Карэспандэнт райгазеты запыталася ў жыхароў раёна, што для іх азначае 8 Сакавіка

Карэспандэнт райгазеты запыталася ў жыхароў раёна, што для іх азначае 8 Сакавіка, як яны ставяцца да гэтага свята і якіх традыцый прытрымліваюцца.

Ілья і Таццяна ЦІКУНОВЫ,

сямейная пара.

Ілья:

– 8 Сакавіка – дзень сапраўднай прыгажосці, таму што непрыгожых жанчын не бывае, а ў гэты дзень яны асабліва цудоўныя. Напярэдадні стараюся павіншаваць з надыходзячым святам усіх сваіх знаёмых жанчын, набываю шмат маленькіх паштовачак, якія ўручаю калегам, работніцам арганізацый, з якімі супрацоўнічаю. А ўжо 8 Сакавіка ўвесь дзень прысвячаю любімай жонцы Танюшы. Не забываюся і на родных: матулю, цётку, цешчу. Стараюся іх здзівіць, зрабіць для іх штосьці прыемнае.

Таццяна:

– Для мяне гэта свята вясны і ўсяго прыгожага. Вельмі яго чакаю. Заўсёды ведаю дакладна, што без цюльпанаў (гэта ўжо традыцыя) мяне любімы муж не пакіне. Але больш цікава, што ён прыдумае ў дадатак да букета… Мы любім дарыць адзін аднаму незвычайныя эмацыйныя падарункі, зробленыя сваімі рукамі ці… нагамі. Аднойчы муж сваё віншаванне вытаптаў на снезе! Увогуле, чакаю сюрпрыз.

Дар’я ІВАНОЎСКАЯ,

маладая маці:

– Для мяне гэта сапраўднае свята вясны, якое мы заўсёды адзначаем з сям’ёй, роднымі і блізкімі. У гэты дзень у мяне заўсёды незвычайны, асабліва святочны настрой, які бывае толькі 8 сакавіка. Заўсёды з мужам стараемся павіншаваць бабуль і матуль, збіраемся за святочным сталом. Муж звычайна віншуе вялікім букетам цюльпанаў, самым чаканым і прыемным. Можна нават без падарунка, але шмат цюльпанаў на 8 Сакавіка – гэта абавязкова.

 

 

Раман КОНАНАЎ,

бялынічанін:

– Для мяне 8 Сакавіка – гэта свята ўсіх жанчын. Усе яны вартыя кветак, падарункаў, увагі з боку нас, мужчын. Самы вялікі букет я заўсёды дару сваёй маці, для яе гэта вельмі кранальна, таму што яна – самая любімая жанчына ў маім жыцці. У гэта свята ўсе мужчыны павінны аддаць любімым і блізкім жанчынам усё самае каштоўнае, што ў нас ёсць: каханне, павагу, разуменне, укласці ў кожнае віншаванне часцінку сваёй душы. Хочацца, каб навокал у гэты дзень панавалі любоў і сапраўдная прыгажосць!

 

 

Наталля ЛАЗОЎСКАЯ,

начальнік аддзела ЗАГСу

райвыканкама:

– Міжнародны жаночы дзень – адно з самых светлых, доўгачаканых і любімых святаў. Яно звязана з пачаткам вясны, новых надзей. У гэты дзень, і нават напярэдадні яго, віншую любімых жанчын: маці, бабулю, дачушку, свякроў, сябровак. 8 Сакавіка атрымліваеш цэлае мора віншаванняў проста таму, што ты – жанчына. Лічу, што станоўчыя эмоцыі адчуваюць і мужчыны, калі віншуюць нас. Бо мужчына – гэта архітэктар жыцця, а жанчына – яго дызайнер. Ён будуе, а яна ўпрыгожвае. І быць жанчынай – гэта цудоўна!

 

Андрэй АНДРЭЙЧЫК,

галоўны эканаміст

ААТ “Новая Друць”:

– У Міжнародны жаночы дзень мне падабаецца рабіць падарункі блізкім людзям: маці, сёстрам, сяброўкам. Бачыць радасць у іх вачах – найвялікшая ўзнагарода, якая можа быць. Гэты дзень павінен быць поўным кветак, добрага настрою, самых цёплых слоў і віншаванняў. Мне здаецца, кожная жанчына ў гэты дзень павінна адчуць сябе каханай і самай прыгожай у свеце!

 

 

Мікалай ЛЕСНІК,

дзяржінспектар “Энерганагляду” РУП “Магілёўэнерга”:

– 8 Сакавіка для мяне – гэта свята вясны, кветак. Але самае галоўнае – гэта дзень нашых матуль і жонак. Менавіта спалучэнне ўсяго гэтага стварае добры настрой і надае нейкую душэўнасць. Загадзя рыхтуюся да свята. Складаней за ўсё захаваць у сакрэце працэс падрыхтоўкі: набыццё прадуктаў, падарункаў і прыгожых кветак. Звычайна Міжнародны жаночы дзень мы святкуем разам з любімай жонкай. Традыцыйна сам гатую штосьці смачнае на сняданак, ведаю, што для яе такі клопат вельмі прыемны.

 

 

Яна КАСТРОВА,

вучаніца ДШМ:

– 8 Сакавіка – дзень сапраўдных цудаў! Па-першае, гэта пачатак вясны, цяпла і сонейка. Па-другое, у кожнай жанчыне прачынаецца штосьці светлае, бо ў гэты дзень яна акружана кветкамі, усмешкамі і прыемнымі ўражаннямі, падарункамі і ўвагай. У мужчын у гэты дзень вочы напоўнены незвычайнай дабрынёй. Любіце сваіх матуль, бабуль, сястрычак, бо яны – самае каштоўнае, што ёсць у жыцці!

 

 

 

 

Апытвала Алена БЫКАВА.

 

 

Print Friendly, PDF & Email