Спявалі, танцавалі і блінамі частавалі

Кожнага, хто застаўся верны традыцыям і прыняў удзел у масленічных гуляннях, якія прайшлі ў суботу на пляцоўках каля кінатэатраЗоркаў райцэнтры і каля Алеі Славы ў аграгарадку Вішоў.

Праграмы свята былі насычаныя і разнастайныя. Бялынічане, напрыклад, маглі паўдзельнічаць у бяспройгрышных латарэях, якія падрыхтавалі прадстаўнікі раённага мастацкага музея і бібліятэкі. У апошніх, дарэчы, можна было пачаставацца карысным  фітачаем і блінамі з мёдам.

Дзеці знайшлі сабе забавы па душы на гульнявой пляцоўцы МЦ “Ветразь”, а таксама з задавальненнем прынялі ўдзел у акцыі РАНС “Дзень бяспекі. Увага ўсім!”. Ратавальнікі прапаноўвалі ім прымерыць баявую форму, далі магчымасць паглядзець знутры пажарную машыну, паказвалі, як карыстацца вогнетушыцелем, адпрацоўвалі алгарытм вызаву пажарных.

Работнікі ФАКу “Друць” далі магчымасць удзельнікам свята спаборнічаць у дартсе і падыманні гіры.

Падсілкавацца можна было ў гандлёвым пункце райспажыўтаварыства, дзе пакупнікам прапаноўвалі гарачыя піражкі, шашлыкі і, вядома ж, бліны. Таксама быў арганізаваны продаж хлебабулачнай і кандытарскай прадукцыі аддзела прамысловасці райста.

Па старой традыцыі кульмінацыяй гулянняў стала спальванне чучала Масленіцы. Работнікі РЦК арганізавалі для гасцей свята цікавы канцэрт з песнямі, танцамі і гульнямі.

Конкурсамі, песнямі і карагодамі праводзілі зіму ў аграгарадку Вішоў. Жыхары і прыезджыя госці яго мелі магчымасць праверыць свае сілы ў армрэслінгу, падыманні гіры, перацягванні каната і іншых выпрабаваннях на прызы СВК “Калгас “Радзіма”. Пачастункі ў выглядзе гарачага чая, бліноў з масліцам, бутэрбродаў і юшкі прапаноўвалі бясплатна ўдзельнікам мерапрыемства працаўнікі сталовай сельгаспрадпрыемства.

Таксама ўсе жадаючыя маглі пакатацца на святочна ўпрыгожаных павозках і паўдзельнічаць у тэатральным прадстаўленні, арганізаваным работнікамі Вішоўскага СЦК і ВЧ.

У самы разгар свята над аграгарадком праляцеў клін дзікіх гусей, якія вярталіся з выраю. А гэта значыць – хутка вясна!

Больш фота глядзіце тут.

                     Марыя ШУТ.

                     Фота аўтара

                     і Святланы МАГІЛЕЎЧЫК.

 

Print Friendly, PDF & Email