Пацярпеў на пажары…
Чалавечая нядбайнасць у мінулыя выхадныя прывяла да бяды – у пажары, які адбыўся ў в. Малая Машчаніца з-за загарання сухой расліннасці, пацярпеў супрацоўнік РАНС. У барацьбе з агнём ён атрымаў апёкі і быў дастаўлены ў аддзяленне рэанімацыі і анестэзіялогіі ЦРБ.
Аб пажары паведамілі ў цэнтр аператыўнага кіравання РАНС у суботу а 16 гадзіне. Да месца ўзгарання былі накіраваны восем адзінак пажарнай тэхнікі.
Хуткае распаўсюджванне агню абумоўлівалася моцным ветрам і пастаянным змяненнем яго кірунку.
Дзякуючы дзеянням пажарных і дапамозе мясцовага насельніцтва агонь удалося спыніць. Прычына пажару высвятляецца, але, па словах відавочцаў, яго распаўсюджванне пачалося ад узбочыны дарогі.
Звяртаем увагу, што з пачатку бягучага пажаранебяспечнага перыяду супрацоўнікі РАНС 36 разоў выязджалі на загаранне смецця, сухой расліннасці і хмызнякоў. Толькі за мінулыя выхадныя ў РАНС паступілі 13 паведамленняў аб узгараннях. Пры правядзенні праверак да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 7 грамадзян, якія не выконвалі правілы бяспекі пры спальванні смецця, што і прывяло да бескантрольнага распаўсюджвання агню.
Нагадваем жыхарам і гасцям раёна аб захаванні правілаў пажарнай бяспекі і асцярожным абыходжанні з агнём, бо любая непатушаная запалка ці цыгарэта можа прывесці да загарання сухой расліннасці. У сукупнасці з моцным ветрам агонь можа знішчыць цэлыя вёскі і прывесці да гібелі людзей.
Кацярына ЛЮБІВАЯ,
інспектар ГПіУГ РАНС.