На базе СВК “Калгас “Радзіма” прайшоў выязны практычны семінар для маладых спецыялістаў АПК Магілёўшчыны

На базе СВК “Калгас “Радзіма” прайшоў выязны практычны семінар для маладых спецыялістаў АПК Магілёўшчыны, якія знаходзяцца ў перспектыўным кадравым рэзерве аблвыканкама, а таксама ў рэзерве кадраў на пасады кіраўнікоў сельскагаспадарчых арганізацый.

Выязны семінар-практыкум на тэму: “Веды і ўменні кіраўніка – зарука эфектыўнай працы арганізацыі” распачаўся ў Магілёве сустрэчай яго ўдзельнікаў з губернатарам Леанідам ЗАЙЦАМ.

– Работнікі аграпрамысловага сектара Беларусі кормяць не толькі краіну, але і паспяхова прадаюць лішкі сельгаспрадукцыі іншым дзяржавам. Гэта стала магчымым дзякуючы прафесійнай працы кадраў усіх звенняў і кірункаў. Дасягнутыя вынікі неабходна цаніць, паважаць і прымнажаць, – падкрэсліў старшыня Магілёўскага аблвыканкама.

Ён таксама заўважыў, што ў Беларусі надаецца вялікая і сур’ёзная ўвага падрыхтоўцы спецыялістаў розных галін. Як не губляе сваю актуальнасць і вядомы ўсім лозунг “Кадры вырашаюць усё!”. І калі гаспадарку ўзначальвае пісьменны лідар, падабраныя думаючыя, камунікатыўныя, энергічныя спецыялісты сярэдняга звяна, якія ўмеюць развівацца, вучыцца, пераймаць лепшы вопыт, то ў такога сельгаспрадпрыемства ёсць будучыня, перспектывы ўпэўненага росту.

Звяртаючыся да аграрнай моладзі, якая прыехала на семінар з усіх куткоў Прыдняпроўскага краю, Леанід Заяц адзначыў:

– Кожны з вас ужо скончыў ВНУ, свядома выбраўшы прафесію ў сельскагаспадарчай галіне. Вы патрэбныя рэгіёну, у якім нарадзіліся і выраслі, патрэбныя нашай краіне. Пастаянна працуйце над сабой, фармуйце лідарскія якасці, жывіце па сумленні, не будзьце ганарыстымі. Тады вас абавязкова запаважаюць людзі, а кіраўнікі ўбачаць перспектыўных спецыялістаў, якія не шкадуюць сябе дзеля поспеху агульнай справы.

Затым спецыялісты АПК Магілёўшчыны, якія знаходзяцца ў перспектыўным кадравым рэзерве аблвыканкама, а таксама ў рэзерве кадраў на пасады кіраўнікоў сельскагаспадарчых арганізацый, накіраваліся ў Вішоў, каб вывучаць перадавы вопыт работы па сацыяльна-эканамічным развіцці аграпрамысловага комплексу ў сучасных умовах на прыкладзе лепшага на Магілёўшчыне і аднаго з лепшых у краіне СВК “Калгас “Радзіма”. Тут пад кіраўніцтвам Заслужанага работніка сельскай гаспадаркі Беларусі, кавалера ордэнаў Айчыны ІІІ ступені, Працоўнага Чырвонага Сцяга Аляксандра ЛАПАЦЕНТАВА працуе дружная, высокапрафесійная каманда аднадумцаў. Эканамічна моцная, фінансава ўстойлівая і ўзорная гаспадарка вызначаецца развітымі вытворчай, сацыяльнай сферамі, а ўзровень жыцця калгаснікаў даўно параўняўся з гарадскімі. Вельмі важна і тое, што кіраўнік, спецыялісты і работнікі перадавога ў Беларусі сельгаспрадпрыемства актыўна дзеляцца сваімі напрацоўкамі.

Старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магаблвыканкама Віктар ВІТКОЎСКІ, прадстаўляючы маладой і перспектыўнай аўдыторыі аграрыяў Прыдняпроўскага краю Аляксандра Лапацентава, назваў яго “чалавекам-легендай, які сам сябе зрабіў”, і парэкамендаваў семінарыстам уважліва вывучыць вішоўскі вопыт гаспадарання, узаемаадносін і ўзяць яго на ўзбраенне.

 

– Вучыцеся, глядзіце, як трэба працаваць на зямлі і з людзьмі, – параіў маладым калегам Віктар Іванавіч.

А ў СВК “Калгас “Радзіма” і асабіста ў Аляксандра Лапацентава ёсць чаму павучыцца, як і ёсць што пераняць.

Калектыў гэтага сельгаспрадпрыемства цягам апошніх гадоў не толькі стварыў і працягвае развіваць магутную матэрыяльна-тэхнічную базу, што вызначае фарватар далейшага сацыяльна-эканамічнага руху гаспадаркі, але поруч з гэтым належную ўвагу надае і гэтак званаму чалавечаму фактару. Па вялікім рахунку, без увагі да кадраў, матывацыі іх да высока-прадукцыйнай працы на сучаснай тэхніцы і найноўшым тэхналагічным абсталяванні, можа, і не  было б тых уражваючых рэальных вынікаў працы.

Сардэчна вітаючы гасцей у прасторнай зале мясцовага сельскага Цэнтра культуры і вольнага часу, Аляксандр Лапацентаў ва ўласцівай яму манеры весці гутарку з лёгкім жартам заклікаў маладых калег унікаць ва ўсе тонкасці і дэталі пабачанага тут, задаваць пытанні, распытваць, выказваць уласныя меркаванні.

– Вучыцца не толькі не сорамна, але і ніколі не позна, – сказаў Аляксандр Міхайлавіч. – Я ўсё сваё жыццё вучуся. І гэтым толькі ганаруся! Вычытаю, напрыклад, у газеце ці часопісе якую-небудзь навінку, абавязкова туды паеду, нягледзячы на сотні кіламетраў, каб бліжэй азнаёміцца, разабрацца. Трэба пераймаць і ўкараняць лепшае, бо гэта няспынны рух наперад. 

У гаспадарцы шмат зроблена і робіцца па ўмацаванні і развіцці эканомікі сельгаспрадпрыемства, нарошчванні яе матэрыяльна-тэхнічнага, тэхналагічнага і кадравага патэнцыялу. Тут у разы павялічылі аб’ёмы вытворчасці валавой сельгаспрадукцыі, значна абнавіўся машынна-трактарны парк, праведзена маштабная рэканструкцыя малочнатаварных і жывёлагадоўчых комплексаў і ферм, створаны новыя вытворчасці.

За апошнія гады работнікі, напрыклад, жывёлагадоўчай галіны сельгаскааператыва дабіліся такіх бліскучых вытворчых поспехаў, аб якіх нават не марылася яшчэ дзесяцігоддзе таму. Толькі, для прыкладу, агульная колькасць буйной рагатай жывёлы перавысіла 9000 галоў, у тым ліку больш за         2 тысячы кароў, якая, да слова сказаць, знаходзіцца на круглагадовым стойлавым доглядзе і зімовым рацыёне. Дарэчы, запас травяных кармоў тут створаны на два гады. Кожны дзень на перапрацоўку адпраўляецца да 45 тон малака, за год вырошчваецца каля 2 тысяч тон ялавічыны.

У жывёлагадоўчай галіне гаспадаркі забяспечаны высокі ўзровень механізацыі і аўтаматызацыі, на фермы прыйшлі камп’ютары, сучасныя даільныя залы, што дазваляе атрымліваць станоўчую рэнтабельнасць прадукцыі. Сямітысячныя надоі ад кожнай каровы сталі для аператараў машыннага даення СВК “Калгас “Радзіма” звычайнай нормай, а сярэднясутачнае прыбаўленне ў вазе буйной рагатай жывёлы набліжаецца да кілаграма.

