Напярэдадні свята Вясны і Працы адбылося ўрачыстае адкрыццё абноўленай раённай Дошкі гонару

Напярэдадні свята Вясны і Працы адбылося ўрачыстае адкрыццё абноўленай раённай Дошкі гонару.

Пачэснае месца на ёй занялі фотаздымкі людзей, якія ў 2018 годзе дасягнулі высокіх вынікаў у сваёй прафесійнай дзейнасці, тых, хто ўнёс важкі ўклад у развіццё і працвітанне нашага раёна. Зразумела, што за іх дасягненнямі стаяць годы карпатлівай працы, кожны з іх – гонар і здабытак Прыдруцкага краю.

Адкрываючы такое знакавае для Бялыніччыны мерапрыемства, старшыня райвыканкама Анатоль ШЧУПЛЯНКОЎ адзначыў, што дабрабыт жыхароў нашага раёна і краіны ў цэлым залежыць ад кожнага з нас.

– Вырашыць праблемы, пераадолець цяжкасці мы можам толькі дзякуючы паўсядзённай эфектыўнай працы і самааддачы, – падкрэсліў ён. – Занесеныя на Дошку гонару перадавікі – гонар нашага горада і раёна. Іх праца – яркі жыццёвы прыклад для будучых пакаленняў. Менавіта дзякуючы ім мы сёння можам казаць пра поспехі і дасягненні нашага краю.

Анатоль Леанідавіч выказаў словы шчырай падзякі ўсім тым, хто сваёй працай забяспечвае ўстойлівае жыццё рэгіёна. Ён пажадаў ім новых поспехаў і дасягненняў і ўручыў пасведчанні аб занясенні на раённую Дошку гонару тым кіраўнікам і працаўнікам арганізацый і прадпрыемстваў раёна, хто дасягнуў высокіх вынікаў у розных сферах народнай гаспадаркі.

Са словамі шчырай падзякі да прысутных звярнулася старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў, якія ўваходзяць у ФПБ, Святлана ПАТАПЧЫК.

– Жыхары Бялыніцкага раёна заўсёды ўмелі працаваць на карысць сваёй краіны. Добрасумленным стаўленнем да працы, прафесійнымі дасягненнямі мы з кожным годам робім наш родны край яшчэ больш прыгажэй і прывабней, – адзначыла яна.

За актыўны ўдзел у прафсаюзным жыцці, добрасумленную працу, у сувязі са святам 1 Мая і 115-годдзем прафсаюзнага руху Беларусі граматамі прэзідыума савета райаб’яднання прафсаюзаў, якія ўваходзяць у ФПБ, і грашовымі сертыфікатамі, ганаровымі граматамі райкама прафсаюза АПК з уручэннем грашовых прэмій, граматамі і падзячнымі лістамі пярвічных прафсаюзных арганізацый узнагароджаны актывісты і ветэраны прафсаюзнага руху.

Пасля ўручэння пасведчанняў і ўзнагарод адбылося традыцыйнае ўскладанне кветак да помнікаў Героям Сацыялістычнай Працы, якія ўстаноўлены ў Ліпавым гаі.

Тэкст і фота Марыі ШУТ.

Print Friendly, PDF & Email