Разгледзелі вынікі года

На пасяджэнні калегіі Камітэта дзяржаўнага кантролю Магілёўскай вобласці разгледжаны вынікі працы за 2018 год і вызначаны задачы на бліжэйшую перспектыву.

Асноўныя намаганні Камітэта былі сканцэнтраваны на арганізацыі прафілактыкі правапарушэнняў, кантролі за эфектыўным выкарыстаннем бюджэтных сродкаў і дзяржмаёмасці, выяўленні       рэзерваў павышэння эфектыўнасці дзейнасці галін эканомікі, выпрацоўцы прапаноў па ўдасканаленні заканадаўства. У мінулым годзе дзяржаўнымі кантралёрамі праведзена амаль у 2 разы менш праверак, чым у 2017 годзе. Пры гэтым атрымалася павялічыць іх выніковасць. У бюджэт спагнана 6,9 млн руб., кампенсавана сродкаў дзяржарганізацыям у памеры 13,2 млн руб., даналічана падаткаў – 4,8 млн руб.

Па матэрыялах Камітэта вобласці распачаты 75 крымінальных спраў, з іх 40 – па выніках сумеснай працы з УДФР КДК Рэспублікі Беларусь па Магілёўскай вобласці. Па выніках кантрольна-аналітычных мерапрыемстваў ад займаемых пасад вызвалены 13 службовых асоб, да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 601.

Адным з асноўных напрамкаў дзейнасці Камітэта з’яўляўся кантроль за выкананнем даручэнняў кіраўніка дзяржавы, дзяржаўных, рэгіянальных і галіновых праграм. У гэтых мэтах калегіяй Камітэта разгледжана 51 тэматычнае пытанне, выпрацаваны канкрэтныя прапановы дзяржорганам і суб’ектам гаспадарання. На пастаяннай аснове ў Камітэце арганізавана правядзенне маніторынгаў і аўдытаў эфектыўнасці найбольш важных сфер сацыяльна-эканамічнага развіцця вобласці, па выніках якіх адпаведныя прапановы накіроўваліся ў мясцовыя органы ўлады, дзяржорганы і арганізацыі для прыняцця мер. Праводзілася работа па прафілактыцы правапарушэнняў і праз СМІ, у тым ліку аглядныя матэрыялы праверак публікаваліся ў ведамасным  часопісе “Дзяржаўны кантроль: аналіз і практыка”.

Важнае месца адводзілася працы са зваротамі грамадзян. Працягвалася практыка правядзення сумесных асабістых прыёмаў і прамых тэлефонных ліній старшынёй Камітэта з пракурорам вобласці. Па выніках кантролю і разгляду зваротаў Камітэтам да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 3 службовыя асобы, да дысцыплінарнай – 20, з іх 2 вызвалены ад займаных пасадаў, праваахоўнымі органамі распачаты 2 крымінальныя справы.

У бягучым годзе Камітэт працягвае кантроль за выкарыстаннем мясцовых бюджэтаў, карыстаннем дзяржуласнасцю, рэалізацыяй важнейшых інвестыцыйных і інавацыйных праектаў, ходам правядзення мадэрнізацыі валаўтваральных і горадаўтваральных прадпрыемстваў, выкананнем зямельнага, ляснога і прыродаахоўнага заканадаўстваў, заканадаўства ў сферы дзяржзакупак. Працягнецца маніторынг сітуацыі ў будаўнічым комплексе і ЖКГ, на рынку працы і інш.

    Алег САДОЎСКІ,

    старшыня Камітэта

    дзяржкантролю

    Магілёўскай вобласці.

 

Print Friendly, PDF & Email