Рост аб’ёмаў вытворчасці сельгаспрадукцыі, выкарыстанне малазатратных тэхналогій, эканомія і гаспадарлівасць сталі надзейным падмуркам не толькі для пастаяннага павелічэння заработнай платы, але і набыцця сучаснай тэхнікі, што дазваляе ўкараняць найсучаснейшыя тэхналогіі ў раслінаводства, корманарыхтоўку, жывёлагадоўлю. Напрыклад, рэнтабельнасць па асноўным відзе дзейнасці за мінулы год забяспечана на ўзроўні 31,1 працэнта, продаж – 17,8 %, а сярэднямесячная зарплата работнікаў склала 1215 рублёў.

Складнікі любога поспеху відавочныя. Найперш, трэба ўсім сэрцам любіць тую справу, якой займаешся. А ў СВК “Калгас “Радзіма” ў дадатак да гэтага яшчэ дзейнічае і ўнікальная сістэма матывацыі работнікаў, пры якой на кожны зароблены імі рубель налічваецца па 1 рублю 10 капеек даплат, створаны добрыя ўмовы для замацавання моладзі (з 282 працаўнікоў 94 – маладыя людзі. Амаль 90 працэнтаў работнікаў гаспадаркі складаюць ураджэнцы Вішова і навакольных паселішчаў), аказваецца падтрымка ёй і пенсіянерам гаспадаркі, якія працуюць.

– Моладзь займае самую сур’ёзную пазіцыю ў нашым сельгаспрадпрыемстве, – канстатаваў Аляксандр Лапацентаў. – І мы ёй ганарымся. У век імклівага развіцця тэхналогій маладыя людзі добра “падкаваныя”, яны і адаптуюцца хутчэй.

Усе маладыя спецыялісты забяспечваюцца камфортным жыллём, а гаспадарка цягам двух гадоў аплачвае маладым сем’ям камунальныя паслугі. Тыя з іх, хто вырашыў парабіць пяць гадоў, мае магчымасць пакарыстацца бязвыплатным крэдытам у дзве з паловай тысячы рублёў. Прываблівае моладзь такая дапамога. На кожным пасяджэнні праўлення разглядаюцца па дзве-тры адпаведныя заявы.

Семінарыстаў зацікавілі таксама партнёрскія ўзаемаадносіны гаспадаркі і мясцовых школы, дзіцячага садка, СЦКіВЧ, праваслаўнага прыходу, арганізацыя свят, сістэма даплат працаўнікам сельгаспрадпрыемства і іншыя актуальныя тэмы вопыту калгаса ў паўсядзённым жыцці і працы. 

Закраналася і тэма беражлівасці, эканоміі. Кіраўнік гаспадаркі падкрэсліў важнасць яе ў штодзённай дзейнасці і спаслаўся на канкрэтныя прыклады. Адзін з іх – гэта комплекс па вырошчванні маладняку буйной рагатай жывёлы, што знаходзіцца ў вёсцы Саглассе. Цяляты там утрымліваюцца ў вольным выгуле. А 1200 галоў іх даглядаюць усяго толькі двое жывёлаводаў. Адно вытворчае памяшканне за суткі расходуе 0,4 кілавата электраэнергіі. Пабудавалі хлявы, а іх чатыры, па ўласным праекце сваімі сіламі з мясцовых матэрыялаў і пры мінімальных затратах. У сярэднім, узвядзенне аднаго хлева абышлося калгасу ў 5 тысяч рублёў.

