Лёс падказаў прысвяціць жыццё творчасці

Існуе меркаванне: чалавек пражывае шчаслівае і паўнавартаснае жыццё, калі рэалізоўвае свой патэнцыял, раскрывае талент. Часам, каб займацца любімай справай, прыходзіцца адмовіцца ад прывычнага ладу жыцця, павярнуць яго ў іншае рэчышча.

Карэспандэнт райгазеты сустрэлася з былым мастацкім кіраўніком народнага ансамбля народнай песні “Вабічанскія ўзоры” Надзеяй ГЕРЧУК, каб паразважаць на гэтыя тэмы.

У 2007 годзе, праз дваццаць гадоў з моманту ўтварэння, ансамбль пад кіраўніцтвам Надзеі Герчук атрымаў ганаровае званне народнага. Дарэчы, з першай спробы. У спісе заслуг таксама шматлікія дыпломы за высокае выканаўчае майстэрства раённага, абласнога і міжнароднага ўзроўняў.

Музычны калектыў фарміраваўся вакол “касцяка” – трох вядучых галасоў: Надзеі ТАРЛЮК, Надзеі Герчук і Валянціны ПАЎЛОВІЧ. Таленавітых спевакоў шукалі сярод аднавяскоўцаў, запрашалі работнікаў школы і дзіцячага садзіка, СВК “Калгас “Радзіма”, ПМК № 83… Некаторыя звярталіся самі з-за жадання спяваць разам. У розныя часы колькасць удзельнікаў “Вабічанскіх узораў” складала і 18, і 25 чалавек. Свае мары аб тым, каб спяваць на сцэне, увасобілі Галіна ІГНАТОВІЧ, Лідзія РАЖКОВА, Людміла СВІРЫДАВА, Валянціна ГАЛАЛОБАВА, Людміла ДАБРАВОЛЬСКАЯ, Марыя ЦІКУНОВА, Ніна КУДРАШОВА, Алена ХАДКЕВІЧ, Святлана КАЗАКОВА і іншыя таленавітыя жыхары Вішова.

На перашкоды стараліся не звяртаць увагі. Клуб у будынку адміністрацыі ПМК № 83, дзе праходзілі шматлікія напружаныя рэпетыцыі, прыйшлося пакінуць                з-за адсутнасці ў ім ацяплення. Але і перабраўшыся ў цеснае памяшканне сельскай бібліятэкі, не разгубіліся. Для артыстаў найперш заўсёды быў творчы працэс, а ўсё астатняе адыходзіла на другі план. Дзякуючы ўпартасці і адданасці сваёй прафесіі калектыў Надзеі Герчук заваяваў прызнанне землякоў і ўсіх, хто неабыякавы да музыкі.

– У рабоце з ансамблем рабілі ўпор на якасць, – падзялілася сакрэтам поспеху Надзея Мікалаеўна. – Адзін музычны нумар маглі рэпеціраваць тры месяцы. У студыі запісваліся з першага разу, бо кожны цвёрда ведаў сваю партыю. Карпатліва займаліся пастаноўкай харэаграфічнай часткі кожнага нумара. Галоўнае, што нас аб’ядноўвае, – любоў да справы, бясконцы энтузіязм і гатоўнасць аддаваць усе сілы і час свайму занятку. Гэта азначае таксама, што адзначаць святы дома з сям’ёй не атрымлівалася, –  у такія дні звычайна праходзіць некалькі выступленняў, а каб якасна падрыхтавацца да іх, прыходзілася працаваць нават па начах. Разуменне, што гэта ахвяра недарэмная, – важная частка захавання творчага запалу. Ну і, канечне ж, падтрымка з боку блізкіх людзей.

Родам Надзея Мікалаеўна з Гомельскай вобласці. Так здарылася ў яе жыцці, што бацькоў яна страціла вельмі рана, калі ёй яшчэ не споўніўся і годзік. Спявала заўсёды, але магчымасці вучыцца ў музыкальнай школе не было, хоць цяга да музыкі з’явілася з самых ранніх гадоў.

– Калі б мела музычную адукацыю з дзяцінства ці юнацтва, здаецца, і горы звярнула б, – кажа спявачка. – Вучылася ў Мінску на кінамеханіка, у музыкальны каледж не паступіла. Але ўдзельнічала ў спеўным конкурсе, і мяне заўважылі. Прапанавалі стаць удзельнікам народнага ансамбля “Нёман” у Гродна.

Наступныя пяць гадоў яна не проста спявала ў “Нёмане” – убірала ў сябе ўсё, што адбывалася навокал. І ўжо тады марыла аб стварэнні ўласнага калектыву, нават бачыла, якімі яркімі будуць іх нумары, прыдумвала сцэнічныя вырашэнні.

