Напачатку студзеня бягучага года прынята Пастанова Савета Міністраў № 22 “Аб прызнанні дзяцей знаходзячыміся ў сацыяльна небяспечным становішчы”. Аб тым, якія змены адбыліся ў заканадаўстве, расказала ў інтэрв’ю журналісту райгазеты “Зара над Друццю” намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Таццяна МЯКШЫНА.
– Таццяна Уладзіміраўна, раскажыце, што змянілася з прыняццем новай пастановы?
– У адпаведнасці з новаўвядзеннямі, замест шасці крытэрыяў сацыяльна небяспечнага становішча непаўналетніх будуць прымяняцца наступныя. У выпадках, калі бацькі:
– не задавальняюць асноўныя жыццёвыя патрэбы дзяцей у харчаванні, медыцынскім забеспячэнні, атрыманні абавязковай базавай адукацыі;
– не забяспечваюць пражыванне дзяцей у жылых памяшканнях, якія адпавядаюць патрабаванням пажарнай бяспекі;
– не сочаць за паводзінамі дзіця і яго ладам жыцця, з прычыны чаго ён робіць адміністрацыйныя правапарушэнні або злачынствы;
– вядуць амаральны лад жыцця, што аказвае шкоднае ўздзеянне на дзiця:
– злоўжываюць сваімі правамі і жорстка абыходзяцца з непаўналетнімі, і такія адносіны складаюць небяспеку для іх жыцця і здароўя.
Калі раней непаўналетніх прызнавалі знаходзячыміся ў сацыяльна небяспечным становішчы на савеце прафілактыкі ўстановы адукацыі, у якой ён навучаецца, то зараз прымаць падобныя рашэнні, вызначаць мерапрыемствы, абавязковыя для выканання бацькамі і дзяржаўнымі органамі, будзе каардынацыйны савет, які створаны ў райвыканкаме.
– Што ўяўляе сабой каардынацыйны савет?
– Ён з’яўляецца пастаянна дзеючым калегiяльным органам па выпрацоўцы і ажыццяўленні ўзгодненых мерапрыемстваў, накіраваных на абарону правоў і законных інтарэсаў дзяцей у сацыяльна небяспечных сем’ях.
У склад савета ўваходзяць намеснікі старшыняў райвыканкама, КСН, галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі райвыканкама, іншыя члены з ліку кіраўнікоў ці намеснікаў аддзелаў па адукацыі, унутраных спраў, архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, упраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне, ЦРБ, РАНС, аддзела прымусовага выканання, а таксама пракурор раёна.
– А хто ўдзельнічае ў выяўленні дзяцей, якія пасля прызнаюцца знаходзячыміся ў сацыяльна небяспечным становішчы?
– У выяўленні гэтай катэгорыі дзяцей прымаюць удзел спецыялісты тых арганізацый і ўстаноў, якія ўваходзяць у склад каардынацыйнага савета.
Інфармацыя пра выяўленне неспрыяльнай для дзяцей абстаноўкі накіроўваецца ў аддзел па адукацыі райвыканкама, які, у сваю чаргу, інфармуе школу ці дзіцячы сад, дзе навучаецца альбо выхоўваецца дзіця, сацыяльна-педагагічны цэнтр, калі непаўналетні не дасягнуў трохгадовага ўзросту.
Пасля гэтага работнікі ўстановы адукацыі або СПЦ праводзяць сацыяльнае расследаванне, якое ўключае ў сябе абследаванне ўмоў пражывання і выхавання дзіця, збіраюць інфармацыю аб непаўналетнім, яго бацьках.
Па выніках расследавання рыхтуецца абагульненая інфармацыя, якая разглядаецца на пасяджэнні савета па прафілактыцы ва ўстанове адукацыі.
У тым выпадку, калі падчас праверкі выяўляюцца крытэрыі і паказчыкі сацыяльна небяспечнага становішча непаўналетняга, накіроўваецца хадайніцтва ў раённы каардынацыйны савет, які прымае рашэнне аб прызнанні дзіця знаходзячымся ў сацыяльна небяспечным становішчы і вызначае мерапрыемствы па ліквідацыі прычын і ўмоў, што пацягнулі за сабой стварэнне неспрыяльнай для непаўналетняга абстаноўкі.
Штоквартальна на пасяджэннях каардынацыйнага савета разглядаецца ход выканання такіх мерапрыемстваў.
Па стане на 1 сакавіка бягучага года ў банку дадзеных аддзела па адукацыі райвыканкама налічваецца 77 дзяцей з 30 сем’яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.
Марыя ШУТ.
Фота аўтара.