Творчая, актыўная і заўсёды пазітыўная

Зразумела, што ў пяць гадоў дзіця не можа ведаць, якую прафесію выбера сабе ў будучым, кім стане, па якім шляху пойдзе… Але нават у такім узросце праяўляюцца ўжо рысы характару, інтарэсы да таго ці іншага занятку. Гледзячы на чарговую гераіню нашага творчага праекта – выхаванку дзіцячага садзіка № 7 г. Бялынічы Праскоўю СПАДАБАЕВУ – можна быць упэўненым, што яна звяжа сваё жыццё з творчай прафесіяй.

У старшай групе, дзе выхавальніцай працуе Аксана МЯСНІКАВА, захоўваецца шмат малюнкаў Параскевы. І падчас прыходу журналіста дзяўчынка была занятая стварэннем чарговага – малявала героя з мультфільма, які паглядзела напярэдадні.

Спачатку на белым аркушы паперы былі банальныя геаметрычныя фігуры, якія за лічаныя хвіліны ператварыліся ў Кроша з мультфільма “Смяшарыкi”.

– Маляванне – гэта яе самае галоўнае захапленне, – сцвярджае Аксана Іванаўна. – У Параскевы добрая фантазія, таму і работы атрымліваюцца заўсёды разнастайнымі. – У іх можна ўбачыць прыроду малой радзімы, членаў сям’і Параскевы, герояў папулярных дзіцячых мульцікаў і інш.

Асаблівую ўвагу ў малюнках дзяўчынка надае чалавечым тварам. Прадстаўніцы жаночага полу ў яе работах заўсёды з макіяжам. Дзяўчынка распавяла, што ёй падабаецца назіраць за работай візажыстаў па тэлевізары або ў інтэрнэце. Таму на Новы год Дзед Мароз падарыў пачынаючаму майстру цэлы набор для яе маленькага салона прыгажосці, куды ў любы час могуць прыйсці мама Ірына Віктараўна і старэйшая сястра Варвара на макіяж, манікюр ці педыкюр.

– Ёй падабаецца ўсё ўпрыгожваць, – адзначыла Ірына Спадабаева. – Нягледзячы на свой узрост, Параскева ўжо разумее правільнасць нанясення касметыкі. Таму жаночая палова нашай сям’і заўсёды звяртаецца да яе за парадай.

Цяга да стварэння яркіх вобразаў можа быць звязана і з тым, што Праскоўя захапляецца тэатральна-мастацкай дзейнасцю. Наведвае гурток па гэтым кірунку на базе дзіцячага садзіка. І ўжо не раз спрабавала сябе ў ролі актрысы. У дзвюх апошніх пастаноўках дзяўчынка сыграла ролю Лісічкі і Снягуркі.

– Праскоўя хутка ўжываецца ў ролю свайго героя, –  адзначыла Аксана Мяснікава. – Часам глядзіш на яе падчас выступленняў і думаеш, што гэта дзіця народжана для сцэны. Вывучыць словы героя ёй нескладана, нават вялікія маналогі маленькая актрыса засвойвае з лёгкасцю.

Здаецца, адкуль столькі энергіі і часу ў такога маленькага чалавека? Але сакрэт гэты раскрыла мама Праскоўі. Яна расказала, што ў свой час таксама актыўна ўдзельнічала ў мастацкай самадзейнасці.

– Магчыма, дачцэ гэта перадалося па спадчыне, – мяркуе яна. – Варвара ў нас таксама актыўная. З малых гадоў наведвае ўзорны вакальны ансамбль “Акварэлькі”, туды ж прывяла за сабой і Параскеву.

Дарэчы, ужо ў тры гады яна першы раз выйшла на сцэну.

– Мяне не палохае вялікая колькасць гледачоў, наадварот, люблю, калі на мяне глядзяць, а потым апладзіруюць, – адзначыла сама дзяўчынка.

У вольны час Параскева не супраць заняцца спортам. Яна добра катаецца на каньках, дома займаецца на бегавой дарожцы.

– На каток мы ходзім па выхадных усёй сям’ёй, – падзялілася сямейнай традыцыяй Праскоўя.

Любоў да спорту, па яе словах, прывіў ёй бацька.

Так, пераняўшы ад маці творчыя здольнасці, ад бацькі – спартыўныя, у дзяўчынкі сёння шмат захапленняў, на якія заўсёды хапае часу.

– Хачу адзначыць, што бацькі Праскоўі ў гэтым плане малайцы. Яны заўсёды імкнуцца разбавіць свой вольны час чымсьці цікавым і пазнавальным, і тым самым падаюць добры прыклад сваім дзеткам, – падкрэсліла Аксана Мяснікава.

Марыя ШУТ.

                                 Фота аўтара

                                 і з асабістага архіва

                                   сям’і Спадабаевых.

Print Friendly, PDF & Email