Але пачалося звычайнае сямейнае жыццё, нарадзілася дзіця. З мужам пераехалі ў Вішоў, бо не было магчымасці атрымаць жыллё. А тут ім выдзелілі дом. Надзея Мікалаеўна тады працавала брыгадзірам у меліярацыйнай галіне. Была яна і прадаўцом, і ўлікоўцам. Але прыйшоў час мяняць жыццё да лепшага.

– З Валянцінай Паўловіч, былым дырэктарам клуба ПМК № 83, працавалі разам каля 20 гадоў, – кажа Надзея Герчук. – І ўвесь гэты час – душа ў душу. Мяне і раней запрашалі працаваць у клуб, але перашкаджала сарамлівасць і сумненні: не было музыкальнай адукацыі. Аднойчы жаданне займацца любімай справай іх перамагло. Тады з Валянцінай Уладзіміраўнай разам пайшлі ўладкоўвацца на працу ў мясцовы ачаг культуры. Адразу ж паступіла ў Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў на харавое аддзяленне, якое паспяхова скончыла.

Так пачалася гісторыя Надзеі Герчук як спявачкі і мастацкага кіраўніка “Вабічанскіх узораў”. Разам з таленавітым акампаніятарам Валерыем ДЗЕДУШКІНЫМ падбіралі рэпертуар – абавязкова такі, каб да яго ляжала душа.

– Аднойчы ехала ў Бялынічы, і ў салоне аўтамабіля гучала песня з аўдыёкасеты, – успамінае Надзея Мікалаеўна. – Яна так спадабалася, што прыйшлося папрасіць вадзіцеля падарыць мне гэту касету, каб потым раскласці песню на партыі і ўключыць яе ў наш рэпертуар. Дарэчы, уваходзілі ў яго песні аўтарскія і народныя, некаторыя нават былі запісаны падчас фальклорных экспедыцый.

Ніколі Надзея Мікалаеўна не шкадавала часу і сіл на тое, каб з кожнага нумара зрабіць сапраўдную маленькую імпрэзу. І нават уласныя грошы часам ішлі на патрэбы “Вабічанскіх узораў”: неабходны былі і канцэртныя касцюмы, і абутак. Дапамагаў таксама і старшыня СВК “Калгас “Радзіма” Аляксандр ЛАПАЦЕНТАЎ. З ім Надзея Герчук знайшла агульную мову, і амаль кожнае сельскагаспадарчае свята не абыходзіцца і па сёння без спеваў народнага калектыву. Праўленне калгаса выдзеліла грошы на некалькі камплектаў сцэнічных касцюмаў.

Чаму звычайную жанчыну так прывабіла сцэна, і чаму так цёпла станавілася на душы ад песень у яе самой і слухачоў? Напэўна, узяў сваё прыродны дар. Дзед Надзеі Мікалаеўны іграў на баяне, выступаў на вяселлях, а бабуля прыгожа спявала. Землякі распавядалі, што маці Надзеі была не проста добрай спявачкай: калі зацягвала песню, яе голас быў чутны па ўсёй вёсцы.

– Марыла аб тым, каб нарадзіць дачку і вырасціць яе музыкантам, – прызналася Надзея Мікалаеўна. – І жаданне гэта спраўдзілася. Дачка Анжаліка запатрабавала адвесці яе ў музыкальную школу яшчэ да таго, як пайшла ў першы клас. Зараз яна скончыла кансерваторыю і жыве ў Аўстрыі. Мае ўнукі Рэбека і Маціас таксама іграюць на музычных інструментах, іх хваляць настаўнікі. Можна сказаць, што яны музыканты як мінімум у пятым пакаленні. А сын працуе ў СВК “Калгас “Радзіма”, ён – перадавік. Так што дзецьмі, канечне, ганаруся.

Ужо каля чатырох гадоў Надзея Герчук знаходзіцца на пенсіі, але выступленні “Вабічанскіх узораў” перыядычна наведвае і цяпер, падтрымлівае сувязь з былымі калегамі. Кватэру Надзеі Мікалаеўны ў Вішове ўпрыгожваюць малюнкі і падзелкі былых вучаніц, з якімі і па сёння звязваюць цёплыя адносіны. Бо калісьці яна сыграла важную ролю ў іх жыцці: дапамагла раскрыцца, паверыць у сябе, падзялілася ўласным творчым запалам.

Прыслухацца да сябе і сваіх жаданняў падчас не дазваляюць жыццёвыя абставіны: трэба забяспечваць сям’ю, а сфера, у якой хочацца развівацца, здаецца бесперспектыўнай. Аднойчы наступіў такі момант, калі Надзея Герчук перастала адчуваць страх і пайшла за сваёй марай. Не толькі не пашкадавала, але і ўпэўнена ў тым, што жыццё набыло колеры шчасця дзякуючы любімай справе.

Алена БЫКАВА.

Фота Святланы МАГІЛЕЎЧЫК.

Print Friendly, PDF & Email