Падвялі вынікі

Камітэтам дзяржкантролю Магілёўскай вобласці падведзены вынікі кантролю за ходам зімовастойлавага ўтрымання жывёлы ў гаспадарках рэгіёну.

Яго вынікі паказалі, што ў вобласці ў цэлым забяспечана правядзенне зімоўкі жывёлы на неабходным узроўні.

Разам з тым, у большасці з 73 правераных сельгасарганізацый выяўляліся хібы і недахопы, якія негатыўным чынам  уплывалі на якасць утрымання жывёлы.

З улікам прапаноў, унесеных абласным Камітэтам дзяржкантролю Магілёўскаму аблвыканкаму, райвыканкамам па выніках кантролю, на 23 жывёлагадоўчых аб’ектах ліквідаваны недахопы: уцеплены брамы, адрамантаваны дахі, зашклёны вокны, праведзены дэзынфекцыя і пабелка хлявоў, адрамантаваны непрацуючыя паілкі і інш. На 19 фермах прыняты дадатковыя меры па вывазцы гною, замене подсцілкі для жывёлы, арганізацыі належнага паення яе. За дапушчаныя недахопы да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнуты 27 службовых асоб.

Пасля ўмяшальніцтва Камітэта ў шэрагу сельгасарганізацый прыняты меры па закупцы адсутных камбікармоў. Разам з тым, праблемы невыканання рацыёнаў кармлення па-ранейшаму актуальныя для больш чым паловы гаспадарак.

У многіх з іх (да прыкладу, у ААТ “Абідавічы” Быхаўскага, СЗАТ “Горы” Горацкага, КСУП “Наша “Радзіма” Слаўгарадскага раёнаў) у мэтах эканоміі канцэнтраваныя кармы скормліваюць толькі дойнаму пагалоўю і цялятам ва ўзросце да трох месяцаў, у асобных сельгасарганізацыях іх хапае толькі цялятам (ААТ “Глуская Зара” Глускага, ААТ “Дрыбін-Агра” Дрыбінскага раёнаў і іншыя).

Праблему непаўнавартаснага кармлення ў шэрагу гаспадарак пагаршае дэфіцыт уласных травяных кармоў. На гэты час іх вымушаную перакідку ўжо ажыццяўляюць 5 сельгасарганізацый Бабруйскага, Быхаўскага, Горацкага і Магілёўскага раёнаў.

                                 Юрый ФРАЛОЎ,

                                 першы намеснік старшыні Камітэта

                                   дзяржкантролю Магілёўскай вобласці.

Print Friendly, PDF & Email