У першыя дні красавіка пачалася пасяўная кампанія ў ААТ “Аграсэрвіс”

У першыя дні красавіка пачалася пасяўная кампанія ў ААТ “Аграсэрвіс”. Усе сілы аграрыі прыкладаюць для таго, каб закласці падмурак добраму ўраджаю. А калі падчас працы можна разлічваць не толькі на падтрымку калег, але і на бацькава плячо, вынікі будуць яшчэ лепшыя.

Уладзімір КІСЯЛЁЎ – вопытны механізатар таварыства. Для свайго сына Віталя ён ва ўсім з’яўляецца прыкладам, аўтарытэтам, стараецца перадаць яму веды і свой багаты вопыт. З маленства Віталь палюбіў працу на зямлі, таму і вырашыў, як бацька, стаць хлебаробам. Зараз ён заканчвае 4 курс Клічаўскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа, дзе вучыцца на факультэце тэхнічнага забеспячэння працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці.

– Гэту сферу дзейнасці ведаў яшчэ задоўга да паступлення ў каледж, – распавядае Віталь Кісялёў. – Прайшло ўжо размеркаванне, першае працоўнае месца атрымаю тут жа, у ААТ “Аграсэрвіс”. І побач з домам, і, калі што, ёсць у каго спытаць парады.

Карэспандэнт райгазеты пазнаёмілася з сям’ёй хлебаробаў, калі тыя сеялі авёс на полі каля вёскі Хвойна.

– Спачатку сын культывіруе глебу, а потым на пасяўным агрэгаце Rabe раблю сваю частку справы, – кажа Уладзімір Міхайлавіч. – Так мы працуем у адным звяне. Віталь – самы добры і старанны памочнік. Акрамя таго, заўсёды цікавіцца нюансамі любых вытворчых працэсаў. Бачу па ім, што выбраная прафесія яму падабаецца, да справы падыходзіць адказна, з энтузіязмам.

Па стане на 8 красавіка Віталь Кісялёў пракультываваў 125 га глебы, Уладзімір Кісялёў засеяў 150 га. Дзённую норму працы сын выконвае на 125 %, а бацька – на 130 %.

Напэўна, ніхто лепш за роднага бацьку не навучыць разбірацца ў тонкасцях працы на зямлі, не выхавае з дзяцінства тыя рысы характару, якія неабходны для гэтага. Таму можна сказаць, што Уладзіміру і Віталю Кісялёвым пашанцавала праходзіць гэты шлях разам.

Дарэчы, па словах галоўнага агранома гаспадаркі Анастасіі СТАРАВОЙТАВАЙ, зараз поўным ходам ідзе падкормка азімых, вядзецца пратручванне насення. Плануецца пасадзіць 800 га кукурузы, 200 з якіх пойдзе на зерне, і 630 га яравых зерневых культур.

Алена БЫКАВА.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email