусі і Расіі неабходна быць разам, аб гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці і экспертнай супольнасці, беларускіх і замежных СМІ.

– Я быў, як мяне ў Расіі называюць, галоўным ініцыятарам нашага саюза. Я заўсёды гаварыў у Расіі і тут, што лёс у нас такі – жыць разам. Азіраючыся назад, гляджу наперад на тых, хто нас акружае, якую яны палітыку праводзяць. Яна аднолькавая, што ў адносінах да Расіі, што ў адносінах да Беларусі. Формы толькі розныя. Таму нам неабходна быць разам, – заявіў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь і Расія – не толькі дзве родныя краіны, але і краіны, звязаныя эканамічна.

Прэзідэнт заўважыў, што за час, які прайшоў пасля распаду Савецкага Саюза, вырасла пакаленне, якое прывыкла жыць у незалежнай дзяржаве, і калі сёння вынесці пытанне на рэферэндум у Беларусі аб аб’яднанні дзвюх дзяржаў і, як многія ў Расіі кажуць, аб уключэнні Беларусі ў склад Расіі, 98 працэнтаў прагаласуюць супраць.

– Не таму, што ў нас грамадства настроена супраць Расіі. Вырасла новае пакаленне, ды і старое зразумела, што мы можам жыць і супрацоўнічаць зусім у іншай форме, як родныя, блізкія. І беларусы сёння хочуць быць разам з Расіяй, але жыць у сваёй кватэры. Што ў гэтым дрэннага? – запытаўся Аляксандр Лукашэнка і дадаў: – Калі мы не здымем праблемы беларуска-расійскіх адносін, якія сёння рубам стаяць, мы аб якіх-небудзь глабальных мэтах, аб аб’яднанні гаварыць нават не павінны. Элементарнае трэба вырашыць. Пакуль кіраўніцтва Расіі, перш за ўсё ўрад, не гатова ісці гэтым шляхам.

Чалавек павінен зарабляць

У Беларусі вельмі шмат зроблена і робіцца, каб чалавек мог зарабляць для сябе і сям’і.

– Мы вельмі шмат зрабілі, каб чалавек мог варушыцца, зарабляць для сябе і сваёй сям’і, – сказаў Прэзідэнт. – Мы стварылі ўсе ўмовы, пачынаючы ад дробнага прадпрымальніцтва да ІТ. У прыватнасці, у сферы прадпрымальніцтва, стварэння новых прадпрыемстваў, асабліва ў вёсцы, створаны беспрэцэдэнтныя ўмовы.

– Цяжка знайсці такую краіну, якая прадаставіла б столькі свабод для прадпрымальніцтва, – заўважыў кіраўнік беларускай дзяржавы. – На працягу дня зарэгістраваўся і ідзі працуй. Яшчэ не было скаргаў наконт бюракратызму.

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка закрануў тэму развіцця Оршы і Аршанскага раёна.

– Нас непакояць сёння не столькі Мінск і абласныя цэнтры па занятасці, працаўладкаванні, нават па даходах насельніцтва… А вось гэтыя гарады, буйныя, прыкладна з колькасцю 100 тыс. чалавек, дзе назбіраліся праблемы. Гэта велізарная колькасць насельніцтва, ім трэба дапамагаць. Таму было вырашана стварыць такі праект на прыкладзе Оршы – тыповага сярэдняга горада, – сказаў Прэзідэнт. – Выйшлі на адзіны ўзор, мы яго цяпер апрабоўваем у Оршы. Пачалася работа ў Барысаве. У Баранавічах, Маладзечна і г.д. пэўныя праблемы, няхай не такія, але існуюць. Мы хочам апрабаваць той шлях, па якім пойдуць такія гарады.

Кіраўнік дзяржавы выказаўся і наконт скарачэння будаўніцтва жылля ў Мінску і развіцця гарадоў-спадарожнікаў.

Тэма сямейнага капіталу нядаўна абмяркоўвалася на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы, узнялі яе і ў ходзе “Вялікай размовы”.

– Рамкі сямейнага капіталу будуць пашыраны. Жыллё, можа яшчэ якімі-небудзь пытаннямі, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Калі цяпер сямейны капітал могуць выкарыстоўваць толькі на здароўе дзіця, адукацыю, то мы яго дамовіліся пашырыць, у бліжэйшы час гэтыя рашэнні будуць прыняты.

Аб нацыянальнай ідэі

Беларусь мае патрэбу ў нацыянальнай ідэі, якую падтрымае ўвесь народ.

