Акурат за 75 дзён да Дня вызвалення Беларусі ад нямецка—фашысцкіх захопнікаў у кінатэатры “Зорка” адбыўся літаратурна—гістарычны экскурс “75 кадраў вайны”, які падрыхтавалі работнікі і выхаванцы МЦ “Ветразь”.
Напярэдадні такой значнай даты для ўсёй нашай краіны маладое пакаленне паказала, якой яно ўяўляе тую страшэнную вайну, што перажылі нашы дзеды і прадзеды. Кранаючымі выступленнямі даказала, што ведае гісторыю сваёй краіны, шануе тое, што было створана продкамі для нашага паспяховага жыцця пад мірным небам над галавой.
З пачуццём страху, які адчувалі людзі таго часу, перажываннямі за іх цяжкі лёс дзеці расказвалі вершы, ставілі інсцэніроўкі, спявалі песні… Іх эмоцыі не пакінулі абыякавым ніводнага гледача ў зале. Падчас выступленняў панавала цішыня, бо размовам пра паўсядзённае жыццё там не было месца.
Асаблівая ўвага надавалася дзецям вайны.
– Дзеці – гэта пачатак новага жыцця, надзея на шчасце і радасць, гэта мірнае сонечнае неба, тата і маці, якія заўсёды побач, прыгожыя цацкі, гульні і святы… А вайна – смерць, разруха, знішчэнне ўсяго жывога і нежывога на зямлі. Таму словы гэтыя несумяшчальныя і ніколі не павінны стаяць побач адно з адным, – падкрэсліла вядучая мерапрыемства.
“Две строчки” Аляксандра Твардоўскага, “Вы смотрели в глаза тех детей…” Кацярыны Кірылавай, “Мальчик из села Поповки” Самуіла Маршака, “Маці” Аркадзя Куляшова і іншыя вядомыя вершы, радкі якіх прасякнутыя жалем і спачуваннем, прачыталі юныя дэкламатары.
У рамках рэспубліканскай акцыі “Беларусь помніць. Жаночы твар Перамогі”, арганізаванай па ініцыятыве Беларускага Саюза жанчын, увазе гледачоў быў прадстаўлены відэафільм аб нашых жанчынах-зямлячках і іх нялёгкіх лёсах.
– Старанні і цікавасць нашых выхаванцаў да тэмы вайны дазволілі дабіцца таго эфекту, які мы і хацелі выклікаць у гледачоў, – адзначыла дырэктар МЦ “Ветразь” Іна ВІННІКАВА. – Лічу, што мерапрыемства атрымалася сапраўды незвычайным. Гэта пацвердзілі і водгукі гледачоў. Яно дало магчымасць акунуцца ў той час, у думках выпрабаваць усе нягоды, якія перажылі дзеці вайны, жанчыны, а таксама прадстаўнікі моцнай паловы чалавецтва.
Марыя ШУТ.
Фота аўтара.