Мары заўсёды збываюцца

 

Днямі ў дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў завіталі незвычайныя госці. Яны прывезлі гуманітарную дапамогу ў выглядзе… мальбертаў, палатна, фарбаў і пэндзляў.

Увогуле, да жыхароў гэтай сацыяльнай установы з мэтай аказання дапамогі госці завітваюць нярэдка, але з такой місіяй – упершыню.

У доме-інтэрнаце пражываюць людзі, якія, нягледзячы на некаторыя фізічныя абмежаванні, актыўна займаюцца творчасцю. У мінулым годзе карціны самадзейных мастакоў Мікалая КОЗЫРАВА і Уладзіміра ЗЕЛЯНЕЎСКАГА прымалі ўдзел у творчым конкурсе газеты “Зара над Друццю” “Мая Радзіма”. У размове з Уладзімірам Зелянеўскім карэспандэнт раённай газеты даведалася, што ў яго ёсць мара маляваць алейнымі фарбамі, але няма магчымасці іх купіць. Гэтай праблемай журналіст падзялілася з праектным каардынатарам Магілёўскага ГДГА “Благо” Святланай МАКАРАНКА. Яна паабяцала знайсці магчымасць дапамагчы.

Адно з хрысціянскіх аб’яднанняў цэркваў ЗША ўключыла гэты даволі незвычайны заказ у склад гуманітарнага груза, які накіроўваўся ў Беларусь. Прадстаўнікі аб’яднання і ГДГА “Благо” на чале з яго дырэктарам Дзмітрыем КАНЦАВЕНКАМ завіталі ў дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў і ўручылі самадзейным мастакам каштоўныя падарункі.

Дарэчы, ГДГА “Благо” цесна супрацоўнічае з адміністрацыяй дома-інтэрната, аказваючы не толькі матэрыяльную дапамогу па набыцці сродкаў рэабілітацыі і гігіены, але і маральную – арганізуюць канцэрты, забаўляльныя мерапрыемствы.

                                                             Ганна КАВАЛЁВА.

            Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email