Галоўны дакумент у самы важны дзень

15 сакавіка, у Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, лепшыя прадстаўнікі моладзі Бялыніччыны ў рамках акцыі “Мы – грамадзяне Беларусі” атрымалі пашпарты на ўрачыстым мерапрыемстве ў РЦК.

Сёлета адзначалася юбілейная дата – 25 гадоў з дня прыняцця галоўнага дакумента краіны. Чвэрць веку беларусы пражылі ў міры, карыстаючыся замацаванымі ў Канстытуцыі правамі і выконваючы абавязкі перад дзяржавай і грамадзянамі. Святочнае мерапрыемства ў РЦК было прысвечана моладзі – юным бялынічанам. Павіншаваць іх прыйшлі намеснік старшыні райвыканкама Ірына ФУРСАВА, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Іна ІГНАТОВІЧ, першы сакратар райкама КПБ Інэса ЗАЙКОЎСКАЯ, ветэран педагагічнай працы Анатоль ДУНЧАНКА, інспектар групы па грамадзянстве і міграцыі РАУС Галіна СТАРАВОЙТАВА.

У фае РЦК цікавую віктарыну з салодкімі прызамі правялі актывісты БРСМ. Фотазону і выставу малюнкаў на тэму малой радзімы падрыхтавалі супрацоўнікі МЦ “Ветразь”.

– Годна нясіце па жыцці ганаровае званне грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, – пажадала моладзі намеснік старшыні райвыканкама Ірына Фурсава. – І далей стаўце перад сабой самыя высокія, добрыя мэты і старайцеся іх дасягнуць.

У гэты дзень пашпарты былі ўручаны больш чым дваццаці пяці маладым людзям. Гэта тыя актыўныя і перспектыўныя хлопчыкі і дзяўчынкі, якія праявілі сябе ў вучобе, спорце, грамадскім жыцці, і жадаюць бачыць сваю краіну паспяховай і квітнеючай.

Сваімі ўражаннямі ад атрымання пашпарта ў такой святочнай атмасферы падзялілася вучаніца СШ № 2 Юлія ПАРФЯНОВІЧ:

– Вельмі прыемна, што мы сабраліся тут з такой радаснай нагоды. Сёння я, як і ўсе мае равеснікі, адчуваю, наколькі пасталела. Усе мы маем вялікія планы на жыццё і сілы, каб іх рэалізоўваць, рабіць краіну прыгажэйшай, квітнеючай.

– Дзе б вы ні знаходзіліся, – выказаў словы жыццёвай мудрасці Анатоль Дунчанка, – заўсёды памятайце, грамадзянамі якой краіны вы з’яўляецеся, рабіце ўсё для таго, каб праславіць родную Беларусь, сваю малую радзіму.

Пазітыўны настрой для ўдзельнікаў мерапрыемства стварылі артысты РЦК, музычныя нумары якіх аб родным краі кранулі сэрцы рабят.

Алена БЫКАВА.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email