Аляксандр Лапацентаў звярнуў увагу маладых калег і на тое, што 95 працэнтаў вытворчых памяшканняў, збудаванняў і пабудоў, у тым ліку і некалькі малочнатаварных комплексаў з даільнымі заламі, Дом культуры, царква, амфітэатр, былі пабудаваныя гаспадарчым спосабам, што ў некалькі разоў танней, чым абышлося б па генпадрадзе. Згадаў ён і калгасны камбікормавы завод, устаноўку па атрыманні рапсавага алею і жмыху, які выкарыстоўваецца для кармлення жывёлы. Таксама парэкамендаваў семінарыстам падчас наведання малочнатаварнага комплексу на 540 галоў БРЖ у вёсцы Старое Сяло, на якім завяршаецца рэканструкцыя, звярнуць увагу на выкарыстаныя матэрыялы і якасць выканання будаўнічых работ. Удыхнула ў старыя пабудовы другое жыццё зноў жа калгасная будаўнічая брыгада. Кіраўнік гаспадаркі расказаў, што жывёлагадоўчы комплекс “Усход” эксплуатуецца больш за чатыры дзясяткі гадоў і праслужыць яшчэ столькі, калі не больш. Уразіў семінарыстаў і той факт, што 99 працэнтаў калгаснай тэхнікі пажыццёва замацавана за механізатарамі. Яна стала, умоўна кажучы, іх асабістай. Таму і адносіны механізатараў да свайго трактара ці сельгасагрэгата асаблівыя, бо зарабляе на іх для сям’і грошы. Таму і падаўжаецца тэрмін іх эксплуатацыі.

Пасля сустрэчы ў Вішоўскім СЦКіВЧ удзельнікі выязнога семінара-практыкума наведалі машынны двор, алею Славы гаспадаркі, музей, ферму па гадоўлі маладняку буйной рагатай жывёлы ў вёсцы Саглассе, а таксама пазнаёміліся з ходам правядзення ператварэння малочнатаварнай фермы ў сучасны высокатэхналагічны комплекс у вёсцы Старое Сяло.

У Вішоўскай СШ дацэнт Інстытута дзяржаўнай службы Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, кандыдат псіхалагічных навук Наталля АЗАРОНАК правяла для маладых спецыялістаў занятак з элементамі псіхалагічнай дыягностыкі па асновах паспяховага лідарства. Пра антыкарупцыйнае заканадаўства ім расказала лектар Магілёўскай абласной арганізацыі РДГА “Веды”, падпалкоўнік юстыцыі ў запасе Алена КРАЎЧАНКА.

Завяршыўся семінар падвядзеннем яго вынікаў. У фармаце “адкрытага мікрафона” ўдзельнікі яго абмяняліся асабістымі ўражаннямі ад пабачанага і пачутага ў СВК “Калгас “Радзіма”, падзяліліся думкамі па актуальных пытаннях развіцця аграпрамысловага комплексу Магілёўскай вобласці, станаўлення эфектыўнага кіраўніка ў сучасных умовах.

МЕРКАВАННІ

Аляксандр РУМЯНЦАЎ,

галоўны аграном па ахове раслін, Краснаполле:

– Задаволены, што пашчасціла так блізка пазнаёміцца з унікальным вопытам дзейнасці СВК “Калгас “Радзіма”. Тут працуе вельмі з’яднаны калектыў творчых аднадумцаў – як спецыялістаў, так і работнікаў. А гэта сур’ёзная сіла, якой па плячы самыя вялікія справы. Многа што з пабачанага і пачутага занатаваў у нататніку. Ёсць над чым папрацаваць мне ў сваім калектыве.

Руслан МАСЛАК,

галоўны інжынер ААТ “Палыкавічы”, Магілёўскі раён:

– Мне вельмі імпануе вернасць Аляксандра Лапацентава, працаўнікоў СВК “Калгас “Радзіма” роднай зямлі, іх шчырая праца на ёй. Аляксандр Міхайлавіч глядзіць далёка наперад, калі так сур’ёзна працуе са школьнікамі, аказвае падтрымку мясцовай сацыяльнай сферы, па-бацькоўску клапоціцца пра моладзь і давярае ёй самую сучасную тэхніку, адказныя пасады.

З гэтай паездкі вынес для сябе наступнае: не трэба шукаць лёгкіх шляхоў, неабходна ставіць перад сабой мэты і, нягледзячы на ўсе цяжкасці, упарта і настойліва дасягаць іх. Трэба быць з людзьмі, рабіць для іх штосьці добрае і абавязкова трымаць дадзенае ім слова.

Міхась КАРПЕЧАНКА.

Фота аўтара.

 

Print Friendly, PDF & Email