– Мы дагэтуль не змаглі выразна сфармуляваць нацыянальную ідэю. Вось такую ідэю, якая захапіла б увесь народ. Усё, што мне прапаноўвалі (патрыятызм, суверэнітэт, незалежнасць у якасці нацыянальнай ідэі, – заўвага БелТА), нешта збіта, нешта не падыходзіць нам, не кладзецца на сэрца і душу, як у народзе кажуць. Быў бы вельмі ўдзячны, калі б нехта сфармуляваў гэту ідэю і пераканаў мяне ў тым, што гэта тое, што трэба, – сказаў Прэзідэнт. Ён таксама прапанаваў вызначыць форму абмеркавання беларускім грамадствам нацыянальнай ідэі, каб яна прыйшлася даспадобы ўсяму народу.

Кіраўнік дзяржавы ўказаў і на недахопы ў ідэалагічнай рабоце ў краіне.

– Час змяніўся, трэба ісці нейкім іншым шляхам, – заявіў ён і адзначыў, што патрэбны фундаментальныя напрамкі, новыя формы яе, напрыклад, флэшмобы, якія павінны быць накіраваны перш за ўсё на моладзь.

         Па матэрыялах БелТА

         падрыхтаваў

         Міхась КАРПЕЧАНКА.

МЕРКАВАННІ БЯЛЫНІЧАН

Іна ІГНАТОВІЧ,

начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама:

– У “Вялікай размове з Прэзідэнтам” было глыбока і дэтальна закранута шмат важных тэм, якія хвалююць грамадства. Ужо тое, што за час двухдзённай акцыі інфармагенцтва БелТА “Ваша пытанне Прэзідэнту” кіраўніку дзяржавы паступіла каля 2 тысяч пытанняў і прапаноў, адказы на якія будуць дадзены ў Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу, сведчыць пра нашу неабыякавасць да міжнароднай і ўнутранай палітыкі дзяржавы, развіцця Саюзнай дзяржавы, ЕЭС, жаданне палепшыць жыццё, актыўнасць грамадзянскай пазіцыі.

Сумоўе ў фармаце такога шырокага круглага стала дазваляе падымаць праблемы, якія наспелі і патрабуюць адказу. Яшчэ раз пераканалася, што зваротная сувязь вельмі важная як для простых людзей, так і для ўлады.

Марыя ШУТ, карэспандэнт “Зары над Друццю”:

– Размова была насамрэч вялікай і адкрытай. Былі дадзены адказы на многія пытанні, якія цікавілі не толькі прадстаўнікоў СМІ, але і жыхароў нашай краіны ў цэлым.

У сілу сваёй прафесіі не магу не пагадзіцца з меркаваннем кіраўніка дзяржавы наконт таго, што журналісты павінны разумець адказнасць за кожнае сказанае слова. І сапраўды, ад якасна падрыхтаванага матэрыяла, сур’ёзнага падыходу да яго напісання залежыць і імідж выдання, і аўтарытэт самога прадстаўніка СМІ.

Фэйкавыя навіны ў поўнай меры здольныя парушыць свядомасць людзей, увесці іх у зман, наўмысна падштурхнуць да абмеркавання іх, і тым самым павялічыць тыраж СМІ. Але, калі такія навіны абвяргаюцца, якое стаўленне будзе ў чытачоў да такіх выданняў?

Працую ў раённай газеце. З-за таго, што горад у нас невялікі, часам даводзіцца звяртацца за інфармацыяй да аднаго чалавека некалькі разоў. І заўсёды пры напісанні матэрыяла прыходзіць усведамленне таго, што падаць яго трэба дакладна і аб’ектыўна, каб у чарговы раз было не сорамна зноў звярнуцца да таго ж рэспандэнта.

Правільна было сказана, што чытач сёння разумны, здольны пасля прачытання літаральна двух артыкулаў ацаніць узровень выдання, зразумець, ці можна давяраць напісанаму на старонках гэтага СМІ. Таму лічу, што каб захаваць аўтарытэт, зрабіць так, каб па прозвішчы журналіста пад артыкулам чытач ужо хацеў прачытаць яго матэрыял, трэба раўняцца на тых майстроў пяра, якія выконваюць законы прафесійнай этыкі і нормы маралі, паважаюць сваю аўдыторыю, імкнуцца да дакладнасці і максімальнай аб’ектыўнасці.

 

Print Friendly, PDF & Email